Выбрать главу

Існавала яшчэ адна небяспека. Жыхары прыгранічча (сяляне) добра ведалі, што па дарогах, сцежках, палях, лугах і лясах часта праходзяць партыі кантрабандыстаў, таму збіраліся па некалькі, з агнястрэльнай зброяй або косамі і сякерамі, і, карыстаючыся выдатным веданнем мясцовасці, рабілі засады, каб рабаваць тых кантрабандыстаў. Ладзілі паляванні на людзей і часта добра на тым нажываліся. Нават аддавалі перавагу такому спосабу рабаўніцтва, чым самім «чэсна» займацца кантрабандай. За яе, кантрабанду, у Саветах вельмі сурова каралі.

Шматкроць здаралася, што такая кампанія «паляўнічых» лавіла партыю кантрабандыстаў, у якой крочыў за мяжу агент або некалькі савецкіх агентаў. Сяляне адбіралі ў схопленых «шмугляроў» тавар і адпускалі іх. Тады агенты-выведнікі звярталіся ў ЧК. ЧК з уласцівай ёй энергіяй бралася за справу. А паколькі няма нічога лягчэйшага, чым выкрыццё злачынства, зробленага сялянамі, вінаватых хутка знаходзілі, прыпячатвалі ім бандытызм і «пускалі ў расход». Таму сяляне пасля некалькіх такіх выпадкаў кінулі гэты занятак, а тыя, што і надалей займаліся сабе ім, сталі дзейнічаць больш абачліва. Часта, каб знішчыць за сабою ўсякія сляды і мець абсалютную ўпэўненасць, што справа не выкрыецца, забівалі абрабаваных кантрабандыстаў, а трупы прыхоўвалі.

Вечарэла. Сонца хілілася да зямлі. Забава быў ужо паблізу мяжы. У адным месцы выйшаў з-за густога алешніку, што закрываў паварот дарогі, убачыў за сотню крокаў ад сябе будынак пры дарозе. Гэта была карчма, у якой несумненна знаходзіўся заградатрад. Вакол будынка мітусіліся чырвонаармейцы. Некалькі асядланых коней стаяла паблізу ганка.

Забава ўсвядоміў небяспеку, але падацца назад, каб схавацца, не мог, бо зразумеў, што яго ўжо бачаць. Уцякаць таксама не мог, паколькі найбліжэйшы лес быў уласна за карчмой, на адлегласці больш кіламетра, а вакол цягнуліся голыя палі.

Пайшоў наперад. Памацаў у кішэні наган, а пакет з дакументамі і газетамі запхаў на грудзі пад кашулю. «У выпадку чаго пакраплю іх свінцовым кадзілам, ды ў лес», — думаў Забава, рашуча прастуючы насустрач невядомасці.

Гэта быў план, які яму падказаў мозг, а дакладней кажучы, інтуіцыя. Любыя іншыя дзеянні ў дадзенай сітуацыі былі пройгрышнымі. Гэты ж мог атрымацца. Перад карчмой мітусілася некалькі чырвонаармейцаў; адны ўваходзілі, другія выходзілі. Пры выпадку Забава мог вельмі хутка, амаль імгненна расстраляць некалькіх з іх і, перш чым іншыя апамятаюцца, сігануць у лес. Бегаў ён шпарка, таму калі б у яго не пацэлілі з першага стрэлу, даімчаў бы да лесу, які ўжо ахутвалі вячэрнія прыцемкі. У лесе ж ён быў бы сам сабе гаспадар.

Крочыў ужо паблізу карчмы. Ішоў сярэдзінай дарогі, штосьці насвістваючы. Чырвонаармейцы глядзелі на яго. Забава, замест таго, каб абмінуць карчму, падышоў да ганка, дзе на лаўцы стаяла вядро вады і бляшанка ад кансерваў, якая замяняла кубак.

— Добры вечар! — сказаў, набіраючы ваду з вядра.

Зацікаўленасць чырвонаармейцаў ягонай асобай адразу знікла, і Забава, напіўшыся вады, пайшоў сваёй дарогай, ні пра што не пытаны. Было яму весела. Далонь моцна і ўпэўнена сціскала шурпатую рукаятку нагана. Пачуваўся валадаром жыцця і смерці. Нешто цёплае казытала яго ў грудзях і горле — як тады, калі бачыў цудоўную ўсмешку на твары спадарыні Ядвігі.

Датупаў да лесу. Пераскочыў канаву і ўвайшоў паміж высокімі хвоямі. Лёг на мяккім імху і запаліў цыгарэту. Неўзабаве зноў выйшаў з лесу і спыніўся пры дарозе. Перад ім рассцілася велізарная паляна, аточаная густым борам. Перасякала яе дарога, знікаючы за цёмнай сцяной лесу, які з малымі перапынкамі цягнуўся ажно да мяжы. Забаве было душна. Парыла, паветра было нібы насычанае электрычнасцю. Насамрэч дзеялася штосьці незвычайнае. Нерушная цішыня панавала вакол. Толькі птушкі, трывожна шчабечучы, кружлялі над самай зямлёй, але раптам і яны зніклі.

З захаду падыходзіла навальніца. Верхам гнала перад сабою статак парваных ветрам аблокаў. Усё замерла. Удалечыні, нізка над дрэвамі, паказалася чарада чорных хмараў. Паўзла павольна, цёмная, змрочная, жудасная. Раптам спынілася адразу над лесам. Збілася цясней, нібы збіраючы сілы да нападу, і праз імгненне цяжка абрынулася на лес, як туша велізарнага звера на лугавую траву. Лес нібы вохнуў і задрыжаў. Нібы заслонай наваліўся змрок. Стрэлілі маланкі, белымі, блакітнымі і залатымі ніткамі працінаючы цемру. Цяжка ўздыхнулі перуны і з трэскам разарвалі паветра на тысячы шматкоў. Рыкнулі нізка, цяжка, глуха.