Было каля трэцяй па абедзе, і сонца ўжо даволі знізілася, калі Забава, лежачы пад сагнутай ялінай, пачуў нейкія шоргаты, якія вылучаліся сярод іншых лясных гукаў… Дзесьці трэснуў дубчык, хлюпнула вада ў балоце, зашастала трава. Забава агледзеў наваколле. Пасля працяглага ўзірання заўважыў у далечыні мужчыну, апранутага на манер засцянковага шляхцюка ў чорны сурдут, высокія боты і цёмна-сінюю шапку з лакіраваным брыльком. Спыніўся на адлегласці ста крокаў ад Забавы і ўважліва аглядаў мясцовасць. Зноў пакуламесіў па балоце. Зварочваў направа і налева, апісваючы кола, аглядаў зямлю пад нагамі. Забава занепакоіўся, але нікога больш не бачачы паблізу, вырашыў яшчэ пачакаць. А мужчына ў чорным сурдуце ўсё кружляў паблізу выспачкі, ходзячы ў радыусе прыблізна ста крокаў. Працягвалася гэта каля паўгадзіны.
«Якога д’ябла? Чаго ён хоча? — думаў са злосцю Забава. — Хай сюды прыйдзе, я яго прывітаю! Шукае гузака, ён яго знойдзе!»
Незнаёмы, пераскокваючы з купіны на купіну, праходзіў праз багну ў кірунку выспы. Забава прысеў на кукішкі ля ствала паваленай яліны і чакаў. Калі мужчына ў чорным сурдуце ступіў на выспу, дык атрымалася так, што спыніўся акурат ля ствала яліны, а паколькі круціўся, уважліва аглядаючы адсюль балота, дык Забава ў нейкі момант апынуўся за яго спінай. Выпрастаўся і паклаў яму левую руку на плячо.
— О… о… о..! — выгукнуў мужчына, адскочыўшы.
— Ла-апкі ўгору! — працадзіў праз зубы Забава.
Незнаёмы, ахоплены жахам, падняў рукі ўгору, не зводзячы вачэй з рэвальвернай рулі, быццам штохвіліны чакаючы стрэлу.
— Садзіся! — сказаў Забава.
Незнаёмы пахопліва сеў. Забава абшукаў яго кішэні, знайшоўшы ў іх: сцізорык, тытунь, газетную паперу… Зброі і дакументаў не было.
— Ты адкуль?
— З Краснага.
— Як прозвішча?
— Бакут.
— Чаго тут лазіш?
— Так сабе…
— Так сабе?.. Ведаю вас: самагонныя апараты хаваеце!.. Так? А ты тут пільнуеш! Так?
— Не, таварышу, далібог…
— Бога можаш і не любіць!.. Нешта ты тут круціш! Кажы лепш праўду, бо забяру з сабой у Менск.
— Скажу праўду, таварышу! Я тут аніякіх «кумпірацый» не маю… Быў я ў лесе і знайшоў папяросную паперу.
Паказаў Забаву папяросную паперу, якую трымаў у левай руцэ; пасярэдзіне яе малымі, залатымі літарамі было надрукавана: «Solali». Гэтую курыльную паперу, калі Забава, адпачываючы паблізу багны, круціў цыгарэты, вырваў вецер, аднёсшы на некалькі крокаў далей. Забава паленаваўся яе шукаць.
— Што ж з таго, што ты знайшоў папяросную паперу?
— Папяросная папера замежная, у нас такіх няма. Мы, сяляне, з газеты самакруткі палім. Вось я і пайшоў шукаць па слядах, бо тут павінны быць дзесьці людзі з-за мяжы, з Польшчы… кантрабандысты…
— Можа, гэтая папяросная папера некалькіх дзён ужо тут ляжыць?
— Не… Свежая… Каб даўно ляжала, тады б яе раса пад’ела і пакурчыла…
«Як трэба асцерагацца! — думаў Забава. — Найменшая драбяза можа цябе выдаць!»
Затрымаўшы селяніна пры сабе і па-ранейшаму прыкідваючыся «уладай», Забава распытваў яго спачатку пра самагонку, а потым пра шмат што іншае дзеля інфармацыі, бо яшчэ не вельмі добра ведаў памежжа.
Ужо густыя цені дрэў клаліся ў лесе, калі адпусціў свайго палоннага.
— Ідзі сабе, — сказаў, — толькі глядзі, бо мне нешта не вельмі хочацца табе верыць. У вас народ хітры! Ой, хітры!
Селянін скіраваў на паўднёвы ўсход, паспешна ідучы праз балота ў кірунку гасцінца. Калі яго крокі аціхлі, Забава выцягнуў з-пад яліны мяшок са шкуркамі, замацаваў яго зручна на спіне, праверыў зброю і рушыў на захад, асцярожна пераскокваючы з купіны на купіну.
Забава блукаў дзесьці паблізу мяжы. Нягледзячы на тое, што меў з сабою компас, не мог выйсці на вядомую яму дарогу, а пераходзіць з таварам мяжу ўсляпую, у невядомым месцы, не хацеў. Блукаў па цёмных, як тунелі, сцяжынах, ахінутых, нібы скляпеннямі, галінамі ляшчыны. Чуў удалечыні спеў чырвонаармейцаў, але слоў за вялікай адлегласці не мог разабраць.
Вырашыў абавязкова выйсці на гасцінец і пераходзіць мяжу паблізу яго. Амаль з гадзіну ішоў назад на ўсход, а потым скіраваўся на поўдзень. Такім чынам аддаліўся ад мяжы і, як яму здавалася, павінен быў знайсці гасцінец. Увайшоў у вялікі лес. Магутныя хвоі стаялі чорныя, змрочныя і здавалася, што сваімі кронамі падпіралі неба. Пахла грыбамі, цвіллю і гнілой драўнінай. Паветра было вільготнае… Сцяжына вілася між кустоў і дрэў… Перасякалі яе, як набрынялыя вены, магутныя карані лясных волатаў. Лес станавіўся ўсё гусцейшы.