Выбрать главу
Ліда
24 верасня 1922 г.

Трэці дзень у Лідзе. Паабяцаў братам Сноўскім прыехаць да іх і стрымаў слова. У Баранавічах было сумнавата. Лёлька ўсё плакала па Ерыку (так звала вожыка), а Палкоўнік і Уладзік усё імкнуліся адвесці мяне ў «лепшае таварыства», каб утаймаваць мае буянствы. А я гэтага не жадаю… Ісці да прыстойных дзяўчат, дык я не ўмею ні элегантна апранацца, ні казаць гладкіх фраз. Манеры мае жадаюць лепшага, магу на бяду ляпнуць такое глупства, што… ого-го! Навошта мне гэта?.. Не ўсе памяркоўныя… Таму сеў я на цягнік і гайдануў у Ліду.

Браты Сноўскія вельмі ўсцешыліся майму прыбыццю. Гэта мае выпрабаваныя сябры, а з Янкам я меў нават агульныя, даволі цікавыя прыгоды.

Бавімся цэлымі днямі, а потым ідзём на вячоркі, дзе збіраецца вясёлая, непрэтэнцыёзная моладзь. Калі занудзімся, выпраўляем настрой гарэлкай. Я заляцаюся да Гэлі, дачкі гаспадара, у якога яны жывуць. Частую яе цукеркамі, ходзім у кіно, чулліва сціскаю ёй ручку. І гэта ўсё — не ведаю навошта. Абы нешта рабіць, што робяць і іншыя.

Дні ляцяць. Толькі часам, як у дзікім карагодзе, перад вачыма праносяцца абрысы людзей «адтуль». Прыгадаецца мяжа, праца, якую неўзабаве буду працягваць. І зноў — піць, гуляць, пакуль жывы. У мяне неблагі голас, і я люблю спяваць. Часта, падпіты, бяру ў рукі гітару і спяваю песенькі — пераважна турэмныя. І не прыдуманыя шлягеры, але даўнія, які ўзніклі на катаргах, астрогах, цэнтралах. Заўважыў, што найболей мне падабаецца адна, некалькі пачатковых строф якой прывяду:

Маці, маці, помню я: Ты мяне любіла І пяшчотай поўніла, Ледзь неўплач прасіла: Не хадзі з басотай, сын, А хадзі з панамі, Бо з басотай, сын — Сыбір, Доля з кайданамі.

Калі быў п’яны, а слухачоў меў непераборлівых, спяваў так выдатна, што ўкладваў у выкананне шмат пачуцця. Гэлька захаплялася гэткімі песнямі і заўжды прасіла, каб я абавязкова перапісаў для яе адну, якая асабліва ёй падабалася «Далёка ў Іркуцкім краі».

Часам мне гэтак журботна, гэтак сумна, гэтак прыгнечана. Хочацца або біць, ламаць, мяжджэрыць усё, што стане на шляху, або ўчыніць нешта добрае для ўсіх людзей. Такое, што зрабіла б іх усіх шчаслівымі. І каб мне за тое не дзякавалі, каб гэта выглядала зусім натуральна і бескарысліва. Калісьці, маючы гадоў 13, выцягнуў я з вады на Бярэзіне яўрэйчыка, які тапіўся. Некалькі хлопчыкаў глядзела на тое, як ён крычаў і нібы хапаўся рукамі за ваду. Быў спачатку я абыякавы, а потым ахапіла мяне нейкая гарачая хваля. Жудасны страх тапельца гэтак працяў мяне, што я кінуўся ў ваду на дапамогу, каб выбавіць яго ад таго страху. Так мне бачыцца тое праз смугу гадоў. Іншыя можа таму і не паспяшаліся таму яўрэйчыку на дапамогу, што не адчулі ягонай той пакуты. Я плаваў добра, але ён гэтак мяне схапіў, што я ледзьве трымаўся на вадзе. Іншыя хлопцы глядзелі і глядзелі на нас. Апамяталіся; схапілі са стосаў некалькі дошак (паблізу быў тартак) і кінуліся на дапамогу. Калі ўрэшце ўсё абышлося, і той дзяцюк апамятаўся і апрануўся, дык неяк няскладна дзякаваў нам. Адышлі мы амаль збянтэжаныя. За вялікія паслугі не трэба дзякаваць, бо яны з’яўляюцца шчасцем для тых, хто іх здзейсніў; гэта апраўдвае іхняе існаванне і падымае ў іхніх вачах іхную ж вартасць.

Цяжка, вельмі цяжка жыць годна ў гэтым звар’яцелым свеце. Адны не жадаюць, хоць і могуць, іншыя жадаюць, і не могуць, рэшта зусім над такімі рэчамі не задумваецца. Можа, найлепей глядзець на ўсё паводле рэцэпта Палкоўніка: праз шкло пляшкі, у якой боўтаецца што-небудзь моцнае.

Ракаў
30 верасня 1922 г.

Учора раніцой прыехаў у Воўкаўшчыну. Прывіталі мяне, ледзь не сумеснымі паклонамі, тры браты Каліноўскія. Натуральна, накармілі яечняй і абвясцілі навіну:

— А ў нас бальшавіцкая банда прайшлася.

— Дзе, калі? — спытаўся я, здзіўлены, бо дагэтуль увогуле не чуў пра дзейнасць дыверсійных атрадаў з «таго» боку.

— У Бузунах прайшлі. Солтысу сабаку падстрэлілі.

Зразумела, чыіх рук гэта справа.

— Няўжо вялікая банда? — спытаў я Каліноўскіх.