Дзяўчына Спак смяялася і плакала ў ягоных абдымках, а ён пацалаваў яе ў лоб.
— Я абавязаны вам жыццём, — сказаў ён. — Калі б не вы, паненка Спак, я быў бы ўжо ў гэты час трупам. Я ў вас у неаплатным даўгу.
Захапленне, з якім малады чалавек сустрэў яе, пэўна, і прымусіла няшчасную дзяўчыну Спак надта доўга затрымацца ў ягоных абдымках. І Адрыян паспяшаўся дадаць:
— Не толькі я абавязаны вам, але і яшчэ адзін чалавек.
Ён паказаў ёй медальён, які насіў на шыі, і дзяўчына Спак невыразна ўбачыла на ім мініяцюрны партрэт маладой дзяўчыны.
— Вы, паненка, даведваецеся аб гэтым першая пасля бацькоў, — сказаў ён. — Калі праз некалькі тыдняў яна прыедзе ў Хедэбю, то аддзячыць вам яшчэ лепш, чым я.
І ў аддзяку за давер дзяўчына Спак зрабіла маладому барону рэверанс. Праўда, ёй хацелася сказаць яму, што яна зусім не мае намеру заставацца ў Хедэбю, каб сустрэць яго нявесту. Але своечасова абдумалася. Беднай дзяўчыне не прыходзілася быць асабліва пераборлівай і пагарджаць такім добрым месцам.