Выбрать главу

— Наколькі я ведаю твайго бацьку, ён не рабіў такога цяжкага граху, у якім не мог бы пакаяцца ад'юнкту, — сказаў пастар, гледзячы з добразычлівай усмешкай на дачку Борда Бордсана.

Для сваіх чатырнаццаці гадоў яна была не па ўзросту рослая і моцная дзяўчынка. Твар у яе быў шырокі, рысы твару грубыя. Выгляд — крышачку праставаты, як у бацькі, але выраз дзіцячай бязвіннасці і шчырасці прыхарошваў яе твар.

— А вы, высокапаважаны пан пастар, пэўна, не баіцеся Бенгта-асілка? Не з-за яго ж вы не адважваецеся паехаць да нас? — запыталася дзяўчынка.

— Што такое ты кажаш, дзетка? — здзівіўся пастар. — Што гэта за Бенгг-асілак, аб якім ты гаворыш?

— А той самы, хто робіць так, што ўсё ў нас не ладзіцца.

— Вось як, — працягнуў пастар, — вось як. Значыць, гэта той, каго завуць Бенгтам-асілкам?

— А хіба вы, высокапаважаны пан пастар, не ведаеце, што гэта ён падпаліў Меламстугу?

— Не, аб гэтым мне чуць не даводзілася, — адказаў пастар, але адразу ж узняўся з месца і ўзяў свой трэбнік і невялікі пацір, якія заўсёды вазіў з сабой, калі ездзіў па прыходзе.

— Гэта ён загнаў матулю ў возера, — працягвала дзяўчынка.

— Горшай бяды быць не можа! — усклікнуў пастар. — А ён жывы яшчэ, гэты Бенгт-асілак? Ты бачыла яго?

— Не, бачыць я яго не бачыла, — адказала яна, — але ён, вядома, жывы. Гэта з-за яго нам давялося перабрацца ў лес і жыць сярод дзікіх скал. Там ён пакінуў нас у спакоі да мінулага тыдня, калі татка секануў сябе па назе.

— І ў гэтым таксама, па-твойму, вінаваты Бенгт-асілак? — зусім спакойна запытаўся пастар, але адразу ж адчыніў дзверы і крыкнуў работніку, каб той сядлаў каня.

— Татка сказаў, што Бенгт-асілак замовіў сякеру, а не то б яму ніколі не пашкодзіць нагу. Ды і рана ж была зусім не небяспечная; а сягоння татка ўбачыў, што ў яго антонаў агонь у назе. Ён сказаў, што цяпер ужо абавязкова памрэ, таму што Бенгт-асілак даканаў яго. Вось татка і паслаў мяне сюды і загадаў перадаць, каб вы самі да яго прыехалі, і як мага хутчэй.

— Добра, паеду, — сказаў пастар.

Пакуль дзяўчынка расказвала, ён накінуў на сябе дарожны плашч і надзеў капялюш.

— Аднаго я не магу зразумець, — сказаў ён, — з чаго б гэтаму самаму Бенгту-асілку так даймаць твайго татку? Ці не зачапіў яго калі-небудзь Борд за жывое?

— Так, ад гэтага татка не адмаўляецца, — пацвердзіла дзяўчынка. — Толькі чым ён пакрыўдзіў яго, аб гэтым татка ні мне, ні брату не казаў. Здаецца мне, што якраз аб гэтым ён і хоча паведаміць вам, глыбокапаважаны пан пастар.

— Ну, калі так, — сказаў пастар, — трэба паспяшацца.

Нацягнуўшы пальчаткі з адваротамі, ён выйшаў разам з дзяўчынкай з дому і сеў на каня.

За ўвесь час, пакуль яны ехалі да пастуховай хаціны ў лесе, пастар не сказаў ні слова. Ён сядзеў, думаючы аб усіх тых цудах, пра якія расказала яму дзяўчынка. Сам ён на сваім вяку сустракаў толькі аднаго чалавека, празванага ў народзе Бенгтам-асілкам. Але ж, магчыма, дзяўчынка казала не пра яго, а зусім пра іншага Бенгта.

Калі пастар уехаў на сэтар, яму насустрач выскачыў малады хлопец. Гэта быў сын Борда Бордсана — Інгільберт. Ён быў на некалькі гадоў старэйшы за сястру, такі ж рослы і бучны, як яна, і падобны з ёю тварам. Але вочы ў яго былі пасаджаны глыбей, а выгляд — зусім не такі дабрадушны і шчыры, як у яе.

— Далекавата вам было ехаць, пан пастар, — сказаў Інгільберт, дапамагаючы пастару злезці з каня.

— О, так, — сказаў стары, — але я прыехаў хутчэй, чым разлічваў.

— Мне самому б трэба было прывезці вас сюды, пан пастар, — сказаў Інгільберт, — але я рыбачыў учора вечарам дапазна. Толькі вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што ў бацькі ў назе антонаў агонь і што сястру паслалі па вас, пан пастар.

— Мэрта не ўступіць любому хлопцу, — сказаў пастар. — Усё было як нельга лепш. Ну, а як Борд зараз?

— Шчыра кажучы, яму зусім дрэнна, але ён яшчэ пры розуме. Узрадаваўся, калі я сказаў яму, што вы ўжо выехалі з лесу.

Пастар увайшоў да Борда, а брат з сястрой селі на шырокія каменныя пліты каля хаціны і сталі чакаць. Настроены яны былі ўрачыста і размаўлялі пра бацьку, які быў добры з імі. Але шчаслівым не быў ніколі з таго самага дня, як згарэла Меламстуга, таму, бадай, для яго лепей будзе развітацца з такім няшчасным жыццём.

Раптам сястра сказала:

— У таткі, відаць, было нешта на сумленні!

— У таты? — адзівіўся брат. — Што ўжо ў яго магло быць на сумленні? Ды я ні разу не бачыў, каб ён замахнуўся на жывёлу ці на чалавека.

— Але ж у нечым ён збіраўся пакаяцца пастару, і нікому больш.