Сагнуўся і без пярэдыху пабег. Бег, колькі мог, аж пакуль не апынуўся на мяжы. Ззаду ў цемры чуліся крыкі і стрэлы чырвонаармейцаў, якія ўсё яшчэ палявалі на неіснуючых там, як думалі, кантрабандыстаў.
Забава, цяжка дыхаючы, паглядзеў на межавыя слупы. Стаялі на невысокіх капцах, з дзяржаўнымі гербамі і нумарамі. Стаялі ціха, панура, нібы барацьбіты-спартсмены, якія засяроджана ацэньваюць свае сілы перад пачаткам паядынку. Спыніўся паміж імі і глядзеў у кірунку чорнай сцяны лесу. Учарашняя ноч і сённяшні дзень навучылі яго іншымі вачамі глядзець на мяжу, дарогу да яе і ўсё, што было з ёй звязана. Зразумеў, што перад ім яшчэ шмат таямніц, што доўга яшчэ будзе вымушаны набірацца вопыту, перш чым навучыцца лёгка чытаць у таямнічай кнізе мяжы і памежжа. Бо пакуль што ён толькі пачаў вучыць алфавіт. Пачуваўся аточаным невядомымі, хітра замаскіраванымі ворагамі. Ускінуў угару руку са зброяй і пагразіў камусьці нябачнаму, схаванаму ў цемры.
З-за лесу, як злодзей з-за плоту, вызірнуў адным рогам месяц і, нібы зачапіўшыся за верхавіну хвоі, спыніўся. І нібы агледзеўся навокал. Забаву падалося, што нібыта месяц паглядзеў на мяжу і заўважыў там штосьці страшнае, ад чаго жахнуўся, хацеў схавацца назад за верхавіну, але было запозна, таму адчайна адштурхнуўся ад хвоі і, ныраючы ў халодных аблоках, марудна паплыў угару. Там схаваўся за вялікай хмарай.
У той час, калі Забава страляў у чырвонаармейцаў, у Менску, у першым «падвале» ЧК капітан Антасевіч «Крот» затаіўся пры дзвярах сваёй камеры, чакаючы, каб чырвонаармеец, які перад зменай пералічваў арыштаваных, іх адамкнуў. У руцэ Антасевіч меў камень. Вялікі, цупкі. План яго быў просты і адважны; ён верыў у перспектыву поспеху.
У калідоры грукнулі адны дзверы, другія, трэція. «Крот» нахіліўся. Дзверы з рыпам расчыніліся насцеж. З’явіўся чырвонаармеец з вялікім ліхтаром у руцэ. І тады «Крот» скокнуў наперад. Са страшнай сілай адным ударам каменя разбіў галаву жаўнеру, які цяжка, бы мяшок пяску, паваліўся на падлогу калідора, губляючы ліхтар і ключы. «Крот» уцягнуў яго ў камеру і пачаў здымаць з яго шынель, шапку і боты, каб пераапрануцца і выйсці на падворак.
Калі Забава страляў ва ўзброеных людзей, якія з’яўляліся ў дзвярным праёме будынка, «Крот» ішоў з ліхтаром і ключамі, пераапрануты пад каравульнага, у кірунку выхаду з падвала ЧК. Абмінуў пастаўлены ў калідоры стол і двух салдат, якія драмалі пры ім. Не звярнулі на яго ўвагі.
Выйшаў да лесвіцы. У гэты момант наверсе адчыніліся дзверы і ў іх паказаўся намеснік каменданта ЧК Бараноў, у суправаджэнні трох чэкістаў. Ішлі ўніз. Бліснулі ліхтары. «Крот» ішоў уверх. Сустрэліся пасярэдзіне сходаў. «Крот» хацеў абмінуць іх.
— Чаму ты сыходзіш з паста? — спытаў Бараноў.
— Я зараз, — невыразна адказаў «Крот».
— Гэта ж «Крот»! Стой! — крыкнуў адзін з чэкістаў.
«Крот» схапіў за кабуру, дзе быў наган, павешаны на поясе чэкіста; яму ўдалося вырваць зброю, але наваліліся трое. Пачалося змаганне. Прыбеглі чырвонаармейцы. Доўга не чыкаліся — прагучалі тры стрэлы. Уцякач сканаў.
Так скончыў жыццё «Крот» — Антасевіч — на чорных, брудных сходах падвала ЧК.
Не пісаў ад 1 верасня, хоць меў так шмат уражанняў. Знаёмствы мае штодня пашыраюцца. Усяго тройчы быў за мяжой (сёння раніцай вярнуўся з выведкі), а новых знаёмых магу лічыць на дзясяткі. Распавяду пра іх пасля.
Сёння на польскім баку здарылася ў мяне прыгода. Увечары выправіўся пехатою з Ракава ў Воўкаўшчыну. Гэта блізка, усяго 5 вёрстаў. За тры вярсты ад Ракава ляжыць даволі вялікая вёска Бузуны. Калі ўвайшоў у тую вёску і абмінуў некалькіх хат, з брамкі аднаго двара выскачыў вялікі, чорны сабака і кінуўся да ног, хочучы грызануць. Не цэлячыся, стрэліў з браўнінга, «сямёркі», які трымаў у кішэні пад левую руку. Сабака адчайна заекатаў, вярнуўся на падворак і пачаў там то выць, то пранізліва вішчэць.
Я ішоў далей. Ноч стаяла светлая. Месяц выкаціўся на неба, але ў вёсцы было цёмна. Вуліца ўяўляла сабой штосьці накшталт яра, на дне якого ўздоўж адхонаў цясніліся хаты. Пад нагамі чвякала суцэльнае балота, з якога дзе-нідзе вытыркаліся, замест ходніка, камяні і дошкі. Відаць, па іх вяскоўцы скакалі і балансавалі, ідучы вуліцай. Я спачатку пераскокваў з каменя на камень, але бачачы, што гэта толькі замаруджвае шлях, боты ж і так меў заляпаныя, пайшоў проста пасярод дарогі. Быў здзіўлены, калі заўважыў, што лягчэй ісці тут, дзе лужыны; было менш балота. Таму шлэпаў напрасткі.