Выбрать главу

— Я казаў, што ён не пагодзіцца, — уздыхнуў Алесь.

— Не, Раманку, — сказаў Часлаў, — калі так, дык мы пойдзем адны. Мы хочам, каб усё пайшло сваім парадкам. Трэба і тое мець на ўвазе, што з трыма, калі мы з’явімся, іначай будуць лічыцца, чым з адным. Мы аніякія тамака ні буржуі, капіталісты ці контррэвалюцыянеры. Вяртаемся дадому, да працы, не маючы на сумленні ніякіх злачынстваў — ані крымінальных, ані палітычных. Мы прыйдзем шчырая, адкрытыя. У гэтым наш козыр. Чаго нам баяцца?

Доўга размаўлялі сябры. Забава, згодна дамове, павінен быў застацца ў Вільні і чакаць ад іх вестак, а тады таксама ісці да іх у Менск.

Справу акрапілі. Калі падвыпілі ўжо, хтосьці падаў наступную прапанову: «Вы ведаеце што, хлопцы? Невядома, што здарыцца з намі. Прызначым сабе сустрэчу на будучыню, праз пэўны час. Я нешта такое чытаў. Як бы гэта было хораша, га?.. Адзін у Вільні, адзін у Менску, адзін у Маскве, іншы яшчэ тамака дзесьці, і ў прызначаны час усе мы збіраемся на сустрэчу. Як?»

Прапанову дружна прынялі, і Кастусь напісаў пратакол:

Вільня

дня 19 траўня 1921 г.

Мы, ніжэйпадпісаныя, клянёмся, нягледзячы на адлегласць і жыццёвыя акалічнасці, з’явіцца на ўмоўленую «сустрэчу сяброў», у дзень 1 верасня 1922 года, а гадзіне 9-й вечаравай парою, у Менску, у Губернатарскім садзе на беразе Свіслачы, насупроць летняга тэатра «Рэнесанс».

Нез’яўленне можа апраўдаць толькі: смерць, цяжкая хвароба або турма. Іншыя прычыны будуць лічыцца за адыход ад Лучнасці Чатырох Сяброў.

Канстанты Соліч,

Часлаў Галін,

Аляксандар Жалоўскі,

Раман Забава.

Назаўтра Забава развітаўся з імі на віленскім вакзале. Калі цягнік рушыў, пацалаваў сяброў і па чарзе апошні раз паціснуў іх далоні.

— Будзь здаровы. Хутка пабачымся, — сказаў Алесь.

— Чакай ліст з Менска, — прамовіў Часлаў.

— Не засмучайся, Раманік. Вучыся, працуй. Усюды жыць можна, — кінуў яму Кастусь, ужо з цягніка, які рушыў.

— Шчасліва, шчасліва. Пішыце. — крычаў ім Забава.

Доўга чакаў ліста, але не дачакаўся яго. Замест ліста праз два месяцы атрымаў вестку, што трох ягоных сяброў расстралялі ў Менску, куды з’явіліся і самі аддаліся ў рукі ўладаў. Іх прыставілі да сценкі як контррэвалюцыянераў, якія прыбылі на тэрыторыю Краіны Саветаў дзеля арганізацыі «белагвардзейскіх бандаў».

«Так, нейкія падлюгі на іх крыві зрабілі службовую кар’еру», — падумаў Забава. Яму прыйшлі ў галаву словы аднаго беларуса з Вільні, які, расказваючы пра жахі ўсё яшчэ рэвалюцыйнага тэрору ў Менску, адзначыў, што «гэтым кроў беларуса што вадзіца».

* * *

Вечар быў цёмны. Вецер гойсаў па вуліцах, ляпаў аканіцамі, ламаў платы, кружыў у паветры і кідаў у твары мінакоў мокрае, халоднае лісце.

Забава пралез праз плот у сад сямейства Солічаў, бо брамка на падворак была зачыненая (не хацеў неспадзявана ўваходзіць праз парадныя дзверы). На падворку спыніўся насупраць асветленых вокнаў кухні; рэшта хаты патанала ў цемры.

«Можа, хто выйдзе?» — падумаў Забава. Было яму вельмі сумна. Колькі ж гэта разоў калісьці ў гэтай хаце, пры жыцці Кастуська ладзілі вясёлыя забавы, на якіх збіралася гэтулькі моладзі. Цяпер не мог адгадаць, што робіцца за сценамі. Толькі прадчуванне казала яму, што анічога добрага.

Хтосьці ўвайшоў у кухню і стаў ля акна.

«Гэта Мікалай», — падумаў Забава, пазнаючы старэйшага брата Кастуся. Падбег да акна, ускараскаўся на дыбачкі і ціха пастукаў у шыбу. Мікалай спалохана зірнуў у акно. Прыгледзеўся.

— Хто там? — пачуў Забава ягоны голас.

— Выйдзі на якую хвілю, — адказаў голасна.

Мікалай азірнуўся ўнутр пакоя і адшчапіў акно.

— Хто там? — паўтарыў устрывожаны.

— Я, я. Раман.

— Ра-а-ман?

Сполах адбіўся на твары Мікалая, які збялеў на палатно.

— Зараз выйду, зараз, — прашаптаў.

Неўзабаве быў на падворку. Забава адчуў, што Мікалай дрыжыць усім целам — не ад холаду, але ад хвалявання.

— Скуль вы? Навошта сюды прыйшлі? Што вы рабілі?

— Я прыйшоў з Польшчы. Прынёс вам два фотаздымкі Кастуська. Думаў, што гэтым усцешыцеся.

— Ідзіце адгэтуль. Нічога не трэба. Ніякіх фотаздымкаў. Маці як вар’ятка. Пятрусь на эпілепсію захварэў. Страшэннае няшчасце. Не трэба чапаць ранаў.

— Няўжо нельга было яго выратаваць?

— Мы рабілі ўсё, што можна. Маці ў дошку разбівалася, каб выцягнуць яго з іх лапаў, але іх так там спялюшылі, што… што мы анічога зрабіць не маглі.

— А што ў вас дома?.. Навогул, што чуваць?

— Дол, магіла. Ідзіце адгэтуль. Не. Пачакайце. Дайце, калі ласка, здымкі, для сябе захаваю.