Выбрать главу

І тым не менш, тым не менш… Як толькі людзі пачулі разнесеную шэптам погаласку аб тым, што тут, у храме Божым, знаходзіцца той самы чалавек, якога столькі разоў пракліналі, як усе адразу ўсталі.

Усталі і засталіся стаяць. Ніхто і не падумаў сесці зноў. Гэта было проста немагчыма. Там ля бакавога ўвахода стаяў сам кароль, і пакуль ён стаяў, трэба было стаяць усім. Калі б хтосьці сеў, то зняважыў бы караля.

Магчыма, пропаведзь працягнецца доўга, але нічога не паробіш, давядзецца пацярпець. Ніхто не хацеў зневажаць яго.

Ён быў салдацкім каралём і прывык да таго, што салдаты ахвотна ішлі за яго на смерць[9]. Але тут, у царкве, вакол яго былі простыя гараджане і рамеснікі, простыя шведскія мужчыны і жанчыны, якія ніколі ў жыцці не чулі каманды: «Узяць на каравул!» Аднак варта яму толькі паказацца сярод іх, і яны ўжо траплялі пад яго ўладу. Яны пайшлі б за ім у агонь і ў ваду, аддалі б яму ўсё, чаго ён пажадае, бо верылі ў яго, абагаўлялі. Ва ўсёй царкве прыхаджане маліліся за гэтага незвычайнага чалавека, які быў каралём Швецыі.

Я спрабую ўдумацца ва ўсё гэта, я спрабую зразумець, чаму любоў да караля Карла магла непадзельна завалодаць чалавечай душой і так глыбока ўкараніцца нават у самым суровым і панурым старым сэрцы, што ўсе людзі думалі — любоў гэта будзе спадарожнічаць яму і пасля смерці.

І таму, пасля таго як выявіўся крадзеж пярсцёнка Лёвеншольдаў, у прыходзе Бру больш за ўсё здзіўляліся, што ў кагосьці хапіла духу на такую нядобрую справу. А вось любячых жанчын, пахаваных з заручальным пярсцёнкам на пальцы, — тых, на думку прыхаджан, зладзеі маглі рабаваць без апаскі. Або ж калі якая-небудзь пяшчотная маці заснула вечным сном, трымаючы кудзер свайго дзіцяці, то яго бязбоязна маглі б вырваць у яе з рук. І калі б якога-небудзь пастара паклалі ў труну з Бібліяй у галавах, то і Біблію гэту, пэўна, можна было б украсці ў яго без усякай шкоды для ліхадзея. Але ўкрасці пярсцёнак Карла XII з пальца мёртвага генерала, які жыў у маёнтку Хедэбю! Немагчыма ўявіць сабе, каб чалавек, народжаны жанчынай, рашыўся на такое адчайнае святатацтва!

Зразумела, не раз пачыналі следства, але гэта ні да чаго не прывяло — ліхадзея так і не знайшлі. Злодзей прыйшоў і пайшоў у начным змроку, не пакінуўшы ніякіх доказаў, якія маглі б навесці на след.

І гэтаму зноў-такі дзівіліся. Бо хадзіла нямала чутак аб прывідах, якія з'яўляліся па начах, каб выкрыць злачынца, які ўчыніў куды меншае злачынства.

Але ўрэшце, калі стала вядома, што генерал зусім не кінуў пярсцёнак на волю лёсу, а наадварот, змагаўся за тое, каб вярнуць яго назад, змагаўся з той самай грознай няўмольнасцю, якую праявіў бы, калі б пярсцёнак укралі ў яго пры жыцці, ніводзін чалавек ніколькі гэтаму не здзівіўся. Ніхто не выказаў сумнення ў тым, што так яно ўсё і было, бо нічога іншага ад генерала не чакалі.

IV

Гэта здарылася праз многа гадоў пасля таго, як бясследна знік генералаў пярсцёнак. Аднойчы пастара з Бру паклікалі да беднага селяніна Борда Бордсана з аддаленага сэтара[10] ў лясах Ольсбю. Борд Бордсан ляжаў на смяротным ложы і абавязкова жадаў перад смерцю пагаварыць з самім пастарам. Пастар быў чалавек пажылы і, пачуўшы, што трэба наведацца да хворага, які жыў за многа міль ад Бру ў непраходным гушчары, вырашыў — няхай замест яго паедзе пастар-ад'юнкт[11]. Але дачка паміраючага, якая прынесла пастару гэту вестку, адмовілася наадрэз. Няхай едзе сам пастар, ці ўвогуле нікога не трэба. Бацька, маўляў, кланяўся і загадваў перадаць: яму патрэбна расказаць нешта, аб чым можна ведаць толькі пастару, а больш нікому на свеце.

Пачуўшы гэта, пастар пакапаўся ў сваёй памяці. Борд Бордсан быў добры чалавек. Праўда, крыху праставаты, але не з-за гэтага ж яму трывожыцца на смяротным ложы. Ну, а калі разважыць па-чалавечы, то святар сказаў бы, што Борд Бордсан быў адным з тых, хто пакрыўджаны богам. Апошнія сем гадоў селяніна даймалі розныя беды і няшчасці. Сядзіба згарэла, а жывёла або падохла ад павальнага мору, або яе задралі дзікія звяры. Мароз спустошыў раллю, так што Борд збяднеў, як Іоў. Пад канец жонка яго прыйшла ў такую роспач ад усіх гэтых бядот, што кінулася ў возера. А сам Борд перабраўся ў пастухову хаціну ў глухім лесе; гэта было адзінае, чым ён яшчэ валодаў. З таго часу ні сам ён, ні дзеці яго не хадзілі ў царкву. Аб гэтым неадночы гаварылі ў пастарскім маёнтку, не разумеючы, ці жывуць яшчэ Бордсаны ў іх прыходзе, ці не.

вернуться

9

Карл XII быў вельмі папулярны сярод салдат свайго войска, якім імпанавалі яго асабістыя якасці — храбрасць, самавалоданне, сіла волі.

вернуться

10

Сэтар — невялікае паселішча тыпу хутара на аддаленых ад жылля лясных пашах.

вернуться

11

Пастар-ад'юнкт — другі святар, якога прызначалі ў дапамогу пастару ў некаторых прыходах.