— Я маю для спадара падарунак.
— Які падарунак?
— Вось, калі ласка, — падала мне некалькі шматкоў паперы.
Гэта былі два загады з V Корпуса і некалькі загадаў з 4-й дывізіі пяхоты. Загады непасрэднай каштоўнасці не мелі, але сам факт набыцця іх праз спадарыню Ядвігу сведчыў пра тое, што яна мае крыніцы і што рабіла захады ў тым кірунку.
— Няхай спадарыня будзе ўважлівай, гэта не жарт. Спадарыня ведае, чым гэта ёй пагражае?
— Ведаю добра. I хай мяне спадар не палохае. Вы хочаце дапамагчы нам выбрацца адгэтуль. Носіце праз мяжу лісты і рэчы. Таму і я магу таксама трохі рызыкнуць для спадара. Не будзем пра гэта гаманіць. Ёсць іншая справа, пра якую згадвалі. Я размаўляла з адным чэкістам. Згодзен на ўсё. Спадар можа яму верыць — як мне. Пазнаёмлю вас, калі пан жадае, альбо сама зраблю, што трэба. Толькі адно пытанне. вельмі важнае.
— Калі ласка?.
— Ён какаініст. Каб яго цалкам мець у руцэ — можа вельмі спатрэбіцца пану — варта даваць яму, часам, трохі какаіну.
Пані Ядвіга з гэткім запалам казала пра пэўныя справы, так добра арыентавалася ў метадах працы, што вельмі здзівіла мяне. «Яна — прыроджаны шпіён, — думаў я. — У патрэбны момант зможа шмат зрабіць».
Узяў ад яе загады, не таму, што былі мне патрэбныя, але каб зрабіць тым ёй прыемнасць, і сказаў, каб больш без мяне анічога не рабіла, бо буду гневацца і нават буду асцерагацца да іх прыходзіць, бо могуць за ёй сачыць і разам з сабою яна праваліць і мяне. Паабяцала больш гэтага не рабіць.
Сёння ўвечары хачу аднесці два здымкі Кастуся ягонай маці. Даўно яе не бачыў. Цікава, што ў іх новага. Як прынялі вестку пра смерць Кастуся? Мне трохі непрыемна туды ісці, але думаю, што для іх гэта будзе дарагая памятка пра яго. А я?. Я памятаю пра яго заўсёды. Зрэшты, я маю дзённік.
Ціха. Так ціха, быццам застаўся я адзін у цэлым свеце.
ІІІ
«ТРОЕ АДСУТНЫХ»
Чалавек, які збіўся са шляху мудрасці, апынецца ў зборні мерцвякоў.
Было іх чацвёра, дужых, маладых, здаровых. Жыццё і энергія ў іх віравалі. Сядзелі вакол стала, курылі папіросы.
— Дык што там за такая «важная справа»? — спытаўся Забава, гледзячы па чарзе ва ўрачыстыя твары сяброў.
— Кажы ты, Кастусь, — адказаў Часлаў. — Ты найлепей пра гэта скажаш, бо што я. Ведаеш сам: не ўмею языком малоць.
— Так, няхай Кастусь кажа, — махнуў галавой Алесь. — Гэта мой праект, таму не жадаю, каб ты думаў, што мне гэта трэба пазарэз…
Канстанты сядзеў задуменны. Прыгладзіў далонню валасы над высокім ілбом і зірнуў на сябра.
— Добра, — сказаў, — добра. Справа, Рамане, такая: мы хочам вяртацца ў Менск. Навошта бадзяцца нам па чужых кутах. Мы пакінулі там бацькоў, знаёмых. Пакінулі там палову нашых сэрцаў. Ты пакінуў бацьку. Жывём тут, а думкі заўсёды там, сярод сваіх. Мы злачынстваў супраць Саветаў не рабілі — хіба толькі служба ў чужым войску, але гэта тлумачыцца тым, што мы ўступілі ў войска падчас акупацыі. Мы прыйдзем у ЧК, прадставім дакументы і заявім, што жадаем жыць і добрасумленна працаваць у Саветах, у сваім горадзе, як лаяльныя грамадзяне. Напачатку могуць хай сабе часова нас арыштаваць, але сур’ёзных наступстваў не можа быць, бо калі б мы нават на фронце трапілі ў няволю, дык былі б толькі палоннымі, а не зняволенымі. Зрэшты, калі нас нават арыштуюць, то сваякі за нас запаручацца. Хіба не? Зрэшты, гэта Беларусь, і мы, як беларусы, маем права вярнуцца на бацькаўшчыну, нягледзячы на тое, пад якімі ўладамі яна знаходзіцца. Вось, мы і пытаем цябе: ці жадаеш ты далучыцца?
Раман быў здзіўлены.
— Як гэта? Самому аддацца ім у рукі? Хлопцы, я там быў. Я ведаю, што тамака робіцца. Вядома, я пагаджуся, але не такім чынам. Навошта гэтак рызыкаваць? Я з табой, Кастусь, у пекла пайшоў бы. З вамі таксама. Але не так. Пойдзем са зброяй. Схаваемся, а адзін няхай з’явіцца. Пабачым, як усё будзе. Калі ўсё скончыцца шчасліва для аднаго, тады і астатнія з’явяцца, а калі справа будзе швах, тады зробім іначай.