Забаве здавалася, што ён блукае, але ішоў наперад. Дзесьці здалёк да ягоных вушэй даляталі гукі песні. Напэўна, вясковыя дзяўчаты гулялі на вечарынцы, спяваючы свае бедныя беларускія мелодыі; бедныя, як іх лёс, сумныя і журботныя, як іх жыццё.
Быў у дарозе больш за дзве гадзіны, калі заўважыў, хутчэй інстынктам, чым зрокам, нейкі рух перад сабою. За некалькі скокаў апынуўся на раллі і кінуўся ў баразну, зліваючыся з зямлёй. Неўзабаве яго мінулі, размаўляючы, тры вясковыя дзяўчыны. Забава падняўся і рушыў за імі.
— Скажыце, красоткі, ці далёка Краснае? — спытаўся, набліжаючыся да іх ззаду.
Дзве завішчалі і адскочылі ў бок. Адна, смялейшая, сплюнула:
— Цьфу, цьфу, д’ябал!.. Спалохаў!.. Краснае далёка. Вёрст з дзесяць, а можа і болей.
Забава пахаладзеў. «Гэтулькі шляху надарэмна».
— А гэтая дарога куды?
— Гэтая да Койданава.
— Вось табе маеш!.. Скажыце ж, дзяўчаткі, якой дарогай ісці, каб да Краснага патрапіць?
Дзяўчаты правялі яго з сабою больш як кіламетр і паказалі вузкую, палявую дарогу.
— Па той дарозе прыйдзеш да Ляхаў. З Ляхаў пойдзеш да Барсукоў, з вёскі Барсукі да маёнтка Барсукі, а там ужо рукой падаць да Краснага.
Падзякаваў ім і пайшоў, паддаючы кроку, па падказанай дарозе. Калі выйшаў з Ляхаў, дык зноўку заблудзіўся і ізноў прыйшоў да Ляхаў. Зноў распытваў дарогу, імкнучыся знайсці адзінокага чалавека на вуліцы або на панадворку.
У маёнтку Барсукі пастукаўся ў прыдарожную хаціну, бо заўважыў праз шчылінку ў акне запаленае ў пакоі святло. Спачатку не хацелі ўпускаць, а калі ўпусцілі, Забава пабачыў у змрочным, закурэлым пакоі дзвюх жанчын, што з недаверам пазіралі на яго. За перагародкай і на печы шапталіся нейкія людзі. У пакоі былі відаць параскіданыя ў бязладдзі рэчы. Усё гэта здалося яму падазроным. Спытаўся пра дарогу да Краснага і пайшоў далей.
У Красным, стаўшы на ганку першай хаціны, пастукаў доўгай, знойдзенай на падворку галінкай у акно.
— А хто тамака? — пачуўся голас з сярэдзіны.
— Ці далёка адгэтуль Краснае?
— Гэта і ёсць Краснае. А вы да каго?
— Да председателя.
— Прадсядацель у другім канцы вёскі жыве. Трэцяя хата злева.
Забава абследаваў абодва канцы вёскі, але не знайшоў гасцінца. Не ведаў, што Краснае ляжала на адлегласці некалькіх соткаў метраў правей гасцінца. Быў вельмі стомлены. Вырашыў не адыходзіць далёка, каб зноў не заблудзіцца, а знайсці паблізу лес і трохі паспаць.
Пайшоў у поле. Лес знайшоў паблізу. Увайшоў далёка паміж велізарнымі хвоямі, шукаючы густога хмызняку. Разгроб у адным месцы мох і схаваў пад ім лісты і фотаздымак. «Каб не знайшлі пры мне. Усё можа быць!» — падумаў.
Успомніў жаўнера, які паказаў яму «дарогу да Менска». Плюнуў са злосцю і гучна прамовіў: «Свіння, псякрэў!». Лёг у кустах і неўзабаве заснуў.
Прыйшоў у лес як бедны і стомлены звяруга. І як звяруга прытуліўся даверліва да матухны-зямелькі, якая дае сілу, адпачынак і жыццё.
Абудзіўся ад холаду, на досвітку. Білі дрыжыкі. Выняў з-пад моху лісты, схаваў на сабе і пайшоў на ўзлесак. Заўважыў дзвюх жанчын, што працавалі ў полі паблізу нейкай дарогі. Наблізіўся да іх, добразычліва прывітаўся:
— Дабрыдзень!
Здзіўленыя жанчыны паднялі галовы. Адна выцерла нос даланёй і паправіла хустку на галаве.
— А чаго хочаце? — адазвалася па-беларуску.
— Скажыце, дзе дарога да Менска?
Жанчыны абмяняліся позіркамі, у якіх чыталася паразуменне. Пасля непрацяглага маўчання адна з іх паказала яму пальцам на дарогу, якую толькі што прамінуў, і неахвотна сказала:
— Тамака дарога.
— А колькі вёрстаў будзе адгэтуль да Менска?
— Не ведаю. Не лічыла. А людзі па-рознаму кажуць.
Забава выйшаў на гасцінец і прыспешаным крокам скіраваўся на ўсход па мала выезджаных утравелых каляінах.
Уставала сонца. Вясёлае. Усмешлівае. Вымытае ранішняй расой. Раса ззяла, кожная расінка была ў арэоле залатых промняў.
У Менск Забава прыйшоў, калі ўжо змяркалася. Прыйшоў без аніякіх прыгод, шчасліва абмінаючы ўсе небяспечныя месцы, пра якія пакуль і не ведаў.
Найперш жадаў аднесці ліст і фотаздымак да спадарыні Ядвігі Двалінскай. Даручыў яму гэта зрабіць яе муж, чыгуначны службоўца з Вільні. Ён дзеля гэтага і пазнаёміўся з Забавам праз пасярэдніцтва агульных знаёмых.
Раман лёгка знайшоў патрэбную яму вуліцу і прыбіты над варотамі бляшаны нумар хаты. Увайшоў на шырокі, патанаючы ў змроку, падворак. З брудных, смуродных сенцаў адчыніў дзверы ў пакой. Насустрач яму ў твар бухнула цёплая пара.