Выбрать главу

— эсьць! —

У кабінет увайшоў высокі, малады паручнік. Ляснуў абцасамі.

— Пан маёр?..

— Так, я клікаў. Калі ласка, прашу заняцца гэтым панам. Палегчыць пераход на адрэзку вашай роты. З пропускам, як звычайна: нумары слупоў, гадзіна, прысутныя.

— Ёсць!

Маёр падаў паручніку пропуск і кіўнуў галавой Забаве:

— Шчаслівай вандроўкі!

— Дзякуй.

Паколькі паручнік меў нейкую «вельмі важную» справу ў мястэчку, таму перадаў Забаву каменданту менскай пляцоўкі, які, як паабяцаў паручнік, «дасканала ўсё зробіць». Камендант пляцоўкі, узводны, пачаў прамацваць Забаву здалёк:

— Калі пан жадае ісці?

— Ледзьве толькі сцямнее.

— Гм, «ледзь толькі сцямнее». Няўжо не лепш уначы?

— Не.

— Хм. «Не»? Як пан жадае, толькі я раіў бы пану ісці ўначы. Тыя, хвароба на іх, з вечара як ваўкі лазяць. Спачатку заўсёды мацней пільнуюць. Ведае пан што? — сказаў узводны пасля хвіліны маўчання. — Можа, пан пагадзіўся б, каб пана туды салдат перакінуў? Я маю ў мястэчку адну справу, вельмі пільную… Ну і таго. А пану ўсё роўна. Ну як?

Забаву гэта раззлавала, і адначасова бачыў у гэтым нямала смешнага.

«Цікава, каму жаўнер мяне перадасць? — падумаў. — Можа, якой бабе, а тая хлапчуку».

— Добра, — адказаў. — Толькі глядзі, пан паручнік, каб я апынуўся на той дарозе, якая вядзе да Менска.

Узводны ўзрадаваўся.

— Ну зразумела! Перакіне пана, дзе пан толькі пажадае. Бо мужык халерны! Мяжу ведае, як сваю кішэнь!

Нарэшце прыйшоў «халерны мужык». Гэта быў малы жаўнер, які накульгваў, у велізарных ботах. Меў задзёрты ўгару, пляскаты нос. Забаве ўвесь час здавалася, што жаўнер глядзіць на яго праз акно, прыціскаючыся да шкла канцом носа.

— Гэты? — нечакана грубым басам, што не пасаваў для маларослага выгляду, спытаў узводнага.

— Гэты.

— Добра. Шуруй сабе. Зраблю гэта, як бачыш! — цыркнуў праз зубы вузкім струменьчыкам сліны на сцяну будынка.

Засталіся адны. Сядзелі на даволі вялікай каменнай крушні пад высокай бярозай. Злева ад комплексу будынкаў батальёна было возера. У глыбіні далягляд, быццам рама, абрамляла чорная сцяна лесу. Жаўнер маўчаў. Забава быў стомлены доўгай вандроўкай і нядаўнім пешадралам. Цягам апошніх двух дзён не спаў зусім, таму вочы проста склейваліся.

Сонца хілілася на вечар. Стомленае і нібы выцвілае, яно ападала ніжэй да зямлі, заліваючы чырванню касых промняў мяккі, чысты, бледны блакіт неба. Зыркай чырванню запаліліся верхавіны дрэў і дахі хат. Завалакло золатам блакітную далеч. Атачыла сябе багатым, барвовым пасам, нядбайна раскінутым па-над зямлёй, далёка налева і направа. Стрэліла пурпурам высока ўгару. Сонца нібы булькнула за небакрай, яшчэ раз успыхнула, яшчэ і — патухла. Уздыхнуў вецер. Зашапталі трывожна чараты каля возера. Вада ў ім з чырвона-залатой зрабілася чорнай і пакрылася дробнай луской хваляў. Далягляд апрануўся ў жалобна-хаўтурны, цёмны фіялет.

Ноч крочыла па зямлі. Ішла, шырока раскідваючы шэрыя рызманы змяркання, пакрываючы ўсё мяккім, насычаным выпарэннямі, плашчом цемры.

Ціша.

— Можа, мы пойдзем? — спытаў Забава, будзячыся ад задумення.

Ледзьве не заснуў, разамлелы цеплынёй і цішынёй вечара.

— Можна, — басам пагадзіўся жаўнер.

Ціха пасоўваліся наперад. Наблізіліся да лесу. Ішлі спачатку сцежкаю, а потым напрасткі. Жаўнер крочыў усё павольней. У адным месцы стаў. Азірнуўся.

— За-а-раз, — прашаптаў здушаным басам.

Яшчэ цішэй пайшоў наперад і спыніўся за густым кустом ляшчыны. Паблізу звінела рачулка, нібы крадучыся па каменні між дрэў. Павольна перайшлі праз ваду, паглыбляліся ў некаторых месцах па пояс. Потым узбіліся на стромкі груд.

Жаўнер паказаў рукой кудысьці ўніз.

— Тамака, — шаптаў, — дзе агні, млы-ы-н, бальшавіцкая застава. Тут, — выкінуў руку перад сабою, — дарога на Менск. Я вяртаюся.

Праз імгненне расплыўся ў цемры.

Забава нейкі час стаяў нерухома. Глядзеў у кірунку млына, агні якога, быццам вочы звера, прытоенага ў лясным гушчары, жмурыліся ўдалечыні і зіхацелі чырвонай раз’ятранасцю. Выняў з кішэні спружынны нож, расклаў яго; дакрануўся пальцам ляза. Паволі выйшаў на дарогу і ціхім, але ўпэўненым, засяроджаным крокам рушыў наперад, злёгку нахіліўшы галаву, выпрабоўваючы вачамі тую кароткую прастору, якую мог бачыць у цемры.

Нервы былі прыгатаваны да хуткага дзеяння, цягліцы напружаныя. Штохвілінна мог кінуцца наперад, каб ударыць нажом, або плітануць з дарогі ўбок і зашыцца, як звярок, у хмызняк.

Ішоў каля гадзіны. Дзівіўся, што дагэтуль не трапіўся ніводны мост. Памятаў, што ракаўскі шавец сказаў яму: «Да Краснага будзе пад вёрст пяць. А мастоў? Мастоў гэта мабыць з чатыры».