Выбрать главу

Тут заўважу, што калісьці ў гэтым рэстаране я ўжо нарабіў вэрхалу і быў тут добра вядомым, таму з-за буфета на мяне неспакойна пазіралі спалоханыя людзі, як бы прадчуваючы блізкую бучу.

Я паклікаў афіцыянта і сказаў:

— Пойдзем на кухню!

Адвёў мяне туды. На кухні я ўбачыў вялікі мясны нож. Узяў яго і вярнуўся ў залу. Погляды ўсіх прысутных скіраваліся на мяне. Афіцыянт і гаспадар рэстарана неспакойна круціліся паблізу.

— Шаноўны пане! Паночку ласкавы!

— Што пан хоча? У чым справа?…

Я пачаў на стале секчы катлету. Натуральна, талерка пырснула на кавалкі, абрус і столік я парэзаў.

— Катлета занадта цвёрдая! — сказаў я гаспадару рэстарана.

— Зараз будзе іншая.

— Я хачу гэтую!.. Я таксама зацяты!

На маё патрабаванне афіцыянт прынёс запаленую свечку, і я дасмажыў над ёй, на відэльцу, кавалкі свіной адбіўной, а потым са смакам яе з’еў, запіваючы гарэлкай.

Госці, што сядзелі за вялікім сталом, похапкам паглыталі сваё і выкаціліся з залы. Ужо ані разу не пачулася: «Гэнік!»

Я чытаў дзесьці, што нічога дарэшты не знікае! Нічога! Усё мае пэўныя прычыны і выклікае пэўныя наступствы. Нішто не прамінае бясследна!..

Трэба над тым паразважаць. У гэтым рэальнасць жыцця, явы. Але я не застануся ў дурнях, не паддамся на танны жарт. Гэтак мне падумалася пасля той рэстараннай гісторыі. Якія ж будуць яе наступствы і вынікі?

Учора Янка пазнаёміў мяне з нейкай тэлефаністкай. Пульхненькай, свежанькай і ружовенькай, як свежая булачка. Прасіла мяне аднесці ліст да маці ў Менску. Не хацеў нават, але яна пачала гэтак лісліва зазіраць мне ў вочы і зрабіла такі сумны тварык, што не мог адмовіць. Сказаў:

— Добра, хай пані падрыхтуе ліст.

— Калі ласка, ужо гатовы! — выняла аркуш з рыдыкюля.

Гэта вельмі непрыемна мяне ўразіла. Выходзіць, нагэтулькі была ўпэўненая, што не здолею адмовіць… Жанчыны часта злоўжываюць сваёй «слабасцю», а з нас такім чынам робяць дурняў. Закрану тут адну праблему, над якой шмат разважаў. Вось мужчыны, напрыклад. Немец не любіць француза, паляка, пагарджае расейцам, варожа ставіцца да англічаніна, італьянца і гэтак далей. У той жа час той самы немчуровец да францужанкі, полькі, рускай, англічанкі, італьянкі заўжды ставіцца ветліва і прыязна, а тэмпература той прыязнасці і ветлівасці залежыць ад ступені прыгажосці той асобы «горшай» нацыянальнасці. Мы настолькі нявольнікі сваіх інстынктаў, што не ўмеем нават быць справядлівымі ў адносінах да людзей. Калі мае развагі непамылковыя, тады ўся міжнародная палітыка і шавінізм любога колеру з’яўляюцца спаборніцтвам самцоў, над якім пануюць жанчыны… Жанчыны са сваёй трыбуны, са сваіх п’едэсталаў выбіраюць самцоў-рыцараў, не зважаючы на нацыянальнасць, расу і веравызнанне… Як у жывёл…

Якое складанае жыццё! Галава трашчыць… Хацеў бы пра гэта што-небудзь прачытаць. Але калі і што?.. І навошта мне зараз наогул нешта пазнаваць? Можа, праз тыдзень мяне закапаюць? І што тады мне з набытых ведаў?.. Варта вучыцца і спазнаваць тады, калі потым ёсць час усім гэтым раскашаваць, карыстацца або прынесці карысць іншым. А цяпер? У маім становішчы? Шкада часу!.. Лепш піць!..

VI

ПА-ЗА СВЯДОМАСЦЮ

На гармоніку нам Стах

Так зайграў, што проста жах!

І данізу галавой

Мы затаньчылі з табой.

(З песенькі злодзеяў)

Забава прачнуўся позна. Янкі і Уладзіка ў хаце не было. Устаў і апрануўся. Некалькі разоў прайшоўся па пакоі. Заўважыў пад ложкам бутэльку гарэлкі. Узяў у рукі. Была амаль поўная. Адкінуў галаву і доўга каўтаў. Выпіў амаль палову. «Можа, пайсці да гаспадыні па закуску»? — падумаў.

— Няма чаго, абыдзецца!.. — услых адказаў сабе.

Запаліў цыгарэту і доўга сядзеў задуменны, гледзячы кудысьці ў кут пакоя, пад столь. Жмурыўся. Усміхаўся. Выкурыўшы цыгарэту зноў узяў у рукі бутэльку. Перакуліў дном дагары, зірнуў пад святло, а потым вялікімі глыткамі выпіў рэшту гарэлкі. Зноў запаліў цыгарэту і выйшаў на вуліцу. Крочыў хутка, пераскокваючы праз пасля ўчарашняга ліўня лужыны.

Калі мінуў чыгуначны пераезд, сустрэў калегу, Янку Казлоўскага.

— Куды, пане? Можа, да нас? — здалёк ужо галёкаў Казлоўскі.

— Да Янкі.

— Можа, пан зойдзе ў чыгуначную лазню? Пан увесь час у дарозе, нават вымыцца няма калі. А ў нас лазня: я скажу!

— Не маю бялізны на змену. Трэба ісці ў горад і купіць.