Я чакаў пакуль яны не парушаць паўзу. Пляшак у акулярах зрабіў гэта першым.
“Вы, пэўна, заблукалі? — з прыхаваным здзекам спытаў ён. — Дык вам назад і далей”.
“Ці можа вам адчыніць?” — спытаў другі, знешнасць якога ўпарта працягвала нагадваць мне пра садысцкія схільнасці.
“Не адмоўлюся”, — нахабна і з націскам адказаў я, хоць моцна ўстрывожыўся.
Яны з нейкай доляй няўпэўненасці, але настойліва пачалі адціскаць мяне да выхаду, што толькі павялічыла мае падазрэнні. “Справа ў тым, што я не маю ключоў!” — з крывой усмешкай мармытаў адзін.
“Так, і ў мяне іх бракуе”. — запэўніваў другі.
“Хіба што нам загадаюць...”
Урэшце я дасягнуў выхаду і з палёгкай апынуўся вонку. Пот сцякаў у мяне па спіне і па твары — у будынку муніцыпалітэта не працавала ніводнага кандыцыянера. Поўны цьмяных падазрэнняў, я рушыў прэч.
Праходзячы праз плошчу, я раптам звярнуў увагу на мурына са збітым, у сіняках тварам. Кунтус — я ўспомніў яго імя. У мяне цупкая зрокавая памяць, але і без гэтага я адразу пазнаў у ім аднаго з эсбэшнікаў, хутчэй за ўсё, як я тады вызначыў, стажора, з якім некалькі дзён таму бязлітасна разлічыўся за адсочку з яго боку. Апрануты ў брудныя нагавіцы і падраную кашулю, ён меў выгляд апушчэнца, хоць я мог падумаць, што гэта проста маскіроўка. У руках малады мурын нёс пластыкавую скрыню. Міжволі зацікавіўшыся, я наблізіўся да яго бліжэй. Наўрад ці ён вызначыў, хто менавіта раней напаў на яго і адабраў зброю, хоць мог мяне памятаць, як аб’ект адсочкі. Тым не менш, я назіраў, рухаючыся за ім, што ён будзе рабіць далей. Мурын падышоў да Дошкі кандыдатаў на бессмяротнасць, спыніўся, паставіў на зямлю скрыню, адкінуў з яе ўбок крышку і выцягнуў адтуль... не, я не мог памыліцца — пачак налепак. Дзве з іх ён наклеіў знізу на бетонную сцяну, потым падабраў скрыню і пайшоў далей.
Я здзівіўся яшчэ больш і не мог даць веры: хто цяпер такі гэты Кунтус і як ён не баіцца сярод дня, пры святле, рабіць такую рызыкоўную справу? Але неўзабаве ўсё высветлілася. Як толькі ён адышоў, я наблізіўся да сцяны і прачытаў наступнае: ЗАГАД
Муніцыпальнай Рады ад 25 ліпеня 2050 года.
Апошнім часамупас елішчы НовыЭдэм распаўсюджваюцца чуткі,якіяадносяц ца да катэгорыі прымхаў і забараняюцца ўладамі. На гэты раз чуткі сцвярджаюць быццам у адным з баракаў па начах і нават днём з’яўляецца прывід, які наносіць жыльцам смяротную шкоду.
Пазанавуковыя і недарэчныя тэорыі пра ўпыра, які,
лежачы ў магіле, выходзіць адтуль, каб піць кроў з жывых, набылі асаблівае распаўсюджванне сярод мясцовага насельніцтва ў гэтыя святочныя дні.
У сувязі з вышэйназваным, муніцыпальная рада загадвае:
Забараніць хаваць нябожчыкаў на могілках і ў іншых дазволеных месцах, а таксама выкідваць мерцвякоў у раёне звалак.
Пасля смерці каго-небудзь, яго труп належыць спаліць альбо адпаведна з рэлігійнымі вераваннямі,
якія выспавядаюць некаторыя групы насельніцтва,
дазволіць ім ужываць нябожчыкаў у якасці ежы,
што практыкавалася здаўна іх продкамі.
За распаўсюджванне зламысных прымхаў і чутак, пра іх носьбітаў належыць неадкладна паведамляць у органы бяспекі.
Людзей, якія рэкамендуюцца ад сябе навукоўцамі і праяўляюць цікавасць да вышэйназваных падзей, таксама затрымліваць і заяўляць у службу бяспекі.
Муніцыпальная Рада.
З немалым здзіўленнем прачытаўшы загад, я, урэшце, расклаў усё па палічках у лагічнай паслядоўнасці. Улады не на жарт заклапоціліся падзеямі ў дваццаць першым бараку, небеспадстаўна робячы выснову, што маюць справу з чарговым адхіленнем ад іх ідэі, а гэта, вя-дома, не абяцае ім далей спакойнага жыцця. Стажора, які днямі адсочваў мяне, хутчэй за ўсё выгналі з органаў: білі на допытах, але чамусьці выпусцілі, дараваўшы нават згубленую зброю і рацыю. Магчыма, ён меў сувязь з кіруючымі чыноўнікамі альбо з мясцовымі мафіёзі, што не толькі дазволіла яму пазбегнуць арышту і лагера, а і здабыць нават працу ў якасці кур’ера ў мясцовым муніцыпалітэце. Цікава, падумаў я, дзе, у сувязі з Загадам, паспелі пахаваць Адмету Слімак, і ці паспелі ўвогуле? Ва ўсялякім разе я адчуваў, што абставіны пагаршаюцца і варта спяшацца. Да таго ж, мяне ўвесь час непакоіла тое, што Мойра застаецца адна, і я не мог з гэтай нагоды далёка адыходзіць ад свайго часовага жытла.