Выбрать главу

Бура шалела. А праз буру, лівень, віхуру няспынна цягнуўся наперад чалавек. У руцэ меў наган, у кожны момант гатовы страляць.

«Каб толькі не збіцца з дарогі», — трывожна думаў Забава.

Праз гадзіну бура мінула. Дождж сцішэў, а потым і зусім перастаў. Толькі па-ранейшаму валадарыла ноч. Ноч цёмная, непраглядная, ноч гэткая чорная, што, здавалася, можна па ёй, як па сажы, маляваць пальцам. Уласнай далані перад вачыма не было відаць. І чалавек у ёй быў быццам акунуты ў дзёгаць.

Ідучы па невядомай дарозе наперад, Забава часам напорваўся на дрэвы, некаторы час кружляў, мацаючы нагамі зямлю, зноў выходзіў на дарогу і цягнуўся у цемру і невядомую далеч.

Дарога ішла і ішла, цягнулася і цягнулася. У адным месцы натыкнуўся на нейкі слуп. Абмацаў яго рукой. Быў чатырохкутны; стаяў на невялікім капцы. Зрабіў некалькі крокаў далей і зноўку ўспёрся на слуп. Тады яшчэ не ведаў, што гэта была мяжа з пагранічнымі слупамі. Сеў на капцы. Вельмі хацелася папаліць. З цяжкасцю здолеў запаліць цыгарэту, бо запалкі адмоклі.

Выпаліў цыгарэту і рушыў далей. Ступакі гразлі ў балоце. З намаганнямі пасоўваўся наперад. Ішоў яшчэ амаль з гадзіну, зусім ужо згубіў бадзёрасць і ахвоту ісці, што звычайна здараецца, калі чалавек не мае пэўнасці, што правільна ідзе. Вось пайшла высокая трава, стаў спатыкацца на нейкіх камянях. Нешта высокае перагарадзіла яму дарогу. Абмацаў далонямі перашкоду. Гэта быў вялікі, жалезны крыж. «Могілкі, — падумаў Забава. — А дзе ёсць месца памерлых, там паблізу будзе места і жывых. Ці не Койданава гэта?»

Праваруч бліснула святло. Забава зрабіў у тым кірунку некалькі крокаў і ўбачыў яшчэ плямы святла. Яго раптам ахапілі два процілеглыя пачуцці: пачуццё радасці, што знаходзіцца між людзей, і страху, што мог заблудзіцца і зайсці далёка ўглыб савецкай тэрыторыі. Крочыў нейкай вуліцай. Паміж ім і святлом, што падала з акна нябачнай у цемры хаты, прасунулася нейкая постаць.

— Якая гэта вёска? — паспешліва спытаў па-расейску Забава.

Перапалоханая жанчына адсунулася ўбок.

— Гэта не вёска, гэта Ракаў. — даляцелі да ягоных вушэй кінутыя з цемры словы.

— Ракаў!.. — паўтарыў ашчасліўлены Забава і паклаў у кішэню наган, з якога сцякала вада.

Неўзабаве быў на Букраўцы. Знайшоў менскае прадстаўніцтва пэўнай службы. Сустрэў яго ўзводны, які добра насёрбаўся.

— Ну, што? Як там, пане, таго?.

— Выдатна.

— Я пану казаў. А, можа, таго? — зрабіў даланёй красамоўны, інтэрнацыянальны жэст, якім выказваецца прапанова выпіць чагосьці моцнага.

Неўзабаве Забава ляжаў у нядбайна збітым з габляваных дошак ложку. Быў накрыты некалькімі бруднымі і падранымі коўдрамі. Побач на стале гарэла лямпа, пры святле якой некалькі жаўнераў гуляла ў карты. Раз-пораз на стале з’яўлялася бутэлька гарэлкі. Калі яна пусцела, адзін з жаўнераў браў бутэльку за рыльца і што ёсць сілы шпурляў пад ложак аб сцяну, так што разляталася ў друз. Пры гэтым важна казаў:

— У яблычка!

Забаве было весела. Выпітая гарэлка агнём разлілася па целе. Вочы салодка клеіліся. Перад імі праплывалі розныя вобразы «адтуль»: пан Юзаф, ягоная дачка, пасажыры ў вагоне. У вушах гучала песенька: «Браў цябе я босай, голай, безвалосай…» і тут:

— У яблычка!

Забава заснуў і душой апынуўся ў «чацвёртым вымярэнні». Меў трывожны сон. Як душу страхотлівыя сны, гэтаксама ягонае цела, фізічную істоту апанавалі трывіяльныя вошы. Гэтыя істоты маюць у сабе нешта агульнае з людзьмі: цікавіць іх усё новае. Ці гэта адзежына, ці бялізна, ці плоць — іхная ежа. І Забава быў для іх менавіта такой навінкай.

— У яблычка!

* * *

Калі Забава паліў цыгарэты, седзячы ў начной цемры на капцы пад межавым слупам, у сутарэннях Чрэзвычайкі ў Менску капітан Антасевіч, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць чорт ведама якой дзяржавы, другі тыдзень рабіў падкоп, хочучы выбрацца на волю. Працаваў вобмацкам, дзюбаў іржавым цвіком, выграбаў кавалкам жалезнага абруча і рыў уласнымі пазногцямі. Праца пасоўвалася наперад вельмі павольна, але працаваў упарта, з цяжкасцю адужваючы сантыметар глебы за сантыметрам.

Час ад часу рабіў перапынкі, прыслухоўваўся да крокаў жаўнераў-вартаўнікоў у калідоры. Вакол панавала непраглядная цемра.

ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ
Вільня
14 жніўня 1922 г.