Выбрать главу

Яна ненадоўга пайшла ў жылую палову панскага дома, зазірнула ў спальню, дзе ўсё было па-ранейшаму, узбегла па лесвіцы на гарышча і пераслала пасцель у Адрыянавай мансардзе, каб яна была напагатове на выпадак, калі яму стане лепш і яго можна будзе перанесці наверх. Затым зайшла ў пакоі да паненак і да гувернанткі — смяртэльна перапалоханыя, яны сядзелі склаўшы рукі, не ў стане чымсьці заняцца. Яна расказала ім сёе-тое з таго, аб чым даведалася сама, расказала роўна столькі, каб гувернантка з паненкамі зразумелі, аб чым ішла размова, і запыталася, ці не дапамогуць яны ёй адшукаць пярсцёнак.

Вядома, яны адразу ж згадзіліся. Паненкі і гувернантка пачалі шукаць у пакоях і ў мансардзе. Сама ж дзяўчына Спак накіравалася на кухню і паставіла на ногі ўсіх дваровых дзяўчат.

«Генерал з'яўляўся на кухні гэтак жа часта, як і ў панскім доме, — падумала яна. — Штосьці падказвае мне — пярсцёнак дзесьці тут».

На кухні і ў кладоўцы, і ў хлебнай, і ў піваварні ўсё было перавернута дагары нагамі. Шукалі ў сценных шчылінах, у пячных подах, вытрасалі скрыні пасудніка з прыправамі, абшукалі нават мышыныя норы.

Разам з гэтым дзяўчына Спак не забывала час ад часу перабягаць цераз двор і наведвацца ў спальню. У час аднаго з такіх візітаў яна застала баранэсу ў слязах.

— Яму горш, — сказала баранэса. — Па-мойму, ён памірае.

Схіліўшыся над Адрыянам, дзяўчына Спак узяла ягоную безжыццёвую руку ў свае і праверыла пульс.

— Ды не ж, пані баранэса, — сказала яна, — яму не горш, а, бадай, лепш.

Ёй удалося супакоіць гаспадыню, але самую яе ахапіў вельмі моцны адчай. А што, калі малады барон не дажыве да таго часу, пакуль яна адшукае пярсцёнак?

Ад хвалявання яна, забыўшыся на момант, перастала валодаць сабой. Адпускаючы руку Адрыяна, яна ціхенька пагладзіла яе. Сама яна наўрад ці ўсведамляла, што робіць, але баранэса адразу ж заўважыла гэта.

«Mon Dieu[24], — падумала яна, — беднае дзіця, няўжо гэта так? Можа, мне трэба сказаць ёй… Але ці не ўсё роўна, калі мы так ці інакш яго згубім: Генерал злуецца на яго, а той, на каго гневаецца Генерал, павінен памерці».

Вярнуўшыся на кухню, дзяўчына Спак пачала распытваць служанку, ці няма ў тутэйшых мясцінах якога-небудзь чараўніка, якога звычайна запрашаюць пры няшчасных выпадках. Няўжо абавязкова трэба чакаць, пакуль прыедзе лекар?

Так, іншыя, калі хто-небудзь захварэе, запрашаюць Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю. Яна ўмее загаворваць кроў і кастапраўнічаць, і ўжо яна магла б разбудзіць барона Адрыяна ад смяротнага сну… Але сюды, у Хедэбю, яна наўрад ці пажадае прыйсці.

Пакуль служанка з аканомкай размаўлялі пра Марыт Эрыксдотэр, кухарка, якая ўзабралася на самую верхнюю прыступку прыстаўной лесвіцы, зазірнула на высокую паліцу, дзе некалі знайшліся згубленыя сярэбраныя лыжкі.

— Ой! — усклікнула яна. — Нарэшце ж знайшла я тое, што даўно шукала. Тут ляжыць старая шапачка барона Адрыяна!

Дзяўчына Спак жахнулася. Нічога не скажаш, добрыя былі, відаць, парадкі ў іх на кухні да таго, як яна прыехала ў Хедэбю! Як магла шапачка барона Адрыяна трапіць на паліцу?

— Вось дзіва, — сказала кухарка. — З гэтай шапачкі ён вырас, ды і аддаў яе мне на анучы, чарапкі прыхопліваць. Вось добра, што я яе хоць цяпер знайшла!

Дзяўчына Спак выхапіла ў яе шапачку з рук.

— Шкада рэзаць яе, — сказала яна. — Можна аддаць якому-небудзь бедняку!

Яна вынесла шапачку на двор і пачала выбіваць з яе пыл. Тым часам з дому выйшаў барон.

— Здаецца, што Адрыяну горш, — сказаў ён.

— А хіба няма кагосьці паблізу ў акрузе, хто ўмее лячыць хворых? — як можна дабрадушна запыталася аканомка. — Служанкі казалі тут пра адну жанчыну, якую завуць Марыт Эрыксдотэр.

Барон аслупянеў.

— Зразумела, калі размова ідзе аб жыцці Адрыяна, я б, не вагаючыся, паслаў па майго злейшага ворага, — сказаў ён. — Аднак толку ўсё роўна не будзе. Марыт Эрыксдотэр ніколі не прыйдзе ў Хедэбю.

Атрымаўшы падрабязныя тлумачэнні, дзяўчына Спак не адважылася пярэчыць. Яна працягвала шукаць на кухні, распарадзілася наконт абеду і зрабіла так, што нават баранэса крыху з'ела. Пярсцёнак не адшукаўся, а дзяўчына Спак бясконца паўтарала сабе: «Мы павінны знайсці пярсцёнак! Генерал пазбавіць Адрыяна жыцця, калі мы не адшукаем яму пярсцёнак».

Пасля абеду дзяўчына Спак накіравалася ў Ольсбю. Яна пайшла, ні ў каго не спытаўшыся. Кожны раз, калі яна заходзіла да хворага, пульс ягоны біўся ўсё слабей і слабей, а перабоі наступалі ўсё часцей і часцей. Яна не магла спакойна чакаць карлстадскага лекара. Так, больш чым верагодна, што Марыт ёй адмовіць, але аканомка хацела выкарыстаць усе магчымыя сродкі.

вернуться

24

Божа мой! (фр.)