Выбрать главу

Жыву ў малым пакойчыку ў спадарыні Жарскай, жанчыны векам за 50, полькі з Вільні (віленскай полькі), калісьці даволі добра матэрыяльна забяспечанай, а зараз прачкі, якая ледзьве ліпее з уласнай працы. Ейны муж, чыгуначнік, памёр ад тыфусу ў 1920 г. Пасля ягонай смерці кабеціна засталася адна з дванаццацігадовай дачкой Юлькай. Камічныя склаліся адносіны маці з дачкой. Маці, жанчына набожная, не магла даць рады з дзяўчынай, якая хутчэй да падшыванца, хлапчука была падобная. Калісьці абвясціла матцы, што ўступіла ў камсамол. Маці махнула рукой: «Рабі, што хочаш. Потым пашкадуеш».

У маім пакойчыку, аддзеленым перагародкай ад астатняй кватэры, былі шчыліны, захінутыя абвіслымі шматкамі шпалераў. Праз іх мог пры выпадку назіраць за ўсёй кватэрай Жарскай, памяшканне тое складалася з аднаго вялікага пакоя і кухні насупраць маіх дзвярэй. Зранку мог бачыць, як спадарыня Жарская малілася, а потым ішла на працу. Юлька ўставала пазней, «па-шляхецку», як казала маці. Свістала, спявала. Часцяком чуў урыўкі з папулярнага ў Саветах «Яблычка»:

Ленін з Троцкім мне спяваюць: «Піражкі гарачыя». Пра мяне Саветы дбаюць, Болей не заплачу я.

Часта спявала такое, што сорамна і пісаць тут. Часам напявала папулярную, зусім бессэнсоўную прыпеўку ў такт маршу:

Па вуліцы хадзіла Нявеста кракадзіла. І ўся яна зялёная была. Убачыла француза — І цап яго за «пуза»! І ўся яна зялёная была. Убачыла «кітайца» І цап яго за… І ўся яна зялёная была.

Заўчора падгледзеў праз шчыліну наступную сцэну. Да Юлькі прыйшла сяброўка Жэня, дзяўчына трохі старэйшая за яе. Нешта тамака доўга балаболілі, хіхікалі, потым Жэня казала:

— Паглядзі, ці ў мяне прыгожая хада?

— Ну, ідзі.

Пятнаццацігадовая дама склала вусны сэрцайкам, прымружыла вочы, схіліла галаву набок і, ненатуральна выгнуўшыся, выстаўляючы грудзі, прайшлася перад Юлькай. Тая з вялікай сур’ёзнасцю сачыла за ёй.

— Ну, як? — спытала Жэня, скончыўшы парад і набіраючы ў лёгкія паветра.

— Хада ў цябе нішто сабе, прыгожая, — сур’ёзна цэдзячы словы, прысудзіла Юлька, — толькі мала ср...й круціш.

Я ледзьве гучна не засмяяўся.

Юлька прыбірае мой пакой. Стукае, уваходзіць, робячы сур’ёзную міну; падмяце, прыбярэ ў пакоі і выйдзе. Хацеў даць ёй трохі грошай, але не ўзяла. Напэўна маці папярэдзіла яе, каб не брала. Я прынёс з места танныя цукеркі, якія прадаваліся на рынку з-пад прылаўка. Узяла іх ахвотна. Гойсае для мяне ў места па цыгарэты. Рыхтуе гарбату.

Часта да мяне наведваецца хтосьці з Брагіных. Аднойчы прыйшоў сам Брагін. Зрабіў таямнічы выраз, зачыніў дзверы на ключ і шматзначна падміргнуў:

— Успомнім мінулае, га?

Паставіў на стале пляшку самагонкі. Стары любіў выпіць. А калі падпіў, пачаў скардзіцца, што ён «лішні чалавек».

— Разумееш, мой дарагі, — казаў Брагін, — кожная птушка на зямлі мае сваё месца і абавязак, які лёгка і весела выконвае, які надае сэнс ягонаму жыццю. А я нішто. Наогул: ці можа хто чалавеку паказаць на ягоны абавязак? Не. Чалавек сам яго знойдзе, тады шчаслівы будзе — як птушка. А мы ўсё на чужых месцах або зусім без месца — падвешаныя ў прасторы.

Я ўмею гутарыць са старэйшымі людзьмі, а найперш умею іх слухаць; гэта найболей ім падабаецца, а мне не шкодзіць; такім чынам набыў давер у Брагіна.

Прыкідваюся, што закаханы ў Лізу, раблю гэта натуральна, каб акрамя яе не прыцягваць нічыёй увагі. Яна прыгожая — проста ззяе пачуццёвай прыгажосцю адаліскі, гультаяватай і страснай. Пазіраю на яе з захапленнем у вачах, а калі заўважае гэта — перабольшваю сваё захапленне. Сказаў ёй, што нагадвае мне нейкую славутую кіназорку і што нават прыгажэйшая за яе. Заўважыў, што ёй гэта спадабалася.

У савецкай кнігарні купіў некалькі выпадковых кніг. У падарунак даў Зосі «Вайну і мір» Талстога, Лізцы «Саніна» Арцыбашава. Атрымаў ад яе ўдзячную ўсмешку і фотаздымак, на якім была апранутая ў цыганскі строй. Сказала, што ў тым строі была на баль-маскарадзе і атрымала ўзнагароду (і ў Саветах ёсць балі, але там забаўляецца не буржуазія, а толькі эліта — чырвоная, зразумела). Што да майго стаўлення да Зосі, імкнуся скіраваць яго на шляхі сентыментальных успамінаў пра нашае ранейшае каханне, што — да агульнага задавальнення — цалкам у мяне атрымоўваецца.

Пазнаёміўся з Зосіным мужам, Іванам Рыгоравічам Кобзавым. Паводзіць сябе як ідэйны камуніст, але па нейкіх дэталях я заўважыў, што пэўныя «буржуазныя забабоны» яму не чужыя. Думаючы, што я сваяк Марылі Брагінай, гаварыў са мной вельмі шмат на розныя тэмы. Даведаўся, што лічыць мяне «выключна прыстойным хлопцам», сярод «нашай ушчэнт сапсаванай моладзі», а гэта, мусіць, з той прычыны, што я выказваў вялікае захапленне «каласальнасцю» ягонай працы і адказнасці. Гэта чалавек гадоў за пяцьдзесят, поўны, трохі астматычны; гаворыць павольна і ўвесь час дадае: «вы разумееце»? Пэўна, працуе з ідыётамі, якія не могуць зразумець самых простых рэчаў. Заўважыў, што ў Зосі ён пад абцасам, проста камічны ў імкненні дагадзіць жонцы, намагаецца апярэдзіць ейныя пажаданні, рухі і нават думкі. А тая ставіцца да яго з абразлівай абыякавасцю. Заве яго «Чушкам» — быццам парася. Гэтае інтымнае «Чушка», шматкроць гучна прамоўленае Зосяй, зрабілася для мяне брыдкім, і я ледзь не з агідай глядзеў на Кобзава, які ласціўся да жонкі. Гэтае адно слова канчаткова патушыла жар майго былога кахання да яе. Як я цяпер выказаўся: «жар майго былога кахання». Я так не кажу, не пішу, і нават не думаю; гэта чужы ўплыў — кніг.