Забава хуткім, цвёрдым крокам прамераў залу і накіраваўся за буфет. Убачыў перакошаны ад жаху жаночы твар, расшыраныя, нерухомыя зрэнкі. Узяў яе за руку і пацягнуў за сабой да выхаду. Паслухмяна ішла за ім. Была як загіпнатызаваная. Пагляды прысутных беглі за гэткай гратэскавай парай. Зніклі за дзвярамі.
Госці па-ранейшаму трымалі рукі паднятымі ўгору. Раптам адзін, які сядзяў пры дзвярах у кухню, уцягнуўшы галаву ў плечы, скокнуў у тыя дзверы. У кухні падбег да расчыненага акна. Цішыню восеньскай ночы прарэзалі адчайныя крыкі:
— Бандыты! Бандыты! На дапамогу! Ратуйце!..
Забава вывеў сваю паланянку за парадныя дзверы рэстарана. Наблізіў галаву да яе твару і ціха па-расейску прамовіў:
— Калі ласка, пакажыце мне дарогу на вакзал.
Жанчына здзіўлена глядзела яму ў вочы, потым выцягнула руку ў кірунку вакзала, які знаходзіўся на адлегласці 200–300 крокаў ад іх, і ліхтары якога былі адгэтуль выразна бачны. Забава адпусціў яе руку і пайшоў у паказаным кірунку. Жанчына засталася адна на вуліцы і пазірала яму ўслед.
Вакол Забавы кружлялі нейкія варожыя цені. Уявілася яму, што яго атачае жалезнае кальцо аблавы, якое ён прагнуў разарваць, з якога абавязкова хацеў выбрацца. «Там, там вольная дарога, там поле, лес.» Пайшоў управа вузкім завулкам, слаба асветленым вынырнутым з-за хмараў месяцам. Убачыў перад сабою двух узброеных людзей. Цяжка, павольна шлэпалі па балоце насустрач. Рынуўся наперад. Замахаў перад іх вачыма наганам.
— Рукі ўгору!
Загад выканалі неадкладна.
Зайшоў ззаду і, пакінуўшы іх на вуліцы, рушыў далей. Не чулі ягонага адыходу і таму доўга стаялі ўкамянелыя.
«Каб толькі да лесу, толькі да лесу. Каб толькі выйсці з места!»
Сярэдзінай доўгай вуліцы ішоў чалавек. Гэта быў злёгку падпіты шавец, які вяртаўся аднекуль дадому. Ішоў кульгаючы, бо меў адну нагу кароткую. Быў задуменны.
— Рукі ўгору! — пачулася паблізу.
— Што-о-о?.. — не зразумеў шавец.
Раптам заўважыў перад носам чорную рулю рэвальвера і ледзь не сеў ад страху. Забава ўзяў яго левай рукой пад локаць, а правай прыціснуў да ягонай скроні халодную рулю нагана.
— Вядзі мяне за мяжу!.. І глядзі, бо башку развалю! — сказаў Забава па-расейску.
«Вар’ят!» — падумаў шавец.
— Добра, добра, пане? — прамовіў, паскараючы хаду і яшчэ мацней кульгаючы.
Паблізу складскіх будынкаў «Жалезабетону» шавец спыніўся.
— Можа, пан дазволіць мне на момант адысці, па сваёй патрэбе?..
Забава кіўнуў яму галавой.
Шавец адчыніў брамку і ўвайшоў на шырокі падворак. Забава застаўся на вуліцы. Шавец нетаропка прачыніў брамку і павольна замкнуў зашчапку, потым пабег да высозных стосаў драўніны і прастакутных цаглін. Як пацук, запоўз у нейкую дзюрку і схаваўся там. Калі Забава пачуў тупат уцекача, скокнуў да брамкі. Але яна была зачыненая. Адбег на сярэдзіну вуліцы і з разгону рынуўся на высокі плот, наверсе якога, на доўгіх тычках, віўся нацягнуты ў некалькі столак калючы дрот. Дзеручы адзежу і калечучы далоні, апынуўся за плотам.
Гнаўся за кімсьці ўпарта, доўга, пераскокваючы платы, прабягаючы агароды, сады, вуліцы і завулкі. Адначасова адчуваў, што яго самога праследуюць, што ён знаходзіцца ўсярэдзіне кальца аблавы, якое няўхільна сцягваецца.
«Каб толькі выйсці з места, да лесу, за мяжу.»
У хворым мозгу віравалі трывожныя думкі.
Дзверы кватэры насцеж расчыніліся і ўсярэдзіну ступіў маладзён у чорнай скураной куртцы і белай папасе на галаве.
— Рукі ўгору! — кінуў ад парога.
На канапе, ля сцяны, сядзела маці з двума малымі дзецьмі. У прыхадню пазнала госця, які нядаўна быў у іх на вечарынцы і заляцаўся да яе старэйшай дачкі Стэфкі. Не выканала загаду і засмяялася.
— Але ж з пана жартаўнік!
— Не смейся, — змрочна сказаў Забава, — бо застрэлю!
Раптам страх ахапіў жанчыну, якая, пахопліва падымаючы рукі, прагаварыла плаксіва да дзяцей:
— Дзетанькі, падымайце ручкі ўгору!..
Стэфка была ў суседнім пакоі, у спальні. Нечакана выйшла да іх, несучы ў руках футра.
— Пане, — прамовіла да Забавы, — мы ў хаце зусім не маем грошай. А гэта маё футра. Найдаражэйшая наша рэч. Вазьмі, пане.
Забава ўзяў адной рукой футра і кінуў яго пад ногі дзяўчыне. Твар меў страшны, запалы, з блукаючым паглядам, звар’яцелыя вочы дзіка блішчэлі.
— Не трэба мне ні золата, ні срэбра! — сказаў з дзіўным, трагічным пафасам. — Прашу толькі паказаць мне дарогу за мяжу. А як не, дык пазабіваю вас і сабе кулю ўсаджу.