Выбрать главу

— Гэта факт. Але ведае пан што? Я дам чыстую бялізну. Сваю змяню дома, а вашу вазьму памыць. Згода?

Забава пайшоў з ім мыцца. Выпітая нашча гарэлка падзейнічала там на яго моцна. Калі выйшаў з парылкі, дзе Казлоўскі па-руску вылупцаваў яго бярозавым венікам, быў зусім п’яны.

Праз гадзіну Забава з Казлоўскім апынуліся на чыгуначнай электрастанцыі. Малы столік быў застаўлены рознымі пляшкамі і халоднымі закускамі. Хтосьці паказаў яму набыты нядаўна браўнінг.

— Зірні, пане, ці добры?

— Трэба выпрабаваць… Запусціце рухавік!

Неўзабаве заведзены рухавік запоўніў шумам велізарную залу, глушачы рэвальверныя стрэлы… Забава, павольна цэлячыся, стрэл за стрэлам дасылаў кулі да замацаванага на тоўстым драўляным аскабалку папяровага аркуша… Стралялі і іншшыя…

Змяркалася, калі іхняя купка з пяці чалавек кіравалася на Слабодку.

Апынуліся ў вялікай зале, мэбляванай танна, але з прэтэнзіяй. Было там некалькі вясёлых, коратка апранутых жанчын і некалькі мужчын. У паветры насіліся смех, крыкі і вясёлыя жарты.

Зноў палілася гарэлка: салодкая і горкая, чыстая і разведзеная. Хтосьці п’яны крычаў ахрыплым голасам:

Першы шынок — там пад дубам — Гуляй, Маня, з залатым зубам… Ножка ўлева! Ножка ўправа! Сёння, сёння, улева! Сёння, сёння, управа! Тара-дзіра-дзіра! Тара-дзіра-дам! Та-тара-дзіра-там-там!..

Перад вачыма Забавы яркімі плямамі віравалі жаночыя сукенкі, праплывалі вясёлыя твары, узбуджаныя воклічамі, спевамі, музыкай і алкаголем. Было яму весела і вельмі горача; жадалася смяяцца, спяваць, размаўляць, але ён не мог затрымаць у галаве думак, якія хутка, быццам кажаны, мітусіліся ў полі ягонай свядомасці. Стукаў нагамі аб падлогу ў такт песенькі і ківаўся ўправа-ўлева.

Другі шынок — у Мэера — Гуляй, Маня, як халера: Ножка… ножка… права! Сёння… лева…

Гукі гусцелі. Усё шпарчэй віравалі ў паветры. Штораз аддаляліся. Постаці людзей у пакоі ўсё больш расставалі ў паветры. Гублялі абрысы.

Хтосьці даў яму ў рукі гітару. Дзейнічаў аўтаматычна — хацеў яе настроіць. Круціў пальцамі калкі грыфа, удараючы адначасова па струнах, але гукі інструмента не даляталі да вушэй, толькі драпалі твар і казыталі ў носе. Здзівіла яго гэта. Засмяяўся і выпусціў з рук гітару, якая з енкам пакацілася па падлозе.

У куце рваў паветра гармонік і даляталі ўрыўкі песні:

Трэ… ці… нок… Нэймана. Гуля… аню… хана… Ножка… а... а... а... та... та... та... ха-ха-ха-ха-ха…

Усё патанула ў хаосе гукаў, у віры слоў і крыкаў, заліве смеху. У паветры, як камбалы ў вадзе, плавалі чорна-белыя чалавечыя галовы, дрыжэлі бясформенныя постаці прысутных. Востры водар поту казытаў ноздры. Пакой хадзіў ходырам, падлога трэслася пад нагамі.

Забава ішоў праз пакой, які здаваўся яму бясконцым. Старанна абмінаў перашкоды, якіх ў рэчаіснасці не існавала.

Быў непрытомны. Наблізіўся да дзвярэй. Ззаду жудасна роў п’яны голас:

Пане участковы: дождж крапае! Тра-та, дзі-та-та! Ідуць дзеўкі з парада! Тара, дзіта-та! Э-е-е-е-эх! Тара-дзіта! Тара-дзіта!

Гукі чапляліся за вопратку, ападалі на душу, лізалі твар, казыталі шыю, тузалі за валасы, зазіралі ў вочы.

Забава шырокім рухам, рыўком адчыніў дзверы. Стаў твар у твар з ноччу. насустрач цёмнай адхлані. Стаяў. Ківаўся.

Ступіў крок за парог. за парог хаты і… страціў прытомнасць.

* * *

«Мне трэба. Я павінен ратавацца, вакол яны, чырвоныя, гоняцца, ідуць па следзе, о! о!.. ужо блізка!..»

Дзверы рэстарана «Вільнянка» шырока расхінуліся. Усярэдзіну з імпэтам уляцеў з калідора скразняк. На парозе спыніўся высокі, сухарлявы маладзён у чорнай скуранцы. На галаве меў белую папаху, заламаную назад на казацкі манер. У руцэ трымаў наведзеную на залу цьмяную матавую рулю нагана.

— Рукі ўгору! — загучалі па-расейску прамоўленыя словы.

Халодныя, шэрыя вочы ўчэпістым позікам трымалі залу. Голас прагучаў рэзка. Свіснуў у паветры, як шпіцрутэн. Вусны сцяліся ў цвёрдую тонкую лінію. Твар быў быццам вычасаны з каменя.

У зале ўсё замёрла. Камічна выглядалі людзі, седзячы пры століках з паднятымі ўгору рукамі (некаторыя трымалі ў далонях відэльцы і нажы), смешныя тым, бо нідзе мы не бачылі іх у такіх бессэнсоўных позах. Выглядалі так, быццам умольвалі кагосьці ўверсе пра літасць, або жадалі схапіць нешта нябачнае, што вісела ў паветры пад столлю.