На адным з шырокіх пляцаў муштравалі жаўнераў, якія неахвотна выконвалі каманды. Забава сеў на ганку нейкага будынка і прыглядаўся да людзей, што сноўдалі, як мурашы. Адна група жаўнераў спявала:
Пайшоў далей. Ішоў, як аўтамат… Часам яму здавалася, што ён стаіць на месцы, а наўзбоч праплываюць будынкі.
«Дзіўна», — думаў. Але зараз жа стомлены мозг падказваў: «Гэта не будынкі рухаюцца, гэта ты ідзеш». Ішоў і шаптаў: «Ага. Гэта я іду… іду…»
Вілася ў паветры песенька жаўнераў.
«…Шчасця ключы… — шаптаў Забава, — шчасця… Ах, як хочацца спаць».
У вагоне Забава забіўся ў купэ, у якім ехалі некалькі вайскоўцаў. Сеў у кутку ля акна і, калі цягнік рушыў, адразу заснуў. Прыснілася яму, быццам апынуўся ў вялікай зале, у якой замест адной сцяны стаялі вялікія жалезныя краты. У той зале было поўна вясёлых людзей. Усе смяяліся. Невядома, як і калі — як гэта звычайна адбываецца ў сне — сярод іх апынуліся дзве вялікія птушкі, падобныя да буслоў, але значна большыя. Людзі, якія знаходзіліся ў зале, падыходзілі да іх і кожны аднолькавым рухам торкаў птушку пальцам у бок. Птушка, незадаволеная, рабіла злосны жэст дзюбай, крычала: кэ-эр, і нязграбна адскоквала назад. Забаву было шкада птушак, і дурная весялосць тых людзей злавала яго. Хацеў, каб птушкі адгэтуль збеглі. Так яно і сталася. Птушкі наблізіліся да кратаў і хоць пранты тырчэлі густа-шчыльна, лёгка, нібы гумовыя, праціснуліся паміж імі і — зніклі.
Потым мроілася яму, што ляжыць на лузе. Цяплынь… Зялёнатраўе… Весялосць. Свяціла сонца. Да яго ішоў малады прыгожы казельчык; рожкі толькі што прабіліся. Наблізіўся прыскокамі да Забавы, выцягнуў да яго пыску, блізка, блізка і нечакана аблізаў яму нос і вусны. Забава рэзка адхіліўся і… прачнуўся.
Перад ім стаяў чэкіст:
— Дакументы.
Забава падаў яму пасведчанне і адпускны білет. Чэкісты прагледзелі іх і пайшлі далей.
У Менску ён узяў танную пралётку і паехаў у кватэру Брагіных.
Быў вечар. Імжэў дождж. Мінакі паўзлі па вуліцах, як цяжкія мокрыя жукі.
Забава быў трохі ўсхваляваны. «Зараз я пабачу Зосю», — думаў, адчуваючы, як усё больш і больш ахоплівае яго хваляванне. Зазваніў у парадныя дзверы вялікай хаціны.
— Хто там? — пачуў праз момант добра яму вядомы нізкі голас Зосі.
— Я… Раман…
— Ой… Ромусь, — пачуўся ўсхваляваны жаночы голас.
Дзверы хутка адамкнуліся.
— Хадзі сюды. І ціха. Ах, Божа, каб я ведала.
Забава не мог зразумець Зосі, якая была гэтак усхваляваная, быццам чагосьці баялася. На прывітанне нават не пацалавала яго.
— Ці ведаеш ты, Ромку, я замужняя, — прамовіла неўзабаве з відавочным намаганнем.
— А, та-ак.
Забава ўжо не дзівіўся. Прыкмеціў у ёй шмат чужога, чаго не бачыў раней. Не зваў ужо яе як раней — адным з пяшчотных імёнаў, але афіцыйна: Соф’я Паўлаўна.
Прыйшла маці Зосі. Прыязна прывітала яго.
Забава распавёў ім добра прыдуманую гісторыю перажытага ад 1920 года, з якой вынікала, што служыў у цэнтральнай Расеі і на Украіне, а нядаўна перасяліўся ў Бабруйск. У Менск прыехаў па тэхнічную літаратуру.
Пастанавілі пазнаёміць Забаву з мужам Зосі не як яе былога жаніха, а як іх далёкага сваяка, каб не раўнаваў.
— Ромчык, я была вымушана выйсці замуж. Было нам гэтак цяжка. Я думала, што ты не вернешся. — казала Зося.
— Што рабіць? Спазніўся. А хто муж?
— Начальнік станцыі.
— Камуніст?
— Так, партыйны.
Брагін, чалавек старамодны, вясёлы, гасцінны, вельмі ўсцешыўся прыезду Забавы.
— Казаў вам, што вернецца. Што? Га? Мая праўда. Але спазніўся, прамарудзіў. Ну, нічога, мы маем для яго іншы арэх. Ой, мо-оцны, — смяяўся, паказваючы вачыма на малодшую дачку.
Эльжбету Забава не пазнаў. З дзяўчынкі-падлетка вырабілася ў выдатную дзяўчыну, ззяючую нейкай пышнай, пачуццёвай прыгажосцю. Трымалася манерна вольна і шумна. Апраналася проста напаказ і біла ва ўпор кожным жэстам, кожным паглядам.
«Вох. Стоадсоткавая куртызанка. Акула вырасла, — думаў Забава з адценнем прыкрасці і цікавасці адначасова. — Якая цудоўная постаць. Гэта падкрэсліваюць і вопратка, і рухі».
— А Эльжбета Паўлаўна ў партыю не ўступіла? Цяпер яно так модна. — спытаў яе Забава.
— Не-е. — адказала пявуча, прыгожым рухам галавы адкідваючы валасы назад.