Выбрать главу

Яны накіраваліся дамоў і вось якраз тут, на дарозе, павярнуўшыся спінай да могільніка, Борду Бордсану і выкінуць бы з галавы думкі аб генеральскай грабніцы, ды дзе ўжо там. Жонка ўсё гаварыла аб пахаванні: аб труне і аб тых, хто яе нёс, аб пахавальнай працэсіі і аб надмагільных прамовах. А ён час ад часу ўстаўляў слоўца, каб не заўважыла яна, што ён нічога не бачыць і не чуе. Жончын голас гучаў дзесьці далёка. А ў галаве ў Борда ўсё круціліся адны і тыя ж думкі: «Сягоння ў нас нядзеля, і, мабыць, муляр не захоча замуроўваць склеп у свой вольны дзень. Але раз так, ротмістр мог бы даць далакопу далер, каб той папільнаваў магілу ноччу. Эх, каб ён здагадаўся гэта зрабіць!»

Нечакана Борд Бордсан пачаў размаўляць услых сам з сабой:

— Што ні кажы, а трэба было мне пайсці да ротмістра! Так, трэба было! Такая важнасць, калі б людзі і паднялі мяне на смех!

Ён зусім забыўся, што побач з ім ішла жонка, і апамятаўся, толькі калі яна раптам спынілася і ўтаропілася ў яго.

— Ды нічога, — сказаў ён. — Гэта я ўсё над той справай галаву ламаю.

Яны зноў пакрочылі дадому і хутка апынуліся ў сябе ў Меламстузе.

Ён спадзяваўся, што хоць тут ужо пазбавіцца ад трывожных думак, і так яно, можа, і было б, калі б ён узяўся за якую-небудзь работу; але дзень жа быў нядзельны… Паабедаўшы, жыхары Меламстугі разышліся хто куды. Ён адзін застаўся сядзець у пакоі, і на яго зноў напаў ранейшы роздум.

Трохі счакаўшы, ён падняўся з лавы, выйшаў на двор і пачысціў каня скрабніцай, намерваючыся з'ездзіць у Хедэбю і пагаварыць з ротмістрам. «Інакш пярсцёнак украдуць сягоння ж ноччу», — падумаў ён.

Аднак ажыццявіць свой намер яму не давялося. Ён быў чалавек нясмелы. Замест таго ён пайшоў да суседа на двор пагаварыць аб тым, што яго непакоіла, але сусед быў не адзін, і Борд па сваёй празмернай нясмеласці зноў не адважыўся пачаць размову. Ён вярнуўся дамоў, так і не сказаўшы ні слова.

Як толькі сонца зайшло, ён улёгся ў ложак, збіраючыся адразу ж заснуць. Але сон не ішоў да яго. Зноў вярнулася хваляванне, і ён усё круціўся ды варочаўся ў ложку.

Жонцы, безумоўна, таксама было не да сну, і хутка яна пачала распытваць, што з ім такое.

— Ды нічога, — па сваёй звычцы адказваў ён. — Вось толькі справа адна ў мяне з галавы не выходзіць.

— Так, чула я сягоння пра гэта не аднойчы, — прамовіла жонка, — цяпер давай выкладвай, што задумаў. Ужо ж не такія, пэўна, небяспечныя справы ў цябе ў галаве, каб нельга было пра іх мне расказаць.

Пачуўшы гэтыя словы, Борд уявіў, што ён тут жа засне, калі раскажа жонцы.

— Ды вось ляжу я і ўсё думаю, — сказаў ён, — ці замуравалі генералаў склеп, ці ён усю ноч прастаіць адкрыты.

Жонка засмяялася.

— І я пра гэта думала, — сказала яна, — і здаецца мне, што кожны, хто быў сягоння ў царкве, аб гэтым жа думае. Але чаго ж табе з-за гэтакай справы не спіцца?

Борд узрадаваўся, што жонка не прыняла яго словы блізка да сэрца. У яго стала на душы больш спакойна, і ён рашыў быў, што цяпер ужо абавязкова засне.

Але як толькі ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усіх бакоў, з усіх хацін падкрадваюцца да яго чалавечыя цені. Усе яны выйшлі з адным і тым жа тайным намерам, усе накіроўваюцца да могільніка і да таго самага адкрытага склепа.

Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава і пот праняў. І нехаця ён пачаў круціцца і варочацца ў ложку.

Нарэшце ў жонкі цярплівасці не хапіла, і яна нібы жартам кінула яму:

— Далібог, мужычок, ці не лепей ужо табе самому схадзіць на могільнік ды паглядзець, ці ўсё добра з магілай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы.

Не паспела яна вымавіць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелі і пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзіны. Праз гадзіну ён вернецца дамоў і спакойна праспіць усю ноч напралёт.

Ды не паспеў ён выйсці за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могільніку, калі ён пойдзе туды адзін-адзінюсенькі. Яна жвава ўскочыла і гэтак жа быстра надзела сукенку.

Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокі, Борд зарагатаў.

— За мной пайшла, даведацца, ці не сцягну я генералаў пярсцёнак? — запытаўся ён.

— Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нічога такога ў цябе і ў думках няма. Я пайшла толькі каб быць з табой, калі прад табой з'явіцца могільнікавы дух ці конь-мярцвяк[7].

вернуться

7

У Швецыі існуе паданне пра каня, які калісьці быў пахаваны на могілках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах і без галавы, бадзяецца па начах на могілках, прадракаючы пагібель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо іменна гэты конь перавозіць людзей пасля смерці ў царства мёртвых.