Дзяўчына вярнулася ў спальню. Праз нейкі момант ён пачуў адтуль лёгкі шоргат. Звярыным інстынктам выпрацаваным за мільёны гадоў, інстынктам дзікуна, якому мінула тысяча гадоў, адным падсвядомым кідком замглёнай думкі ахапіў сітуацыю і зрабіў дакладную выснову: «Уцякае праз акно». Не кінуўся ў спальню, каб схапіць яе ззаду, але выбег праз дзверы, каб адрэзаць ёй дарогу да ўцёкаў.
У глыбіні саду, паміж дрэвамі белай плямай мігацела блузка Стэфкі. Забава стрэліў у тым кірунку з рэвальвера.
Зноў пайшоў углыб ночы і ўглыб вар’яцтва. Вёў яго замглёны інстынкт, які парваў сувязь з розумам. Ягонымі рухамі і ўчынкамі кіравалі нейкія магутныя сілы, што месціліся ў таямнічай глыбіні ягонага мозгу, у той бяздоннай адхлані, якая знаходзіцца за мяжой свядомасці. Арганізм, атручаны алкаголем, адданы на волю хваравітых мрояў, біўся ў зачараваным коле, як начны матыль б’ецца ў промнях лямпы, утвораных хваравіта напятымі нервамі, якія цемрылі розум.
У кабінеце камісара паліцыі раздаўся званок.
— Камісар. Хто?.. Дзяжурны сяржант?.. З вакзала. Што? Разбойны напад!.. Скураная куртка, так. Чакаць пры тэлефоне. Зараз жа выдам загад.
Да павятовай камендатуры паліцыі прыбег афіцыянт з рэстарана «Вільнянка». Быў перапалоханы. Увесь час калаціўся. Не мог перавесці духу. Звярнуўся да дзяжурнага сяржанта:
— Пане сяржант!.. Некалькі хвілін таму на наш рэстаран зроблены напад. Нейкі бандыт. Чорная скуранка і белая шапка. Быў усярэдзіне. Іншыя звонку.
Да следчага аддзялення прычыкільдыкаў шавец. Быў без шапкі; у перапэцканай вопратцы, быццам толькі што выпаўз з балота.
— Што ў пана здарылася? — спытаўся дзяжурны.
— Пане, на мяне напалі, на Палескай вуліцы, нехта ў чорнай скуранцы, хацеў забіць.
У пастарунак жандармерыі ўляцела кабеціна:
— Паночкі дарагія, ратуйце!.. Бандыты!.. Напалі на кватэру, стралялі. Забралі дачку.
Наладзілі моцную аблаву, праведзеную сумесна з усімі органамі грамадскай бяспекі. За цэнтральны аб’ект прынялі чыгуначны вакзал. Загадалі, што калі чалавек у чорнай скуранцы і белай, зімовай шапцы па першым загадзе не падыме рукі ўгору — страляць у яго. Сціскаўся ланцуг аблавы, кожны двор, кожны будынак уважліва патруляваўся.
Падзеі сённяшняга вечара ператварыліся ўжо ў легенду. Казалі штосьці пра банду, якая лютуе ў месте. Успаміналася прозвішча Мухі-Міхальскага.
Тым часам Забава хутка крочыў шашой наўзбоч вакзала. Месяц ужо ўзышоў высока. Хмары зніклі з неба і было даволі відна. Хутка рухаючыся наперад, Забава заўважыў сустрэчнага мінака.
— Рукі ўгору! — крыкнуў Забава, наблізіўшыся да яго на адлегласці ў некалькі крокаў.
— Пацалуй сабаку ў пысу! — адказаў сябар Забавы Казлоўскі, які разам з ім піў на электрастанцыі і гуляў на Слабодцы.
Загад Забавы прыняў за таварыскі жарт і наблізіўся да яго.
— Чаму не ідзеш спаць, позна ужо? — папытаў Казлоўскі, і ўбачыўшы, што Забава вельмі дрэнна выглядае, узяў яго пад локаць і павёў у кватэру братоў Сноўскіх, якія ў той вечар дома не начавалі.
З цяжкасцю паклаў Забаву на ложак; адабраў рэвальвер і пакінуў яго на стале. Потым пайшоў дадому.
Цяжкі сон перарваў хваравітыя трызненні Забавы. У горадзе ж ланцуг аблавы зацягваўся ўсё шчыльней і шчыльней, пасоўваючыся ў кірунку чыгуначнага вакзала.
У той час, калі Забава, ахоплены хваравітымі мроямі, блукаў па вуліцах места, дыверсійная банда Аўдзея перайшла польскую мяжу на стаўпецкім адрэзку, кіруючыся на паўночны захад.
Было іх чатырнаццаць. Мелі кароткаствольную і доўгую агнястрэльную зброю, гранаты і адзін кулямёт. Іхнім заданнем было: тэрарызаваць польскую буржуазію на ўсходніх ускраінах Польшчы, рабіць напады на маёнткі, паліцэйскія пасты, цягнікі, вайсковыя аб’екты, а таксама весці акцыі сабатажу. Наогул мэтай была дыскрэдытацыя польскіх улад у вачах простых грамадзян.
А дзявятай увечары яны наблізіліся да хаты малазямельнага селяніна Галёшы. Пастукалі ў акно. Сказалі, што паліцыя. А калі ім адчынілі дзверы, уваліліся ўсярэдзіну як рабаўнікі, крычучы: «Рукі ўгору! Ні з месца! Хто зрушыцца, кулю ў лоб!» Ахопленыя жахам, жыхары хаціны ў беднай саматканай бялізне стаялі пасярэдзіне пакоя і дрыжалі са страху. А «грозныя бандыты» раўлі: «Давай грошы! Дзе ў цябе золата, срэбра, даляры, каштоўнасці?!» Аднак у хаце, дзе часта не хапала бульбы, насуперак старанна праведзенаму ператрусу, анічога каштоўнага не знайшлі. Забралі з сабой толькі боты, два старыя кажухі, сувой палатна, некалькі сыроў і боханаў хлеба.