Выбрать главу

Дзяўчына Спак, якая спала ў каморцы побач з залай, прачнулася аднойчы ноччу таму, што нейкі прадмет гучна стукнуўся аб сценку, каля якой стаяў яе ложак, а потым скаціўся на падлогу. Не паспела яна апамятацца, як зноў пачуўся стук і зноў штосьці пакацілася па падлозе, а потым усё паўтарылася яшчэ двойчы.

— Госпадзі Божа мой, што гэта ён там задумаў? — уздыхнула аканомка, таму што адразу зразумела, хто віноўнік усёй гэтай сумятні.

Так, суседства з ім было зусім не з прыемных. Усю ноч напралёт яна ляжала, абліваючыся халодным потам і баючыся, што прывід Генерала зойдзе і пачне яе душыць.

Калі раніцай яна пайшла ў залу паглядзець, што там здарылася, то паклікала з сабой і кухарку і пакаёўку. Але нічога там не было разбіта, не відаць было якога-небудзь беспарадку, не лічачы таго, што пасярод залы на падлозе ляжалі чатыры яблыкі. Як жа гэта яны так схібілі! Якраз напярэдадні вечарам усе, седзячы каля каміна, елі яблыкі і чатыры яблыкі пакінулі на каміннай дошцы. Ды гэта яўна не спадабалася Генералу. Дзяўчыне Спак давялося згладзіць сваю нядбайнасць бяссоннай ноччу.

З іншага боку, дзяўчына Спак ніколі на магла забыцца, як аднойчы ёй давялося сутыкнуцца з сапраўднай дружалюбнасцю Генерала.

У маёнтку Хедэбю быў званы абед з мноствам гасцей. Дзяўчына Спак стамілася ад клопатаў — мяса на ражнах, лёгкае пячэнне і паштэты ў духоўцы, кацялкі з булёнам і патэльні з падліўкай на пліце. Але і гэтага мала. Аканомцы давялося асабіста прысутнічаць у зале і наглядаць за тым, як накрываюць стол; ёй давялося прыняць серабро, якое ўласнаручна выдала па падліку баранэса. Патурбавалася яна і аб тым, каб віно і піва дасталі са склепа і каб уставілі свечкі ў люстры. Калі ж яшчэ ўзяць пад увагу, што кухня ў Хедэбю знаходзілася ў аддаленым флігелі і, каб патрапіць туды, трэба было бегчы цераз увесь двор, што з-за гэтага ўрачыстага выпадку кухня была бітком набіта прышлымі, да таго ж і нявопытнымі слугамі, то можна сабе ўявіць, што кіраваць усім гэтым павінен быў чалавек умелы.

Але ўсё ішло без сучка, без задзірынкі, як і належала таму быць. На бакалах не было ні плямкі, а ў паштэтах нясвежых вантробаў, піва пенілася, булён быў у меру прыпраўлены, а кава ў меру моцная. Дзяўчына Спак змагла паказаць, на што яна здатная, і сама баранэса, адпускаючы ёй кампліменты, сказала, што лепш і быць не магло.

Аднак тут аканомку напаткаў жахлівы і нечакавы ўдар. Збіраючыся вярнуць баранэсе серабро, яна хапілася, што нестае дзвюх лыжак — сталовай і маленькай.

Усе перапалохаліся. Па тых часах нічога горшага, чым прапажа серабра, у доме здарыцца не магло. У Хедэбю пачалося ліхаманкавае хваляванне і ўсеагульная сумятня. Усе толькі і рабілі, што шукалі прапажу. Успомнілі, што нейкая старая цыганка была на кухні ў той самы дзень, калі ў Хедэбю банкетавалі, і гатовы былі ехаць у далёкія фінскія лясы[22], каб схапіць яе. Усе сталі падазроныя і безразважныя. Гаспадыня падазравала аканомку, аканомка — служанак, служанкі — адна адну і ўвесь белы свет. То адна, то іншая прыходзіла з пачырванелымі ад слёз вачыма, бо думала, што падазраюць якраз яе ў крадзяжы гэтых дзвюх лыжак.

Гэта працягвалася некалькі дзён, аднак так нічога і не знайшлі, і дзяўчына Спак пачала адчайвацца. Яна пабывала ў свінарніку і абшукала свіное карыта з пойлам, жадаючы паглядзець, ці не трапілі туды лыжкі. Яна крадком прабралася на гарышча, дзе служанкі трымалі сваё адзенне, і тайком перакапала іх маленькія куфэркі. Усё было марна, і дзе шукаць яшчэ — не ведала. Аканомка заўважыла, што баранэса з усімі дамачадцамі падазраюць яе, нетутэйшую. Дзяўчына разумела, што яе звольняць з пасады, калі не адмовіцца сама.

Схіліўшыся над плітой, дзяўчына Спак стаяла на кухні і плакала так горка, што слёзы яе капалі ўніз і шыпелі на гарачай пліце. Раптам яна адчула, што ёй трэба павярнуцца. Так яна і зрабіла і нечакана ўбачыла, што каля сцяны стаіць Генерал, паказваючы рукой на паліцу, якая была прыладжана так высока і так нязручна, што нікому ніколі не прыходзіла ў галаву класці туды што-небудзь.

Генерал знік, як і заўсёды, у той самы момант, калі і з'явіўся, але дзяўчына Спак вырашыла праверыць яго падказку. Выцягнуўшы з кладоўкі лесвіцу, яна прыставіла яе да паліцы, узлезла на самы верх, працягнула руку і намацала старую пасудную анучу. Ды ў гэту брудную анучу былі загорнуты абедзве сярэбраныя лыжкі.

вернуться

22

Маецца на ўвазе глухі лясны раён на поўначы Вермланда, месца пасялення фінскіх каланістаў, якія жылі ў вялікай галечы.