Выбрать главу

Шоргаты, шум крокаў, трэск галін усё выразней разлягаліся вакол. А непадалёк яркі сноп святла нахабна біў угару, выхопліваючы са змроку цёмныя ствалы дрэў і чорныя лапы ялін. Павінен быў добра бачны з вялікай адлегласці. Адразу пачуўся свісток. Затупацелі шпаркія крокі. Потым паблізу ліхтарыка прагучэлі ўсхваляваныя галасы:

— Што гэта? Хто свеціць?

— Патушыць святло! Які сукін сын уключыў ліхтар?

Тут жа ля Забавы прасунуўся чалавек у доўгім шэрым шынялі, з вінтоўкай напагатове. Забава скіраваў у ягоны бок рулю парабелума.

Паблізу ліхтарыка пачалі збірацца людзі. Чуліся праклёны і моцныя мацюкі. Забава падняўся і паціху падаўся ў кірунку другой лініі — на ўсход. Ішоў і бязгучна смяяўся. Шкада было яму толькі ліхтарыка. «Нічога, — разважаў, — адслужыў сваё». Боты абуў толькі за другой лініяй, за рачулкай.

* * *

На паўдарозе паміж Ракавам і Менскам паабапал гасцінца месціцца Старое Сяло. Забава ведаў, што там можа наткнуцца на каго хочаш — і на чэкіста якога, і на пагранца. Толькі першым разам, выбіраючыся за мяжу, крочыў дарогай праз вёску, потым абыходзіў паселішча, абмінаючы яго палямі. Тым разам абмінуў яго злева, ідучы па ўзгорыстым адхоне.

Быў ужо пачатак на адзінаццатую гадзіну. Ноч стаяла гэткая ж цёмная, як з вечара, але вочы Забавы, звыклыя да цемры ў лесе, добра такі адрознівалі мясцовасць, хоць у полі было значна святлей. Прамінуў Старое Сяло і зноў адчуў пад нагамі гасцінец. Тут дарога была зручнейшая. Пайшоў шпарчэй. Да лесу заставалася амаль кіламетр; лес той цягнуўся аж на чатырнаццаць вёрст. А далей, амаль да самога Менска, дарога ішла адкрытымі палямі, толькі дзе-нідзе былі пасаджаны дрэвы, раслі купкі кустоўя. Месцамі пракідаліся лясы, якія лучыліся між сабою і складалі частку Архірэйскага лесу.

Забава ішоў паспешна, выбіраў сухія месцы, бо дарога, пасля апошніх дажджоў, складалася амаль з адных лужын. У пэўны момант яму здалося, што правей дарогі нешта заварушылася. Спыніўся. Доўга і асцярожна глядзеў у тым кірунку, аднак анічога не заўважыў.

«Падалося», — падумаў і гэтак жа паспешліва рушыў далей. Калі наблізіўся да таго месца, дзе, як яму здалося, заўважыў нейкі рух (гэта было па правым баку дарогі, а ён ішоў па левым), убачыў на адлегласці ад дарогі ў шырыню гасцінца, два слупы. Засмяяўся сам сабе са сваёй памылкі, але каб мець стопрацэнтную пэўнасць, у некалькі скокаў сягнуў па гразі на другі бок гасцінца і неўзабаве ўбачыў перад сабою двух мужчын у доўгіх, шэрых плашчах.

— Рукі ўгору! — крыкнуў Забава, скіроўваючы на першага рулю рэвальвера.

Паслухмяна ўскінулі рукі ўгару.

«Салдаты ці кантрабандысты?» — думаў Забава, набліжаючыся да іх.

— На калені! — рыкнуў пагрозліва.

Паслухмяна выканалі загад, кленчачы ў брудзе.

— Зброю маеце? — спытаў Забава.

— Не, не маем.

— Хто вы, адкуль?

— Мы, мы, таварышу, з-пад Кучкуноў.

— Кантрабандысты? — строга дапытваў Забава.

— Таварышу, адпусціце нас. Дамо дзесяць рублёў золатам.

— А што ў заплечніках?

— Скуркі.

— Футра? Так?

— Так. Мардэры, фіёлы.

— Здымайце заплечнікі!. Кідай!

Паспешна знялі заплечнікі і кінулі іх у гразь.

— Таварышу, вазьміце дваццаць рублёў і пусціце нас! Ніколі ўжо больш не пойдзем! — прасілі яго кантрабандысты.

— Ну, гайда! Уцякайце! І жыва!..

Паўтараць ім ці падганяць іх не спатрэбілася. Зніклі з дарогі, нібы бясследна растварыліся ў цемры. Забава падняў кінутыя мяшкі, закінуў іх на спіну і пайшоў ў кірунку лесу. Там сышоў з дарогі і развязаў пакункі. Намацаў рукой цёплую бухматую поўсць.

«Што ж з гэтым зрабіць?» — падумаў.

Чуў пра тое, што скуркі носяць з Саветаў у Польшчу, зарабляючы на тым сто — дзвесце працэнтаў. Можна крыху зарабіць. Але ж не несці іх назад у Менск. З цяжкасцю спакаваў усё ў адзін мяшок і пайшоў углыб лесу. Праз сто крокаў ад гасцінца ўзлез высока на густую елку і ўвязаў пакунак між галінаў. Пашыбаваў далей. Забярэ на зваротным шляху.

«Каб толькі не знайшоў які д’ябал», — падумаў пасля. Спыніўся. Хацеў вярнуцца, каб пераканацца, ці добра схаваў сваю здабычу, але ўспомніў, што не мае ліхтарыка. Махнуў рукой і пайшоў далей.

2

У адным куце вялікай залы стаяла незгаральная шафа, дзверцы якой былі прачыненыя. Перад ёй стаяў вялікі стол, завалены паперамі, а за сталом сядзеў старшы штабны афіцэр Чырвонай Арміі. Паблізу высіліся велізарныя шафы, займаючы ўсю сцяну, на якой высока пад столлю віселі партрэты Маркса, Леніна і Троцкага. Паміж імі струменіла сваю чырвань пяцікутная зорка. Біла ва ўпор. Са сценаў тлустым шрыфтам крычалі плакаты: