З гэтымі словамі яна працягнула дзяўчыне Спак руку, павярнула на іншую сцяжынку і неўзабаве знікла з вачэй.
Дзяўчына Спак асцерагалася і не расказала за абедзенным сталом усёй сям'і пра гэтую размову. Але пасля абеду, калі барон Адрыян наведаўся да яе ў малочную, яна не ўтаіла таго, што сказала ёй незнаёмка. Адрыян і сапраўды вельмі здзівіўся.
— Мабыць, гэта была Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю, — сказаў ён. — Ведаеце, паненка, яна ўпершыню за трыццаць год перамовілася сяброўскім словам з кімсьці з Хедэбю. Мне яна аднойчы зацыравала шапачку, якую падраў хлопчык з Ольсбю, а выгляд у яе пры гэтым быў такі, быццам яна хацела выдзерці мне вочы.
— Але ці ведае яна, што іменна шукае Генерал?
— Каму ж, як не ёй, ведаць аб гэтым, паненка Спак. І я таксама ведаю. Тата расказваў мне неяк усю гісторыю. Але бацькі мае не жадаюць, каб аб гэтым гаварылі пры сёстрах. Яны пачнуць тады баяцца прывідаў і наўрад ці застануцца жыць тут. І я таксама не адважваюся расказаць вам аб гэтым.
— Барані бог! — прамовіла аканомка. — Калі барон забараніў казаць…
— Я шкадую аб гэтым, — перабіў яе барон Адрыян, — я думаў, што вы, паненка, зможаце мне дапамагчы.
— Ах, калі б я магла!
— Бо, і я гэта паўтараю, — працягваў барон Адрыян, — хачу дапамагчы супакоіцца беднаму прывіду. Я не баюся яго, я пайду да яго, як толькі ён пакліча мяне. Чаму ён паказваецца ўсім іншым і ніколі не паказваецца мне?
Х
Адрыян Лёвеншольд спаў у сябе ў мансардзе, калі раптоўна лёгкі шум прымусіў яго прачнуцца. Ён расплюшчыў вочы, і паколькі аканіцы не былі зачынены, а на двары стаяла светлая летняя ноч, ён убачыў, што дзверы ціха расчыніліся. Ён падумаў быў, што яе адчыніў парыў ветру, але ўбачыў, як нечакана ў дзвярным праёме вырасла цёмная фігура, якая, нахіліўшыся, штосьці з цікаўнасцю выглядвала ў глыбіні мансарды.
Адрыян выразна разгледзеў нейкага старога, апранутага ў старадаўні кавалерыйскі мундзір. З-пад крыху расшпіленага мундзіра бялеў калет з ласінай скуры, батфорты былі вышэйшыя за калені, а рукамі ён прытрымліваў доўгі плашч, злёгку прыпадняўшы яго, нібы асцерагаючыся, каб не бразгаў.
«Далібог, гэта Генерал! — падумаў малады барон. — Вось і добра, зараз ён убачыць чалавека, які не баіцца яго».
Усе, каму даводзілася бачыць Генерала, у адзін голас сцвярджалі, што варта было ім толькі ўтаропіць у яго позірк, як ён тут жа знікаў. Аднак на гэты раз такога не здарылася. Яшчэ доўга пасля таго, як Адрыян заўважыў яго, ён заставаўся стаяць у дзвярах. Праз некалькі хвілін, калі Генерал, здавалася, пераканаўся ў тым, што Адрыян здольны вытрымаць яго выгляд, падняўшы руку, паклікаў яго да сябе.
Адрыян адразу ж сеў у ложку. «Цяпер ці ніколі, — падумаў ён. — Нарэшце ён папрасіў маёй дапамогі, і я пайду за ім».
Ён жа чакаў гэтага моманту шмат гадоў. Ён рыхтаваўся да яго, у думках гартаваў дух, чакаючы сустрэчы з прывідам. Ён заўсёды ведаў, што яе не абмінуць.
Адрыяну не хацелася прымушаць Генерала чакаць яго, і, не апранаючыся, малады барон пайшоў за ім. Ён толькі сцягнуў з ложка прасціну і захінуўся ёю.
І толькі тады, калі ён стаяў пасярод мансарды, яму раптам прыйшло ў галаву, што ўсё ж небяспечна вось так даверыцца ўладзе істоты з таго свету, і ён адступіў назад. Але ўбачыў, як Генерал працягнуў да яго абедзве рукі і, быццам у адчаі, прасіў аб нечым.
«Што за глупства?! — падумаў ён. — Няўжо я перапалохаўся, не паспеўшы яшчэ выйсці з мансарды?»
Ён наблізіўся да дзвярэй, а Генерал тым часам быў ужо на гарышчы, але ішоў увесь час азіраючыся, нібы жадаючы пераканацца ў тым, што малады чалавек ідзе за ім.
Перад тым, як пераступіць парог і пакінуць мансарду, каб выйсці на гарышча, Адрыян адчуў, як ад жаху ў яго зашчымела сэрца. Штосьці падказвала яму: патрэбна б зачыніць дзверы і вярнуцца ў ложак. У ім варухнулася цьмянае прадчуванне таго, што ён не разлічыў сваіх сіл. Ён быў не з тых, каму дадзена беспакарана зазірнуць у таямніцы таго свету.
Аднак ён захаваў яшчэ крупінку мужнасці. Ён сказаў сабе, што Генерал, пэўна, не збіраецца заманіць яго ў якую-небудзь пастку, а хацеў толькі паказаць яму, дзе знаходзіцца пярсцёнак. Толькі б яму выцерпець яшчэ некалькі хвілін, і ён даможацца таго, да чаго імкнуўся столькі гадоў, і зможа даць стомленаму падарожніку вечны спакой.
Генерал спыніўся пасярод гарышча, чакаючы маладога барона. Тут было больш змрочна, чым у мансардзе, але Адрыян усё ж выразна бачыў цёмную фігуру з працягнутымі рукамі. Сабраўшыся з духам, ён пераступіў парог, і яны пайшлі па гарышчы.
Прывід накіраваўся да паддашкавай лесвіцы, а ўбачыўшы, што Адрыян ідзе следам, пачаў спускацца. Ён па-ранейшаму адыходзіў задам, спыняючыся на кожнай прыступцы і, падпарадкоўваючы сваёй волі нерашучага юнака, нібы цягнуў яго за сабой.