Незнаёмец павярнуўся і асвяціў твар мёртвай жанчыны. Стогн адчаю працяў залу. Паветра ўжо знішчыла ўсё мастацтва муміфікацыі. Скура абсыпалася, вочы запалі, бледныя вусны агалілі жоўтыя зубы, і толькі цёмная пляма на ілбе сведчыла пра тое, што гэта быў той самы твар, які ўражваў маладосцю і прыгажосцю яшчэ колькі хвілінаў таму.
Чалавек склаў рукі ў горычы і жаху. А затым, пераадольваючы сябе, зноў зірнуў на ангельца.
— Нічога, — сказаў ён дрыготкім голасам. — Цяпер ужо нічога. Я прыйшоў сюды сёння з рашучым намерам здзейсніць нешта важнае. І здзейсніў. Я разгадаў загадку жыцця. Стары праклён зняты. Я магу ўз’яднацца з ёю. Што цяпер значыць яе бяздушная абалонка перад душой, якая чакае мяне па той бок заслоны!
— Лухта нейкая, — прамовіў Вансітарт Сміт, усё больш задумваючыся, што ён рабіцьме з гэтым вар’ятам.
— Час надышоў, і я мушу ісці, — працягваў чалавек. — Прыйшоў момант, якога я чакаў усё сваё жыццё. Але спачатку я мушу вас вывесці адсюль. Хадземце за мной.
Узяўшы лямпу, ён павярнуўся і павёў навукоўца праз егіпецкія, асірыйскія і персідскія залы. На выхадзе ён адчыніў дзверы і спусціўся па каменных сходах. Ангелец адчуў прахалоду свежага паветра. Тут ён убачыў яшчэ адны дзверы каля выхаду. Справа ад іх спыніўся ягоны апанент, асвятляючы жоўтым святлом лямпы вуліцу.
— Зайдзіце! — ціха прамовіў служка.
Вансітарт Сміт завагаўся. Ён спадзяваўся, што настаў канец начным прыгодам. Але цікаўнасць перамагла. Ён не мог сысці без разгадкі. Таму і рушыў за сваім спадарожнікам у асветлены пакой.
Гэта быў маленькі пакойчык, нібыта прызначаны для кансьержа. Полымя іскрылася праз засланку каміна. Збоку стаяла кушэтка, насупраць грубае драўлянае крэсла, а пасярод круглы стол, на якім засталіся рэшткі вячэры. Акінуўшы вокам пакой, наведнік адзначыў, што ўсе прадметы ў пакоі належалі да антыкварыяту выкшталцонага майстэрства. Кандэлябры, ваза над камінам, прылады для вогнішча, арнамент на сценах — усё гэта было з далёкай мінуўшчыны. Чалавек з цяжкім калючым позіркам сеў на край ложка і паказаў госцю на крэсла.
— Можа, у гэтым ёсць рацыя, — сказаў ён на бліскучай ангельскай. — Можа, напраўду варта пакінуць пасля сябе аповед як папярэджанне ўсім, хто паставіць уласны розум вышэй за законы прыроды. Я пакіну яго вам. Можаце скарыстацца ім як вам будзе заўгодна. Я кажу вам гэта на парозе ў іншасвет.
Як вы здагадаліся, я егіпцянін — не з рабоў, што цяпер насяляюць дэльту Нілу, але адзіны нашчадак таго магутнага і жорсткага народа, што ўтаймаваў габрэяў, адсунуў эфіопаў назад у паўднёвыя пустэльні, стварыў усе велічныя шэдэўры, што выклікаюць зайздрасць і захапленне нашчадкаў. Я нарадзіўся ў часы праўлення Тутмаса, за сямнаццаць стагоддзяў да нараджэння Хрыста. Вы адхіснуліся. Пачакайце, і вы пабачыце, што я выклікаю хутчэй жаль, чым жах.
Мяне завуць Сосра. Мой бацька быў галоўным святаром Асірыса ў вялікім храме Аварыса, што знаходзіцца цяпер ва ўсходняй частцы дэльты Нілу. Я выхоўваўся ў храме і вучыўся ўсім тым містычным мастацтвам, пра якія гаворыцца ў вашай Бібліі. Я быў здольным вучнем. Да шаснаццаці гадоў авалодаў усім, чаму мяне мог навучыць мудры святар. Далей я вывучаў таямніцы прыроды самастойна і не з кім не дзяліўся сваімі ведамі.
Ні над чым я так доўга не працаваў, як над прыродай чалавечага жыцця. Я занурыўся ў вывучэнне законаў прыроды. Тады задачай медыцыны было знішчэнне хваробы ў перыяд яе ўзнікнення. Але мне здавалася, што можна вынайсці сродак, які ўмацуе цела ад слабасці і смерці. Няма сэнсу пераказваць усе мае доследы. Вы ўсё адно не зразумееце. Я праводзіў эксперыменты часткова на жывёлах, часткова на рабах, часткова на самім сабе. Нарэшце я атрымаў рэчыва, якое пры ўвядзенні ў кроў умацоўвала цела ад хваробаў, старасці і смерці. Яно не даравала абсалютнага бяссмерця, але працягвала жыццё на тысячагоддзі. Я правёў дослед на котцы: зрабіў ёй ін’екцыю, а пасля даваў самыя смяротныя атруты. Котка да гэтай пары жыве ў Ніжнім Егіпце. Ніякага чараўніцтва. Проста хімічнае вынаходніцтва, якое можна паўтарыць і цяпер.
У маладосці неяк вельмі востра любіш жыццё. Мне тады здавалася, што я пазбегнуў усіх чалавечых клопатаў, пераадолеўшы боль і адсунуўшы смерць на няпэўны тэрмін. Са спакойнай душой я ўвёў рэчыва сабе ў вену. Пасля я падумаў, каго б яшчэ ашчаслівіць. Мне быў даспадобы малады і сур’ёзны святар Тота на імя Пармс, які заслужыў маёй увагі праз сваю вернасць навуцы. Я раскрыў яму таямніцу і, з яго згоды, укалоў яму эліксір. Цяпер, думаў я, са мной заўжды будзе сябра аднаго са мной веку.
Пасля гэткага вынаходніцтва я закінуў свае доследы, а Пармс працягваў штудыі з падвойнай сілай. Штодзень я бачыў, як ён працаваў са шклянкамі і дыстылятарам у храме Тота, але ён амаль нічога не казаў пра вынікі сваёй працы. Я часта хадзіў па горадзе і азіраўся вакол у эйфарыі ад усведамлення, што ўсё памрэ, а я застануся. Людзі схіляліся перада мной, бо слава пра маю вучонасць разляцелася па свеце.