Выбрать главу

Я заўсёды жыва цікавіўся фільмамі і авантурнымі раманамі, пераважна шпіёнскімі. Імпанавала мне напружанае жыццё агентаў, іх спрыт, хітрасць, энергічнасць і адвага. Часта ўяўляў сябе самога на месцы некаторых герояў фільма або рамана з жыцця шпіёнаў. Уступіць у ваенную выведку, каб знайсці прымяненне для сваіх сіл, адшукаць выйсце для сваёй энергіі, хоць нейкага асэнсаванага прымянення для свайго тэмпераменту, я не спрабаваў, бо лічыў гэта немагчымым. Меркаваў, што шпіёнамі могуць быць людзі з амаль звышнатуральнымі здольнасцямі, усебакова падрыхтаваныя і навучаныя. Лічыў, што гэтыя людзі павінны канчаць адмысловыя школы, трапіць у якія старонняму чалавеку цяжка ці проста немагчыма.

Усё тое не адпавядала праўдзе. Вядома, для гэтай справы — шпіёнства — пэўная кваліфікацыя ўсё ж патрэбна. Але выявілася, што я дастаткова падрыхтаваны да гэтага. Каб не расцягваць аповед, пяройдзем да справы. Ужо некалькі дзён я агент ваеннай закардоннай выведкі ў Расіі. Быў правераны, зарэгістраваны, сфатаграфаваны і гэтак далей. Падрабязнасцей не буду апісваць, бо тут справа ідзе не пра кавалак паперы, не пра фармальнасці, а пра жыццё — жыццё ваеннага шпіёна… Пра ягоныя сапраўдныя прыгоды і ўражанні. Найперш зазначу, што апісваю сваё жыццё ў лучнасці з жыццём іншых людзей, а не дзеля пыхлівай фармальнасці або ўслаўлення дзейнасці ўстановы.

Як шпіён я пачынаю пяты этап свайго жыцця, якое буду запісваць у дзённіку як мага падрабязней. А вы параўнайце гэтае сапраўднае жыццё агента ваеннай закардоннай выведкі з жыццём надзвычайных герояў, якімі захапляліся на белым экране і пра якіх чыталі ў сенсацыйных раманах. Я таксама буду параўноўваць. Буду самым уважлівым сваім гледачом і чытачом.

Пакуль што я трохі расчараваны. Нішто не нагадвае ні фільм, ні раман. Звыклыя фармальнасці, вакол звычайныя твары і словы, шэрае, беднае жыццё, мізэрныя хаціны, журботныя беларускія краявіды… Мая праца пачынаецца не вельмі весела, але суцяшаюся тым, што я яшчэ пачатковец і што фактычнай работы нават не распачаў. Зрэшты, лічу, што толькі ад мяне залежыць характар маёй будучай працы. А я прыкладу ўсе намаганні, завастру ўвесь свой талент, каб зраўняцца ў мужнасці, энергіі і спрыце з тымі героямі, на якіх хацеў быць падобны — праўдзівыя яны або выдуманыя…

Так павінна быць, бо так жадаю, а жадаць я ўмею моцна. Праца цалкам адпавядае майму характару, таму мушу яе трымацца.

Сёння скончу апошнія фармальнасці і выязджаю на мяжу. Ах, гэтая мяжа! Як яна мяне вабіць! Як мне не церпіцца! Не магу дачакацца моманту ад’езду! А сны мае гэткія дзіўныя… Апошні запісаў у дзённік. Павінен буду калі-небудзь прачытаць штосьці пра сны.

Я вельмі цешуся зменай, якая здарылася ў маім жыцці. Не пакідае мяне думка: я агент ваеннай выведкі… Я — агент!

Пазіраю людзям проста ў вочы і думаю: ці ведаеце, хто я?.. Я агент. І так па чарзе, укругаля.

Прыгадаліся мне цяпер, не ведаю чаму, даўно, вельмі даўно чытаныя вершы Максіма Горкага пра аднаго маладзёна, Марку, які закахаўся ў русалку і загінуў з-за кахання да яе ў хвалях ракі ці возера. У перадапошняй страфе Горкі піша: «Пра Марка хоць песенька засталася», і заканчвае верш так:

А іншыя вочы завяжуць І вушы заткнуць, каб не чуць. Ні казак пра іх не раскажуць, Ні песень пра іх не складуць.

(Вершы, тэрміны і расійскія звароты буду перакладаць на польскую мову, калі не літаральна, дык як найбліжай да арыгінала).

З нагоды гэтых вершаў збудзіліся ўва мне пэўныя думкі. Максім Горкі, мяркуючы па тых ягоных творах, якія я меў мажлівасць прачытаць, прыхільнік свабоды, прыгод і пясняр моцнага і непаўторнага чалавека. Паводле яго можна нават па-дурному загінуць з-за кахання да русалкі, абы не жыць як звычайныя «хлебаеды», «як сляпыя чарвякі», абы засталася пасля нас казка або песенька. Чуў я, што Горкі з’яўляецца прыхільнікам савецкага камунізму і бальшавіцкім пісьменнікам. Не магу гэтага зразумець. Ведаючы трохі савецкі лад (асабіста ад пачатку рэвалюцыі да жніўня 1919 года, а на падставе іншых крыніц нават дагэтуль), я маю ўласнае меркаванне, што там чалавек, як самастойная і творчая адзінка, канчаткова прыгнечаны. З’яўляецца не чалавекам, а пазбаўленым індывідуальнасці нумарам, абавязаным слепа падпарадкоўвацца ўладам. Ведаю, як «паглыблялі рэвалюцыю» бальшавікі ў 1917–1919 гадах, але як цяпер там, дакладна не ведаю. Мяне вось і цікавіць, ці там чалавек фактычна Чалавек ці толькі бязвольная прылада ў руках пануючых. Бо па-мойму, калі чалавеку даць нават найвялікшы дабрабыт і пазбавіць яго ўласнай ініцыятывы і ў працы, і ў жыцці, дык застанецца толькі добра дагледжанае быдла, баязлівае, гультаяватае і тупое.