Барон Лёвеншольд прыехаў вярхом разам з доктарам адразу ж пасля таго, як пайшла Марыт, і аканомка спадзявалася, што доктару ўдасца вярнуць Адрыяна да жыцця і ёй не давядзецца нічога больш рабіць. Але доктар адразу ж заявіў, што нічым не зможа дапамагчы. Ён сказаў, што маладому чалавеку засталося жыць усяго толькі некалькі гадзін.
Тады, сунуўшы клунак пад паху, дзяўчына Спак рушыла ў дарогу. Яна ведала, што няма ніякай магчымасці прымусіць барона Лёвеншольда загадаць зняць магільныя пліты і адкрыць замураваны склеп толькі для таго, каб пакласці туды некалькі старых рэчаў барона Адрыяна.
Калі б сказала яна яму, што на самай справе знаходзіцца ў клунку, і (яна была ў гэтым пераканана) ён адразу ж вярнуў бы пярсцёнак яго законнаму ўладальніку. Але тым самым яна выдала б Марыт Эрыксдотэр.
Яна не сумнявалася ў тым, што іменна Марыт падкінула некалі пярсцёнак у Хедэбю. Барон Адрыян неяк сказаў, што Марыт аднойчы цыравала яму шапачку. Не, аканомка не адважылася расказаць барону, як усё было на самай справе.
Дзяўчына Спак сама потым здзіўлялася, што ў той вечар зусім не адчувала страху. Але яна перабралася цераз нізкую могільнікавую сцяну і падышла да склепа Лёвеншольдаў, думаючы толькі аб тым, як ёй апусціць туды пярсцёнак.
Яна села на магільную пліту і склала рукі для малітвы. «Калі бог мне не дапаможа, — думала яна, — то магіла, вядома, адкрыецца, але не дзеля пярсцёнка, а для таго, каго я вечна буду аплакваць».
Пасярэдзіне малітвы дзяўчына Спак заўважыла лёгкае варушэнне травы, якая пакрывала нізкі магільны грудок, на якім ляжала пліта. Маленькая галоўка паказалася з травы і адразу ж схавалася, як толькі аканомка ўздрыгнула ад страху. Бо дзяўчына Спак гэтак жа баялася пацукоў, як і яны яе. Але ад страху на аканомку напала натхненне. Жвава падышла яна да вялікага куста бэзу, адламала сухую галінку і ўваткнула яе ў норку.
Уваткнула спачатку вертыкальна, але галінка адразу ж наткнулася на перашкоду. Тады яна паспрабавала прасунуць яе далей наўскос, і на гэты раз галінка прасунулася даволі глыбока ў напрамку да магілы. Аканомка нават здзівілася, як далёка яна зайшла. Галінка цалкам схавалася ў нары. Дзяўчына Спак спрытна выцягнула яе зноў і памерала па сваёй руцэ. Палка была даўжынёй каля трох локцяў і зайшла ў зямлю на ўсю даўжыню. Мабыць, яна пабывала ў магільным склепе.
Ні разу за ўсё яе жыццё розум дзяўчыны Спак не быў такі спакойны і ясны. Яна зразумела, што пацукі, напэўна, пракапалі сабе дарогу ў магілу. Магчыма, ў сцяне была расколіна, а, магчыма, выветрыўся які-небудзь каменьчык.
Яна легла ніцма на зямлю перад грудком, вырвала кавалак дзірвану, адгрэбла зямлю і сунула руку ў норку. Рука без перашкоды пранікла ўніз, але ўсё ж не да самай сценкі склепа. Туды рука не даставала.
Тады, жыва развязаўшы клунак, яна выцягнула адтуль шапачку, начапіла яе на палку і паспрабавала павольна прапіхнуць яе ў норку. Хутка шапка знікла з вачэй. Усё гэтак жа павольна і асцярожна прасоўвала яна палку далей і далей уніз. І раптам, калі палка амаль уся зайшла ў зямлю, яна адчула, як яе рэзкім рыўком выхапілі ў яе з рук. Праслізнуўшы ў норку, палка знікла.
Не выключана, што яе пацягнула ўніз уласная вага, але дзяўчына была ўпэўнена ў тым, што палку ў яе вырвалі.
І тут яна нарэшце спалохалася. Схапіўшы рэчы, што былі ў клунку, яна засунула іх у норку, як магла прывяла ў парадак зямлю і дзірван і кінулася наўцёкі з усіх ног. Усю дарогу да самага Хедэбю яна ні разу не перавяла дух, а ўсё бегла і бегла.
Калі аканомка паявілася ў маёнтку, барон з баранэсай ужо стаялі на парадным ганку. Яны паспяшаліся насустрач.
— Дзе вы былі, паненка? — запыталіся яны ў яе. — Мы тут стаім і чакаем вас.
— Барон Адрыян памёр? — запыталася ў адказ дзяўчына Спак.
— Не, не памёр, — адказаў барон, — але скажыце нам спачатку, дзе вы былі, паненка Спак?
Аканомка так запыхалася, што ледзь магла гаварыць; але ўсё ж расказала аб даручэнні, якое ёй дала Марыт, і аб тым, што па крайняй меры адну з рэчаў ёй удалося прасунуць у склеп праз норку.
— Усё гэта вельмі дзіўна, вельмі — прамовіў барон, — бо Адрыяну на самай справе лепш. Зусім нядаўна ён ачнуўся і першыя яго словы былі: «Цяпер Генерал атрымаў свой пярсцёнак».
— Сэрца зноў б'ецца як заўсёды, — дадала баранэса, — і ён абавязкова хоча пагаварыць з вамі, паненка. Ён кажа, што гэта вы выратавалі яму жыццё.
Яны правялі дзяўчыну Спак да Адрыяна і пакінулі іх адных. Малады барон сядзеў на ложку і, убачыўшы яе, працягнуў да яе рукі.
— Я ведаю, я ўжо ведаю! — усклікнуў ён. — Генерал атрымаў свой пярсцёнак, і гэта цалкам ваша заслуга, паненка.