Муж вобмацкам прабраўся да труны генерала і пачаў мацаць рукой уздоўж века. Ён адшукаў шрубу з невялікім крыжыкам на плешцы.
— Тут быццам бы знарок усё так і прыладжана для злодзея, — сказаў Борд, пачынаючы спрытна і асцярожна адкручваць шрубы труны.
— Чуеш што-небудзь? — запыталася жонка. — Ці не варушыцца ён у труне?
— Тут ціха, як у магіле, — адказаў муж.
— Ён жа, мусіць, не лічыць, што мы задумалі адняць у яго самае дарагое, — працягвала жонка. — Вось каб мы века труны паднялі, тады іншая справа.
— Так, ды тут ужо давядзецца табе мне дапамагчы, — сказаў муж.
Яны паднялі века і цяпер ужо не ў сілах былі стрымацца ад сквапнасці. Ім не цярпелася авалодаць скарбам. Яны сарвалі пярсцёнак са струхлелай рукі, апусцілі века і, не сказаўшы ніводнага слова, цішком выбраліся з магілы. Ідучы цераз могільнік, яны ўзяліся за рукі, і толькі апынуўшыся па іншы бок нізкай шэракаменнай могільнікавай сцяны і спусціўшыся на прасёлак, адважыліся загаварыць.
— Думаецца мне, — сказала жонка, — што ён сам гэтага хацеў. Зразумеў, што нядобра нябожчыку берагчы такі скарб, вось і аддаў яго нам па добрай волі.
Муж зарагатаў.
— Так, ну і ну, няма чаго сказаць, — вымавіў ён. — Не ўжо, не прымусіш ты мяне паверыць выдумцы, быццам ён аддаў нам пярсцёнак па добрай волі; проста ў яго сілы не было нам перашкодзіць.
— Ведаеш што, — сказала жонка, — сягоння ноччу ты быў вельмі храбры. Мала такіх, хто адважыцца спусціцца ў магілу.
— А я зусім і не думаю, што паступіў нядобра. У жывога я б ніколі і далера не ўзяў, ну а што за бяда ўзяць у мёртвага тое, што яму ўжо не патрэбна.
Ішлі яны гордыя і задаволеныя і толькі здзіўляліся, што нікому, акрамя іх, не прыйшло ў галаву забраць пярсцёнак. Борд сказаў, што паедзе ў Нарвегію і прадасць там пярсцёнак, як толькі выпадзе які-небудзь зручны выпадак. Ім здавалася, што за пярсцёнак удасца атрымаць вельмі многа грошай і ніколі больш не давядзецца адчуваць страху перад заўтрашнім днём.
— А гэта што? — раптам прыпыніўшыся, запытала жонка. — Што я бачу? Няўжо зара займаецца? На ўсходзе ж павінна світаць?
— Не, сонцу яшчэ рана ўзыходзіць, — сказаў селянін. — Відаць, — пажар. І як быццам дзесьці каля Ольсбю. Ці не…
Яго перапыніў гучны жончын голас.
— Гэта ў нас гарыць! — крычала яна. — Меламстуга гарыць! Генерал падпаліў яе!
У панядзелак раніцай у маёнтак Хедэбю, размешчаны зусім блізка ад царквы, прыбег магільшчык і, ледзь не задыхаючыся, выпаліў: ім з мулярам, які збіраўся зноў замураваць склеп, падалося, быццам века генеральскай труны з'ехала набок і што шчыты з гербамі і ордэнскія стужкі, якімі яно прыбрана, ссунуты з месца.
Неадкладна людзі спусціліся ў склеп і заўважылі, што там пануе страшны беспарадак і што шрубы труны сарваны. Калі знялі века, то адразу ж убачылі, што на ўказальным пальцы левай генералавай рукі пярсцёнка няма.
ІІІ
Я думаю пра караля Карла XII і спрабую ўявіць сабе, як людзі любілі яго і як баяліся.
Бо я ведаю, што незадоўга да смерці каралю надарылася аднойчы зайсці ў карлштацкую царкву ў час богаслужэння. Ён прыехаў у горад вярхом, адзін і нечакана; ведаючы, што ў царкве ідзе служба, ён спыніў каня каля царкоўнай брамы і ўвайшоў не праз галоўны ўваход, а праз прытвор, як звычайны прыхаджанін.
Але ўжо ў дзвярах ён убачыў, што пастар падняўся на кафедру, і, не жадаючы перашкаджаць яму, застаўся стаяць там, дзе стаяў. Не адшукаўшы сабе нават месца на лаве, а прыхінуўшыся спінай да вушака, ён пачаў слухаць пропаведзь.
Але хоць ён і ўвайшоў непрыкметна і моўчкі стаяў у змроку пад царкоўнымі хорамі, з самай апошняй лавы нехта пазнаў яго. Магчыма, гэты быў стары салдат, які страціў руку ці нагу ў паходах і быў адасланы дамоў яшчэ да Палтавы. І салдату падумалася, што гэты чалавек з зачасанымі назад валасамі і арліным носам, мабыць, і ёсць сам кароль. І, пазнаўшы яго, ён тут жа падняўся з лавы.
Суседзі на лаўцы, пэўна, здзівіліся, чаму ён устаў, і тады ён шапнуў ім, што сам кароль тут, у царкве. І ўслед за ім міжвольна ўсталі ўсе, хто сядзеў на гэтай лаве, як гэта бывала заўсёды, калі з алтара ці з кафедры абвяшчаліся словы самога госпада Бога.
Вестка аб тым, што кароль у царкве, імгненна разнеслася з гэтай лавы на іншыя, і ўсе як адзін — і старыя і маладыя, і багатыя і бедныя, і хворыя і здаровыя — падняліся з месца.
Здарылася гэта, як ужо сказана, незадоўга да смерці караля Карла, калі пачаліся няшчасці і беды. Бадай, ва ўсёй царкве не знайшлося б тады чалавека, які не страціў бы дарагіх яго сэрцу сваякоў або не згубіў усяго свайго багацця, і ўсё па віне гэтага караля. І калі каму-небудзь нават і не даводзілася наракаць на ўласны лёс, яму варта было б падумаць аб тым, да якой галечы даведзена краіна, колькі страчана заваяваных зямель, і аб тым, што ўсё каралеўства акружана ворагамі[8].
8
У апошні перыяд вайны краіны — удзельніцы Паўночнага Саюза (Данія, Рэч Паспалітая, Расея) — узмацнілі ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Кароль Аўгуст вярнуў сабе польскі трон, і шведскія войскі былі выгнаны з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Дацкія войскі ўварваліся ў паўднёвую Швецыю, Расея заняла Фінляндыю, Эстляндыю, Ліфляндыю, Аландскія выспы.