— Добра. Забылася пра галоўнае: тата купіў для пана вайсковы шынель, амаль новы, шапку, мужчынскі гарнітур і значок. Усё, пра што прасілі.
— Хапіла грошай?
— Яшчэ засталіся. Зараз пакажу адзежу.
Выняла з куфра рэчы. Забава быў задаволены. У гэтай форме, са значком на шапцы мог паўсюль выдаваць сябе, маючы добрыя дакументы, за тэлеграфіста. Меў у гэтай галіне пэўныя веды, бо скончыў калісьці скарочаны курс наглядчыкаў тэлеграфа і тэлефона, адзін час працаваў, і такім чынам арыентаваўся добра ў ролі, якую пакуль што абраў для сябе.
— Дзякуй, пані, за ўсё, — сказаў усцешаны.
— Калі ласка, я хацела б для вас зрабіць больш. Гэта было б для мяне вельмі прыемна. Няхай пан верыць, што я мужная.
Забава засмяяўся, а потым спытаў сур’ёзна:
— Няўжо пані ведае, што гэта так ужо небяспечна? Вы не арыентуецеся ў справе, а я не жадаю мець маральнай адказнасці.
— Але, калі ласка, пан, я была б шчаслівая, калі б магла нашкодзіць тым «мухаморам». Жах, як не люблю іх, можа нават больш за тату не люблю іх.
— Няўжо пані мае каго знаёмага з асяроддзя чырвонай арыстакратыі?
— Ведаю асабіста каменданта места.
— Крывашэіна?.. Адкуль яго пані ведае?
— Заляцаўся да мяне на балі. У тэатры была з ім. Заўсёды магу абнавіць знаёмства.
— Каго пані яшчэ ведае?
— Ведаю некалькіх чырвоных афіцэраў з 4-й дывізіі.
— Гэта не тое, што трэба. А ці ведае пані каго ў Чрэзвычайцы?
Ядвіга задумалася. Праз момант радасна адказала:
— Ёсць, ёсць, і гэта нават наш далёкі сваяк.
— Як ён глядзіць на сваю службу?
— Працуе добра і на добрым уліку ў іх, але не фанатык. Наадварот, незадаволены і лічыць сябе пакрыўджаным. Жадаў бы быць кімсьці большым, бо мае талент, але з’яўляецца звычайным агентам.
— Ці пані ў ім упэўненая?
— Абсалютнай упэўненасці няма, але можна яго павывучаць. Калісьці размаўляла з ім. Казаў, што ахвотна кінуў бы, як сказаў, сабачую службу і выехаў бы за мяжу. Быў узлаваны. Зазначу між іншым, што ён какаініст.
— Какаініст? Гэта добра, — сказаў Забава. — Няхай пані пры нагодзе пагаворыць з ім. Можа, мне спатрэбіцца.
Доўга яшчэ яны сардэчна і весела гутарылі, як двое добрых сяброў. Пані Ядвізе прыйшлася да густу роля змоўшчыцы, а Забаве — новы паплечнік. «Якая розніца паміж ёй і Каролем, — думаў Забава. — Трапілася ж цюхцяю-ныціку такая малайцаватая жанчына».
Гаспадар Юзаф вярнуўся з рынка позна. Убачыўшы Забаву, вельмі ўзрадаваўся.
— Ушанаванне. Як здароўечка? Што новага? — голасна вітаў ён Забаву.
— У мяне ўсё добра. Што ў вас?
— О, у нас вялікая навіна. Паставілі помнік Карліку Марліку.
— Не разумею, камісар нейкі?
— Які тамака камісар! — засмяяўся спадар Юзаф. — Гэта мая Марыся (жонка Юзафа) так Карла Маркса назвала. Кажа: «Кудлаты такі. Карлік Марлік, як сабака». Бачыў і я помнічак: трох рублёў не варты. Нізенькі пастаменцік, як пад гаршчок для кветак, а на ім бюст — у музеях экспанаты злачынцаў уздоўж сцен лепшыя стаяць. А што крыку нарабілі! Цэлая ўрачыстасць. Аркестры, шэсці, прамовы. Гэта як бы дзецюкі вясковыя: удзесяцёх бутэльку гарэлкі вып’юць і крычаць, равуць, усю вёску будзяць. Або курыца: яйка знясе, а накудахчыцца, быццам слана выседзела.
Калі Забава ляжаў над «другой лініяй», слухаючы песні савецкіх пагранічнікаў, у Менску, у першым сутарэнні ЧК, капітан Антасевіч ляжаў збіты, сплываючы крывёй, на бруднай падлозе. Збілі яго жаўнеры і чэкісты, якія выкрылі зроблены ім падкоп. Ад гэтага часу ўсе ў Чрэзвычайцы звалі яго «Кратом».
Ляжаў, а ў галаве снавалі сумныя думкі; ляжаў галодны, спанявераны, змучаны, але гатовы да ўцёкаў зноў, калі б на тое заставаўся хоць бы самы мізэрны шанец на поспех. За дзвярамі чуліся крокі жаўнераў і да ягоных вушэй далятала песенька:
Таксама ў той жа самы час дыверсійная група «Мухі» — Міхальскага, якая вырушыла з Цімкавіч, з Пагранічнага атрада, чакала сігналу да пераходу на тэрыторыю Польшчы.
Было іх трыццаць шэсць. Мелі з сабою, акрамя рэвальвераў, карабінаў і гранат, яшчэ два лёгкія кулямёты. Ляжалі на лузе, за ракітнікам паблізу рачулкі, па якой праходзіла мяжа. Ніхто не размаўляў. Цішыню вечара парушала ўдалечыні песенька жаўнераў польскай пагранічнай аховы: