Заўважыў, што Кобзаву дорага абыходзіцца ўтрыманне хаты, і асабліва жонкі, якая капрызная і любіць прыгожа апранацца. Уяўляю, колькі могуць каштаваць зараз у Саветах яе модныя сукенкі, лёгкія халацікі, шаўковыя панчошкі. Прамаўляў самому сабе: «Так, спадар Кобзаў: роўнасць роўнасцю, братэрства братэрствам, ідэя ідэяй, але пакуль свет існуе, прыгожая жанчына будзе бясконца больш дарагая за брыдкую і яе цела ўяўляе куды большую каштоўнасць для нармалёвага мужчыны, чым усе сацыялістычныя тэорыі разам узятыя. Брыдкую, старую ты загоніш у прачкі — як спадарыню Жарскую; а перад прыгожай самкай будзеш ты віляць хвосцікам, сліну пускаць. Сам станеш рабом».
Аднойчы, калі жонкі не было ў хаце, Кобзаў паказаў мне спальню, перапоўненую не гэтулькі густоўнымі, колькі каштоўнымі рэчамі. Паказаў мне велізарны двухспальны ложак.
— Мораны дуб, — крэкнуў шматзначна. — Сапраўдны чорны дуб. Набыў пры нагодзе, усяго 50 рублёў, залатых. Адна драўніна чаго каштуе. Масіў. Учатырох ледзьве паднялі. А паглядзіце разьбу. Цуд.
— Так, фактычна. — падтакваў я без вялікага пераканання, дзеля ветлівасці.
— А гэты туалет. Гістарычная, можна сказаць, рэч. Мастацтва. Вока нельга адарваць. Як?
— Прыгожы туалет.
— А той кілім. Натуральны, персідскі. Прывёз з Самарканда. Таксама набыў выпадкова. Пакуль яго саткалі, можа, не адна пара вачэй патухла. Шэдэўр.
— Сапраўды.
— А гэта як вам падабаецца? — штурхануў мяне локцем і па-змоўніцку падміргнуў, паказваючы карціну, намаляваную алейнымі фарбамі, павешаную над ложкам. — Зараз вокны адвешу.
Падняў прыспушчаныя занавескі і павярнуўся да мяне.
— Зося хацела выкінуць на гарышча; кажа: «Навошта гэтае свінства ў спальні, тут не лазня, каб голыя дзеўкі па сценах віселі». Ледзьве яе пераканаў, што гэта твор мастацтва. Толькі калі сказаў, што нагадвае яе саму, такая самая прыгожая, змякчэла. Звярніце ўвагу на гэты цёплы тон цела, на гульню цягліцаў на сцёгнах, на гарачую хвалю медных валасоў. Гэта ўзбуджае. Адчуваеце, як паліць?
— Вядома. Трохі паліць.
Успомніў вершы, якімі крыкнуў «паэт рэвалюцыі»:
Неўзабаве Кобзаў заўважыў, як Зося ветліва да мяне ставіцца, таму таксама пачаў выказваць знакі павагі, магчыма хочучы тым самым зрабіць прыемнасць жонцы або знайсці ў маёй асобе хаўрусніка. Вось гэта быў палітык. Паслядоўны матэрыяліст.
У Брагіных я пазнаёміўся яшчэ з адным ягамосцем, таксама камуністам. Быў ім Міхал Озімаў, сакратар губвыканкама. Найпершы залётнік да Лізкі. Яна сваіх каханкаў пазначыла нумарамі, і нават надала ім гербы. Учора сказала мне, што я таксама маю дэвіз. Спытаўся: «Які?», адказала, што гэта сакрэт, але магчыма калі-небудзь мне скажа, толькі трэба «заслужыць». Таму той Озімаў адчуў да мяне відавочную антыпатыю як да суперніка. Я і вухам не павёў, і нават знарок наймацней дагаджаў пры ім Эльжбеце. Зося таксама не любіць яго; кажа, што гэта насупа і сугней. Сказаў ёй, што знарок заляцаюся да Лізкі, каб тым самым яму насаліць. Яна засмяялася і сказала: «А хай яму будзе, гэтай мэме, добра».
Двойчы быў у спадарыні Ядвігі. У іх пачуваюся найлепш. Тут, у Брагіных, усё нейкае ненатуральнае, усё здаецца фальшывым. Брагін — кансерватар, летуценіць пра «старыя, добрыя часы»; Кобзаў камуніст, закаханы ў мяшчанскія анучы; Озімаў — пыхаваты, як той паўлін, камуніст, педант, эгаіст, які лічыць сябе найвышэйшым і універсальным аўтарытэтам, боствам, што пабліжва сыходзіць да простых смяротных. Маці Зосі — нервовая, падазроная, дрыжыць за кожны кавалак хлеба, скупая і бурклівая. Зося — хатні тыран, амаль істэрычка, якая «згарэла на алтары ахвяравання для ўласнай сям’і», выходзячы замуж за старога, нялюбага мужчыну. Лізка — пра яе не буду пісаць, пакуль што… У сямействе Двалінскіх пачуваюся як ва ўласнай сям’і. Усе шчырыя, добразычлівыя, простыя. Спадарыня Ядвіга мяне здзівіла, і нават сур’ёзна занепакоіла. Калі быў у іх апошні раз, сказала: