Выбрать главу
* * *

Быў позні вечар. Забава вярнуўся з места. Сядзеў з гаспадаром Юзафам і размаўляў пра «палітыку». Гаварыў пераважна Юзаф, які ўжо пацягнуў даволі вялікую порцыю польскага спірту, і граміў, як зазвычай, бальшавікоў. Карыстаўся рэдкім выпадкам, каб выказацца, маючы лаяльнага і цярплівага слухача.

— Я, паночку, універсітэтаў не канчаў, вялікіх розумаў не з’еў, але абдурыцца не дамся. Мяне на прыгожае слоўца ніхто не возьме. Я, проша пана, мяркую, што прагрэс складаецца ў тым, каб чалавеку як лепш жылося. Цяпер у Англіі прафесійны работнік жыве лепш, чым калісьці кароль. Вось гэта прагрэс.

— Так, шляхам эвалюцыі дайшлі да... — пачаў Забава.

— Менавіта, — перапыніў яго Юзаф. — А як тое лепшае жыццё назавуць: манархізм, дэмакратызм, сацыялізм — усё роўна, бо сутнасць не ў словах і лозунгах, а ў самім жыцці. І калі хтосьці, мой паночку, учыніць які галадамор, зробіць усіх жабракамі, беднякамі, пазбаўленымі ўсялякіх правоў, і скажа, што гэта вольнасць, роўнасць і братэрства, я скажу яму: ты хлусіш, гэта турма, гэта могільнік. Крычаць: буржуазія, буржуазія. А ў чым буржуазія правінавацілася? Англія культурная? Так. Чаму? Бо любіць працу. Кожны англічанін — чалавек слова і ўчынку. Я там быў; ведаю іх. Бельгія, Францыя, Швецыя, Нарвегія, Швейцарыя гэтаксама. Галандыя ў мора зямлю адваёўвае. Данія з ветравейных пяскоў ураджайную глебу стварыла. Альбо найбліжэйшы сусед наш, Фінляндыя: на скалах жывуць, у суровым клімаце, а параўнайце іх культуру з нашай. Пацеха. У нас еўрапейскай культуры ніколі не было і не будзе, бо людзі тут — гной, а гной толькі на тое варты, каб зямлю ўгнойваць, на працу ж інтэлігентную розум патрэбен. Дарма марнуюць найбагацейшую краіну ў свеце, з голаду канаюць і пры гэтым зайздросцяць буржуйскай манішцы, а не ведаюць, набрыдзь, што той немец, калі трэба, па 16 гадзін працуе ды яшчэ як працуе.

Пан Юзаф напоўніў кілішкі. Выпілі.

— Або грамадзянская свабода, — працягваў Юзаф. — Камедыя, паночку. Англія — манархія, а там грамадзянін карыстаецца найбольшымі свабодамі. Расея — дзяржава сацыялістычная, камуністычная, а ў яе найменшыя грамадзянскія правы. Але дзе там «найменшыя». Проста ўлады ставяцца да грамадзяніна горш чым да быдла. Не-на-ві-дзяць. Бо так падманваць, эксплуатаваць і катаваць могуць толькі садысты, якія ненавідзяць, шалёна, да смерці.

Маўчалі. Было ціха.

— Едзь, пан, у Польшчу, — сказаў праз некалькі хвілін Забава.

— У Польшчу. А навошта? З якой прычыны? Я тут 25 гадоў прапрацаваў. Тут маё месца. Я чалавек працы. Працу я люблю. Сам за пяцярых працаваў. Але цяпер не жадаю і не буду. Няхай і са мною маюць клопаты. Я спецыяліст, цясляр; працу і цяпер магу знайсці — спецыялісты патрэбныя. А я не жадаю. Вось і далей як перакупшчык буду спекуляваць, але за фунцік солі ў год і двух фунтаў гароху рук сабе ўрываць не жадаю. Абыдзецца. А здохну, не шкада, хто ў пекле жыве, анічога згубіць не баіцца. Мне б яшчэ толькі дачку з Андзяй у Польшчу перавесці; даволі тут савецкага райскага міндалю наеліся. А з кожным годам усё горш. Ужо 5 гадоў гэтак мучымся і канца не відаць. Блага, паночку, блага.

За акном гойсаў вецер. Спрабаваў задубелымі пальцамі адчыніць аканіцы. Не здолеў і заплакаў… Па даху барабаніў дождж.

— Блага, паночку, блага, — гучаў у вушах Забавы голас пана Юзафа.

2

У камендатуры 8-й пяхотнай дывізіі ў Бабруйску дзяжурны афіцэр прагледзеў дакументы Забавы.

— З якой мэтай патрэбны вам пропуск?

— Хачу даведацца пра службовае прызначэнне таварыша Андрэя Смоліна, які служыць у 8-й дывізіі.

— Сумняваюся, каб у штабе дывізіі гэта было вядома. Лепш за ўсё ў палку…

— Палкоў тры і яшчэ кавполк. Невядома, дзе шукаць.

— Калі ласка, вось пропуск…

Праз паўгадзіны Забава быў у штабе дывізіі. Агледзеў памяшканні. Звяртаўся да некалькіх пісараў, распытваючы іх пра таварыша Андрэя Смоліна, нарэшце выйшаў на вуліцу.

Быў страшэнна стомлены. Хацелася спаць. Чатыры дні быў у дарозе. Аб’ехаў некалькі местаў. Акалічнасці склаліся так, што нідзе не мог выспацца… На вакзалах піў «моцную», падробленую, напараную з содай гарбату; выпаліў мноства цыгарэт і драмаў на хаду.

Да цягніка засталося 4 гадзіны, таму пайшоў да крэпасці. Мінуў цудоўны бор, які ахінаў крэпасць, які быў напалову высечаны. Валы і абарончыя равы мелі варты жалю стан. Усярэдзіне крэпасці большасць будынкаў былі разбураныя і дагэтуль не адноўленыя, хоць не было дзе рассяліць салдат. Велізарныя комплексы будынкаў змрочна зеўралі чорнымі праёмамі акон і дзвярэй. Некаторыя пабудовы ляжалі ў друзе.