Выбрать главу

Калі дзяўчына Спак прыйшла ў Стургордэн, Марыт Эрыксдотэр сядзела на сваім звычайным месцы — на ганку палевай клеці. У руках у яе не было ніякай работы, яна сядзела адкінуўшыся назад, з заплюшчанымі вачыма. Але яна не спала і, калі з'явілася аканомка, падняла вочы і адразу ж пазнала яе.

— Вось яно што, — прамовіла яна, — цяпер з Хедэбю па мяне пасылаюць?

— Ты, Марыт, ужо чула, якія дрэнныя нашы справы? — запыталася дзяўчына Спак.

— Так, чула, — адказала Марыт, — і не пайду!

Дзяўчына Спак не сказала ёй у адказ ні слова. Глухая безнадзейнасць прыгняла яе. Усё ішло ёй насуперак, апалчылася супраць яе, а ўжо горшага за гэта быць нічога не можа. Яна бачыла ўласнымі вачыма і чула ўласнымі вушамі, як радавалася Марыт. Сядзела на ганку і радавалася няшчасцю, радавалася, што Адрыян Лёвеншольд памрэ.

Да гэтай хвіліны аканомка трымалася. Яна не крычала, не наракала, убачыўшы Адрыяна, распасцёртага на падлозе. У яе была толькі адна думка — дапамагчы яму і яго блізкім. Але адпор Марыт зламаў яе сілы. Яна заплакала горка і нястрымна. Няўпэўненымі крокамі паплялася да сценкі адной з прыбудоў і прыціснулася да яе ілбом, горка рыдаючы.

Марыт крыху падалася наперад. Доўга-доўга яна не адводзіла вачэй ад няшчаснай дзяўчыны. «Ах вось яно што! Няўжо так?» — падумала яна.

Але пакуль Марыт сядзела, разглядаючы дзяўчыну, якая слязамі кахання аплаквала каханага, штосьці перавярнулася ў яе душы.

Некалькі гадзін таму назад яна даведалася, што Генерал прыйшоў да Адрыяна і напалохаў яго амаль не да смерці. І яна сказала сабе самой, што нарэшце час помсты настаў. Шмат гадоў чакала яна гэтага часу, але чакала дарэмна. Ротмістр Лёвеншольд сышоў у магілу, так і не атрымаўшы па заслугах. Праўда, з таго самага часу, калі яна пераправіла пярсцёнак у Хедэбю, прывід Генерала бадзяўся па ўсім маёнтку; аднак падобна было, што ў яго не хапала духу караць з уласцівай яму лютасцю сваіх родных.

А цяпер, калі да іх прыйшла бяда, яны адразу ж просяць дапамогі! Чаму не звярнуліся тады непасрэдна да мерцвякоў на ўзгорку вісельнікаў? Ёй было радасна сказаць:

— Не пайду!

Такой была яе помста!

Але калі Марыт убачыла, як стаіць і плача маладая дзяўчына, прыціснуўшыся галавой да сцяны, у яе абудзілася памяць аб мінулым. «Вось так стаяла і я і плакала, прыхіліўшыся да жорсткай сцяны. І не было ў мяне ніводнага чалавека, на якога я магла б абаперціся».

І ў той жа момант крыніца дзявочага кахання зноў забруіла ў душы Марыт і абдала сваім гарачым дыханнем. І яна са здзіўленнем сказала сабе самой: «Дык вось як пакутавала я тады! Дык вось што азначае кагосьці кахаць! Як моцна і соладка пакутавала я тады!»

Перад яе вачыма паўстаў юны, вясёлы, дужы і прыгожы Паўль Эліясан. Яна прыгадала яго позірк, яго голас, кожны яго рух. Сэрца яе напоўнілася ўспамінамі аб ім.

Марыт думала, што кахала яго ўвесь гэты час, і, пэўна, так яно і было! Але як астылі яе пачуцці за гэтыя доўгія гады! Цяпер жа, у гэты момант, душа яе зноў успыхнула ранейшым гарачым полымем.

Але разам з каханнем у ёй прачнуліся і ўспаміны аб той жахлівай пакуце, якую перажывае чалавек, губляючы таго, каго кахае.

Марыт кінула позірк на дзяўчыну Спак, якая ўсё яшчэ стаяла і плакала. Цяпер Марыт ведала, як цяжка пакутавала яна. Яшчэ зусім нядаўна ёю валодаў холад пражытых гадоў. Яна забылася тады, як пячэ агонь, цяпер жа ўспомніла аб гэтым. Яна не хацела, каб па яе віне хтосьці пакутаваў гэтак жа, як некалі пакутавала сама; Марыт паднялася і падышла да дзяўчыны.

— Хадземце! Я пайду з вамі, паненка! — коратка сказала яна.

Такім чынам, дзяўчына Спак вярнулася ў Хедэбю разам з Марыт Эрыксдотэр. За ўсю дарогу Марыт не вымавіла ні слова. Ужо потым аканомка зразумела, што па дарозе яна, напэўна, абдумвала, як ёй павесці сябе, каб адшукаць пярсцёнак.

Аканомка прайшла з Марыт у дом прама з параднага ганка і ўвяла яе ў спальню. Там усё было па-ранейшаму. Адрыян ляжаў прыгожы і бледны, але ціхі, быццам мярцвяк, а баранэса, не варушачыся сядзела побач, ахоўваючы яго спакой. Толькі калі Марыт Эрыксдотэр падышла да ложка, яна ўзняла вочы.

Як толькі гаспадыня пазнала жанчыну, якая стаяла, гледзячы на яе сына, то апусцілася перад ёю на калені і прыціснулася тварам да падола яе сукенкі.

— Марыт! Марыт! — загаварыла яна. — Забудзь пра ўсё тое зло, якое прычынілі табе Лёвеншольды. Дапамажы яму, Марыт! Дапамажы яму!

Сялянка крыху адступіла назад, але няшчасная маці папаўзла за ёю на каленях.

— Ты не верыш, як я баялася з таго самага часу, калі Генерал пачаў бадзяцца па маёнтку. Я палохалася і ўвесь час чакала. Я ведала, што цяпер яго гнеў накіраваны супраць нас.