Як яны туды трапілі? Безумоўна, гэта здарылася без чыйго-небудзь ведама і намеру. У неверагоднай сумятні на такім банкеце магло здарыцца ўсё, што хочаш. Анучу зашпурнулі на паліцу, напэўна таму, што яна трапіла пад ногі, а сярэбраныя лыжкі апынуліся там разам з ёю, прычым ніхто гэтага не заўважыў.
Але цяпер яны зноўку знайшліся, і дзяўчына Спак, ззяючы ад шчасця, аднесла іх баранэсе і па-ранейшаму стала яе правай рукой і памочніцай.
Няма ліха без дабра. Вярнуўшыся дамоў вясной, малады барон Адрыян пачуў тое, што Генерал выказаў дзяўчыне Спак сваю нечуваную прыхільнасць; і Адрыян адразу ж пачаў адносіцца да яе з асаблівай увагай. Ён вельмі часта наведваўся да яе ў буфетную ці на кухню. То ён з'яўляўся пад маркай, што яму неабходна новая леска для вуды, то казаў, што яго прывабіў прыемны пах толькі што спечаных булачак. Пры гэтым ён заўсёды пераводзіў размову на прадметы незвычайныя. Ён схіляў аканомку расказваць яму гісторыі аб прывідах, якія вадзіліся ў багатых сёрмландскіх маёнтках, такіх, як Юліта, Эрыксберг, жадаючы выведаць, якое ў яе меркаванне аб гэтым.
Але часцей за ўсё яму хацелася пагаварыць пра Генерала. Ён казаў ёй, што не можа разважаць пра яго з іншымі, бо яны ўспрымаюць яго толькі з жартоўнага боку. А ён спачувае няшчаснаму прывіду і хоча дапамагчы яму знайсці вечны спакой. Толькі б ведаць, як да гэтага падступіцца!
Тут дзяўчына Спак заўважыла: на яе сціплае меркаванне, у маёнтку ёсць штосьці такое, што шукае Генерал.
Малады барон злёгку збялеў і дапытліва паглядзеў на аканомку.
— Ma foi[23], паненка Спак! — усклікнуў ён. — Гэта цалкам магчыма! Але запэўніваю вас, калі б мы мелі тут, у Хедэбю, тое, чаго дамагаецца Генерал, то неадкладна б яму гэта аддалі!
Дзяўчына Спак, вядома, вельмі добра разумела, што барон Адрыян наведвае яе толькі дзеля прывіду, але ён быў такі далікатны малады чалавек і такі прыгожы! Ды, калі ўжо гаварыць шчыра — нават больш чым прыгожы! Ён хадзіў, крыху схіліўшы наперад галаву, а ва ўсім ягоным абліччы было штосьці задуменнае. Так, многія нават лічылі, што ён не па гадах сур'ёзны. Але меркавалі так толькі таму, што не ведалі яго. Часам ён раптоўна ўскідваў галаву, жартаваў і прыдумваў розныя свавольствы не ў параўнанне з іншымі. Ды за што б ён ні браўся — у яго руках, голасе, усмешцы была нейкая невымоўная чароўнасць.
Аднойчы летам, у нядзелю, дзяўчына Спак была ў царкве. Дамоў яна вярталася самым кароткім шляхам — па сцяжынцы, якая ішла наўскасяк цераз агароджу пастарскай сядзібы. Сёй-той з прыхаджан, выйшаўшы з царквы, таксама пайшоў па гэтай жа сцяжынцы, а аканомка, спяшаючыся ў маёнтак, абагнала жанчыну, якая ішла значна павольней, чым яна. Хутка дзяўчына Спак падышла да пералаза, па якім цяжка было перабрацца цераз агароджу, і, як заўсёды паслужлівая, яна падумала пра больш павольную падарожніцу і спынілася, каб дапамагчы ёй. Працягнуўшы жанчыне руку, аканомка заўважыла, што тая зусім не такая старая, як падалося здалёку. Скура ў яе была на рэдкасць гладкая і белая, таму дзяўчына Спак вырашыла — магчыма ёй не больш за пяцьдзесят. Хоць з выгляду яна была ўсяго толькі простай сялянкай, але трымалася з гонарам, быццам ёй давялося перажыць нешта такое, што ўзвышала яе над уласным саслоўем.
Пасля таго як аканомка дапамагала жанчыне перабрацца цераз агароджу, яны пайшлі побач па вузкай сцяжыне.
— Вы, паненка, відаць, тая самая, што кіруе гаспадаркай ў Хедэбю, — сказала сялянка.
— Так, — пацвердзіла дзяўчына Спак.
— Я мяркую, добра вам там жывецца?
— А чаму б мне жыць дрэнна на такім добрым месцы! — стрымана запярэчыла аканомка.
— Ды ў народзе кажуць, быццам у Хедэбю штосьці творыцца.
— Не варта верыць людскім плёткам, — павучальна заўважыла аканомка.
— Не варта, напэўна, не варта, ужо я ведаю! — пагадзілася субяседніца.
Яны памаўчалі. Мабыць, жанчына гэта штосьці ведала, і, шчыра кажучы, дзяўчына Спак гарэла жаданнем параспытваць яе. Але гэта было б нядобра і не да твару ёй.
Першая зноў завяла размову жанчына.
— Здаецца мне, што вы, паненка слаўная, — прамовіла яна, — і таму я хачу даць вам добрую параду: не затрымлівайцеся доўга ў Хедэбю. Бо з тым, хто там блукае, жарты дрэнныя. Ён не адступіцца, пакуль не даможацца свайго.
Спачатку дзяўчына Спак намервалася крыху пагардліва падзякаваць за перасцярогу, але апошнія словы незнаёмай жанчыны абудзілі ў яе цікавасць.
— А што ж яму трэба? Вы ведаеце, што яму трэба?
— Няўжо вам, паненка, пра гэта невядома? — запыталася сялянка. — Тады я ні слова больш не вымаўлю. Можа, так яно і лепей для вас, што вы нічога не ведаеце.