Яны паскорылі крок. Надышла ноч, і ў беспрасветнай цемры віднелася на захадзе толькі вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалі дарогу. Яны размаўлялі і былі ў добрым настроі. На могільнік жа яны ішлі толькі для таго, каб зірнуць, ці адкрыты склеп, і каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву.
— Не, ніяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такія ратазеі, што не замуруюць пярсцёнак зноў.
— Ды ўжо хутка аб усім даведаемся, — сказала жонка. — А вось, здаецца, і могільнікавая агароджа!
Селянін спыніўся, падзівіўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накіравалася на могільнік з іншымі намерамі, чым ён.
— Перш чым увайсці на могільнік, — сказаў Борд, — нам, відаць, патрэбна б дамовіцца, што будзем рабіць, калі магіла адкрыта.
— Ужо і не ведаю, ці закрыта, ці адкрыта, а толькі наша справа — вярнуцца дамоў ды легчы спаць!
— І гэта слушна, твая праўда! — сказаў, зноў пакрочыўшы, Борд. — І не чакай, каб могілкавыя вароты былі ў гэты час не зачынены, — дадаў ён.
— Бадай, сапраўды, — падхапіла жонка. — Прыдзецца нам пералезці цераз сцяну, калі захочам наведаць генерала ды паглядзець, як яму там.
Муж зноў здзівіўся. Ён пачуў, як з лёгкім шумам пасыпаліся ўніз дробныя каменьчыкі, і тут жа ўбачыў, як на фоне светлай палоскі на захадзе вырысоўваецца жончына фігура. Яна ўзлезла ўжо наверх, на сцяну, і нічога мудронага ў тым не было, таму што сцяна была невысокая — усяго некалькі футаў. Дзіўным падалося яму толькі тое, што жонка праявіла такую жвавасць, узлезшы наверх раней за яго.
— Ну вось, — сказала яна. — Давай руку, я дапамагу табе ўзлезці!
Хутка сцяна засталася ззаду, і цяпер яны моўчкі і асцярожна прабіраліся сярод невысокіх магільных грудкоў.
Адзін раз Борд спатыкнуўся аб такі грудок і ледзь быў не паваліўся. Яму падалося, быццам хтосьці падставіў яму ножку. Ён так спалохаўся, што ўвесь задрыжаў і загаварыў гучна, на ўвесь голас, каб мярцвякі зразумелі, з якімі намерамі ён прыйшоў на могільнік.
— Не хацеў бы я прыйсці сюды, калі б справа мая была несправядлівая.
— Яшчэ чаго скажаш, — запярэчыла жонка. — Ужо тут ты маеш рацыю! А вунь ужо і магіла віднеецца!
Пад цёмным начным небам ён разгледзеў вывернутыя з зямлі магільныя пліты.
Неўзабаве яны былі ўжо каля самай магілы і ўбачылі, што яна адкрыта. Пралом у склепе не быў замураваны.
— Ну і няўклюды ж яны, — вылаяўся Борд. — Быццам знарок хочуць спакусіць тых, хто ведае, якая каштоўнасць там схавана.
— Пэўна, спадзяюцца, што ніхто не адважыцца крануць нябожчыка, — сказала жонка.
— Ды і ўвогуле мала радасці лезці ў такую магілу, — зазначыў муж. — Саскочыць уніз, бадай, не цяжка, толькі потым сядзі там, як лісіца ў нары.
— Сягоння раніцай я бачыла, як яны апусцілі ў склеп лесвічку, — сказала жонка. — Але яе ўжо, відаць, прынялі.
— А дай пагляджу я і на самай справе, — сказаў муж і пачаў мацаць рукамі ў магільным праломе. — Не, глядзі ты! — усклікнуў ён. — Гэта ж трэба! Лесвічка ж яшчэ тут!
— Ну і расцяпы! — падтакнула жонка. — Толькі, па мне, ці тут лесвічка ці не — розніца невялікая. Той жа, хто там унізе, і сам можа за сваё дабро пастаяць.
— Каб жа гэта ведаць! — падхапіў муж. — Можа, хоць лесвічку прыняць?
— Нічога ў магіле чапаць не будзем, — сказала жонка. — Лепш будзе, калі магільшчык раніцай убачыць магілу якраз такой, якой пакінуў яе напярэдадні.
Разгубленыя і нерашучыя, стаялі яны, утаропіўшыся на чорны адкрыты пралом. Ім бы пайсці цяпер дамоў, але штосьці таямнічае, нешта такое, чаго ніхто з іх не асмельваўся назваць сваім імем, утрымлівала іх на могільніку.
— Ды можна было б пакінуць лесвічку і на месцы, — сказаў нарэшце Борд, — калі б я быў упэўнены, што ў генерала ёсць сіла ўтрымаць злодзеяў.
— Ты ж можаш спусціцца ўніз, у склеп, — параіла жонка, — вось тады сам убачыш, якая ў яго сіла.
Здавалася, нібы Борд толькі і чакаў ад жонкі гэтых слоў. Мігам апынуўся ён каля лесвічкі і пачаў спускацца ў пралом.
Але толькі ступіў ён на каменную падлогу падзямелля, як пачуў парыпванне лесвічкі і ўбачыў, што ўслед за ім лезе і жонка.
— Вунь што, ты і сюды за мной цягнешся, — сказаў ён.
— Баюся я пакінуць цябе адзін на адзін з нябожчыкам.
— А не такі ўжо ён і страшны, — запярэчыў муж. — І не адчуваю, што халодная рука хоча мяне задушыць.
— Ды ўжо нічога ён нам, відаць, не зробіць, — падтрымала жонка. — Ён жа ведае, што ў нас і ў думках не было ўкрасці пярсцёнак. Вось каб мы дзеля забавы пачалі адкручваць века труны, тады іншая справа.