Маёй працай усе задаволены, і гэта мяне вельмі цешыць. Заўсёды любіў выконваць даручаныя справы добра, нягледзячы якія яны: легальныя ці нелегальныя. Пра чалавечыя вартасці мяркую не паводле агульнапрынятых этычных правіл, а найперш на падставе таго, ці трымае той ці іншы чалавек слова, ці не. Калі так, вер ва ўсім, не — будзь уважлівым! Некалі я жыў на Каўказе, і заўважыў, што чэркесы, грузіны, чэчэнцы і іншыя горцы вельмі шануюць цвёрдае слова. Гэта ў іх прыроджанае. А ў нас калі нехта прызначае сустрэчу, напрыклад, на заўтра а восьмай вечара, то пытае: «Ты прыйдзеш?» «Ну, зразумела», — адказвае той. Пасля дадае: «Але ты абавязкова прыйдзі!» «Добра, — кажа сябар, — я прыйду». І гутараць сабе далей. Адзін зноў нагадвае: «Дык ты не забудзься прыйсці заўтра а восьмай!» «Не, я не забудуся». І так працягваецца, нібы ў зачараваным коле. Чаму ў нас, славян, так? Можа таму, што досвед наш паказаў, як цяжка верыць словам нашых блізкіх. Дзесяць разоў хтосьці нешта паабяцае і… забудзецца. З каўказскім горцам шматкратнае нагадванне пра дамоўленасць лішняе. Могуць нават пакрыўдзіцца.
Я намерваўся рапартаваць пра поўны бардак на мяжы адносна дапамогі агентам, помнячы пра сваё начное блуканне, але не хацелася гэтага рабіць, каб на мяне хтосьці меў зуб. Наважваюся ў будучым сам сябе забяспечваць інфармацыяй, не спадзявацца на чужы спрыт. Хіба не камічна: ракаўскі шавец даў мне лепшую наводку, чым людзі, для якіх гэта было абавязкам. Калі б не яго інфармацыя пра дарогу ў Менск, я мог бы зайсці невядома куды.
Атрымаў штабныя нямецкія карты свайго адрэзка мяжы і ўважна праштудзіраваў іх, убіваючы сабе ў памяць кожную дэталь дарогі, аналізуючы прычыны папярэдняга блукання.
Сёння прадаў выламаныя з бранзалета дыяменты. Атрымаў за іх 270 даляраў. Дыяменты напраўду былі «чыстай вады» і сапраўды пацягнулі больш за 3 караты. Замовіў дарагія і зручныя боты, якія сядзяць на нагах быццам улітыя. Гэта для мяне важная рэч — з ног я жыву, як воўк. Купіў выдатны рэвальвер-парабелум, да яго 6 запасных магазінаў і 100 патронаў. Вельмі люблю рэвальверы гэтай сістэмы. Пры беражлівым карыстанні яны надзейная зброя. А як зручна кладзецца ў далонь і з якой хуткасцю можна страляць і перазараджаць абоймы! Цудоўны «капыт». Дакладней: не капыт, а жаночая ножка. Апрача таго, купіў добры компас фірмы «Бэзард». Вельмі зручны. Мае далікатную фасфарыстычную стрэлку і выразныя дзяленні. У дарозе яго можна павесіць на грудзі і мець вольнымі рукі.
Сёння быў я ў Кароля Фарбы (мужа Ядвігі Двалінскай) і аддаў яму ліст ад жонкі. Спадарыня Ядвіга дала мне ліст незаклееным. «Хай пан прачытае», — сказала мне. Я прачытаў. Хтосьці здзівіцца, што можна чытаць чужыя лісты, але тут іншая рэч: на выпадак правалу мне трэба ведаць, што я маю пры сабе.
Фарба толькі похапкам прабег вачамі ліст, напісаны добра вядомым яму почыркам.
Менск,
9 жніўня 1922 г.
Каханы Каролю!
Чаму так даўно ты не пішаш? Знаёмыя часта атрымліваюць лісты з Польшчы праз Рэпатрыяцыйную Камісію і праз рэамігрантаў, а ты нічога не пісаў. Становішча наша вельмі цяжкае. Тата ледзь-ледзь сабе на кавалак хлеба зарабляе, а тут яшчэ я з Андзяй… Андзя мае ўжо 5 годзікаў, а выглядае на 3. Гэта таму, што дрэнна харчуецца. Не хапае нам самых неабходных рэчаў, не кажу ўжо пра хлеб. Ты, можа, гэтага не разумееш? Дапамагаюць нам трохі матуліны сваякі з вёскі.
Як найхутчэй паклапаціся пра наш выезд у Польшчу. Гэтулькі знаёмых ужо выехала, а мы ўсё чакаем.
Дзякуй за фотаздымак. Пішы, што ты надумаеш? Прывітанне ад таты, матулі і Андзі. Моцна цалую Цябе.
Ядзя.
— Як яна выглядае? — спытаў мяне Кароль.
Гэта пытанне не пра здароўе, а толькі пра выгляд жонкі, нагадала мне словы пана Юзафа: «…проста пра сваю ўласнасць нагадвае. Як пра карову або казу». Таму я адказаў:
— Выдатна! Цудоўна! Упершыню ў жыцці бачыў такую красуню! Калі прыедзе ў Вільню і добра апранецца, дык усіх вільнянак зацьміць прыгажосцю.
Задаволеная ўсмешка загуляла на ягоных вуснах:
— А я... цешуся... радуюся. — муркатаў, ледзь не аблізваючыся.
Ні здароўем дачкі і іх матэрыяльным становішчам не пацікавіўся. «Добры з цябе гусак!» — падумаў я. Кароль пажадаў абавязкова пайсці са мной у рэстаран — пачаставаць за паслугу. Я адгаварыўся. Настойваў. Я сказаў: «Ужо і так пад градусам, а калі яшчэ дадам, дык магу каму-небудзь гарбуз бутэлькай раскроіць!» Усё ж на развітанне я паабяцаў яму перад ходкай за мяжу зайсці па ліст.
Дзіўная рэч: як некалькі трапных слоў могуць вычарпальна ахарактарызаваць чалавека. Гэта пра Юзафавы словы. Здавалася мне, што Фарба хвосцікам менціць. Нагадваў мне выпешчанага хатняга сабачку. Упэўненага ў доме, пры гаспадары, але хай толькі апынецца адзін па-за сценамі, хай пачуе паблізу ваўка, задрыжыць, запішчыць, хвост падтуліць: ратуйце!