Выбрать главу

«Напэўна, паблізу будзе рачулка», — думаў Забава. У адным месцы давялося яму затрымацца даўжэй. З левага боку ад сцяжыны, па якой ішоў, адчуў на сабе погляд. Спыніўся… Злавесныя фасфарычныя вочы глядзелі з цёмнай глыбіні лесу.

«Што за д’ябал?! Можа гэта рысь?» — падумаў Забава. Навёў рулю рэвальвера ў тым кірунку… Вочы не міргнулі. Гэтак жа холадна і жорстка, свецячы злымі агеньчыкамі, упарта глядзелі на яго. Забава пачаў шоргаць нагамі па зямлі, пакуль не наткнуўся на паўзгнілую галіну. Падняў яе, не спускаючы вачэй з хмызняка, дзе засеў невядомы яму звер, потым кінуў галіну ў тым кірунку. Зрэнкі на момант патухлі. «Прыжмурыліся», — падумаў Забава. Потым вочы зноў засвяціліся — халодныя, жорсткія, нібы нечага чакалі. «Шкада, што няма ліхтарыка», — падумаў. Вырашыў даследаваць, што гэта за вочы такія? Жадаў стаць твар у твар з невядомасцю, каб увесьчасна не чакаць нападу збоку ці ззаду. Навошта яму гэты клопат? Выняў другі рэвальвер і рушыў наперад, на вочы. Напаўсагнуты, сабраны, гатовы да нападу і абароны, зрабіў больш як дзесяць крокі і… убачыў на нейкім лясным пустазеллі два светлячкі. Ляжалі так, што адлегласць паміж імі раўнялася прыблізна адлегласці паміж вачыма драпежнага звера — рысі або ваўка…

На мяжу Забава прыцягнуўся пасля шматгадзіннага блукання па бездарожжы. Яшчэ раз пераканаўся, як лёгка можна заблудзіцца ў лесе ў пошуках «добрай дарогі». У такіх выпадках лепш за ўсё ісці па компасе, наўпрост, а не шукаць зручнага шляху. Менавіта такім спосабам, увесь час ідучы на захад, Забава выйшаў на мяжу, калі ўжо зусім страціў надзею знайсці гасцінец. Не заўважыў папярэдне адной драбязы: тое, што некалькі гадзін таму палічыў за паляну, праходзячы праз яе на другі бок, і было гасцінцам з утравелымі каляінамі. Таму і стаў круціцца і блукаць, аддаляючыся ад яго ўсё больш і больш.

Мяжу пазнаў па межавых слупах, але быў здзіўлены, убачыўшы перад ёй густую сцяну калючага дроту. Знайшоў паблізу доўгі дрын. Намерваўся, абапіраючыся на яго, бяспечна перайсці на другі бок перашкоды. У нейкі момант адзін з дратоў выслізнуў з-пад ступакоў, і Забава ажно па калені праваліўся паміж дратамі, а тулавам перакуліўся назад так, што галавой і рукамі датыкаўся зямлі. Пачаў выкарасквацца з жалезных кіпцюроў, у якія нечакана патрапіў, але заблытваўся яшчэ больш. Зразумеў, што павінен захаваць як найбольшы спакой, калі жадае хутка выбрацца. Выняў рукі з рукавоў і ўжо цела вызвалілася напалову. Пачаў вызваляць ногі, што было вельмі цяжка.

«Добра б я выглядаў, калі б падышлі бальшавікі!», — падумаў. Але ніхто яму не перашкодзіў і ён неўзабаве выбраўся з пасткі, хоць адзежу падраў на шматкі і скрывавіў рукі і ногі. «Нібы сабакі дзёрлі!» — са злосцю сказаў самому сабе.

Неўзабаве перабраўся на другі бок перашкоды. Пайшоў уздоўж мяжы. Дабрыў да межавых слупоў. Спыніўся побач таго, на якім быў змешчаны дзяржаўны герб Польшчы. Пляснуў яго далонню і сказаў: «Здароў!»

* * *

У тую хвіліну, калі Забава на мяжы вісеў галавой уніз на перашкодзе і намагаўся выблытацца з калючага дроту, у падвале ЧК, у Менску, Антон Кралевіч спрабаваў, трымаючыся рукамі за краты, прасунуць ногі. Пралезці наперад галавой не спадзяваўся, бо не меў апоры для ног.

Пасля вялікіх і марных намаганняў пераканаўся, што краты занадта вузкія і саскочыў з акна.

ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ
12 кастрычніка 1922 г.
(У цягніку з Маладзечна да Баранавіч)

Пасля вяртання з-за мяжы я спыніўся ў Ракаве, у Малкі.

Захапляюся ёю! Як гэтая жыдоўка можа апрануць і пракарміць сама сябе і пяцёра дзяцей, маючы гэткую нэндзную карчму, у якой дагэтуль аніякіх гасцей я і не сустрэў? Снуе з пакоя ў пакой, тоўстая, як пярына, говорачы штосьці камічным габрэйскім акцэнтам. Заўсёды вясёлая. Заўсёды дзейсная — нават уначы. Увесь час нешта шые, чысціць, мые, гатуе… Дзетак сваіх заве «дыяментамі». Калі спытаў яе, ці багатая, адказала, паказваючы на дзетак:

— Уй, спадарочку, я багатая! Вельмі багатая! Гэта мае дыяменты!

Заўважыў, што ў габрэйскіх сем’ях дзеці больш паважаюць бацькоў, чым у хрысціянскіх. Рэдка здараецца, каб у сям’і габрэяў дзеці кінулі старых бацькоў, а ў сялян і мяшчан-хрысціян — гэта надараецца. У габрэяў сям’я больш з’яднаная, чым у нас.

Калі днём я пайшоў да камандавання мытнага батальёна па дакументы, прыкмеціў на Букраўцы мужчыну старэйшага веку, які, як разміналіся з ім, уважліва прыглядаўся да мяне. Я не звярнуў на яго вялікай увагі і пайшоў далей. Калі Букраўкай вяртаўся ў горад, убачыў двух паліцыянтаў, што ішлі мне насустрач. Захоўваючы ўсяляк асцярогу, наблізіліся да мяне і запатрабавалі дакументы, былі пільныя, каб замест пасведчання я не выняў з кішэні рэвальвер… Абодва трымалі правыя рукі ў кішэнях, а пальцы пэўна ж на рэвальверных курках. Я падаў ім службовае пасведчанне… Падзякавалі і прабачыліся. Спытаўся ў іх: