Выбрать главу

Частка VII. ДОКАЗ

29.

Бліжэй к вечару я забраў у свой джып Васку Петкавіча і Андруша.

Мы загрузілі ў машыну не-абходны інструмент: рыдлёўкі, ліхтары, сякеру, а таксама, з вопыту мінулай эксгумацыі, канат і вяровачную лесвіцу, пасля чаго паехалі да доктара Арвіда. Сябры мае мелі змрочны выгляд і былі, пэўна, не рады і нават не зацікаўлены ў маючай адбыцца авантуры, у якую я ўцягнуў іх ужо другі раз, але настрой іх тлумачыўся, у першую чаргу, вядома, арыштам пастара

Себасцьяна, а таксама мастака і яго вучня.

Доктар Арвід, якога я папярэдзіў некалькі гадзін раней, нас не падвёў, бо аказаўся дома, быў адносна цвярозы і нават трымаў напагатове сумку з медыцынскімі прэпаратамі і інструментамі.

Тым не менш, я заўважыў, як ён паклаў сабе ў кішэню біклагу са спіртным, а другую запіхнуў у сумку. Мы рушылі.

Пасля размоў з палкоўнікам Скутам і чыноўнікам з муніцыпалітэта мае паездкі і ўвогуле прысутнасць у розных кропках наваколля набылі цяпер ледзь не легальны статус, чым я і намераны быў скарыстацца напоўніцу. Я папярэдзіў усіх, што ўскрываць магілу з верагодным упыром на гэты раз будзем да цемнаты — вядома, калі паспеем. Да таго ж, пісьмовы дазвол

Адметы знаходзіўся ў мяне з сабой, на чым адразу настаяў доктар Арвід, бо, як ён заявіў, па-першае — не жадае канфлікту з ідыётамі, а па-другое — быць несправядліва абвінавачаным у некрафіліі.

Да вечара яшчэ было гадзіны тры, і я на гэты раз вельмі спадзяваўся вырашыць справу хутка і станоўча. Ехаць да могілак выпадала няшмат, а паліва ў баку яшчэ хапала надоўга. За шчыльна забранымі вокнамі пазадарожніка дымілася звалка, якую з вышыні шчодра залівала гарачымі сонечнымі промнямі.

Доктар Арвід сядзеў наперадзе, з правага боку ад мяне, нагадваючы ў профіль індзейскага правадыра са старажытнай кінастужкі.

Нейкі час ён моўчкі ўзіраўся ў пейзаж за шклом. А потым выцягнуў з кішэні біклагу.

“Хто хоча выпіць?” — спытаў ён.

У люстэрку я ўбачыў, як Васка Петкавіч і Андруш запытальна ўтаропіліся мне ў патыліцу.

“Бадай што ніхто не супраць”, — сказаў я, узяў з рукі доктара біклагу і глынуў. Пасля мяне прыклаліся да яе і астатнія. Доктар Арвід павесялеў.

“Справа ў тым, — коратка патлумачыў я яму, — што ў дадзеным выпадку няма падставы для некрафіліі, бо наш, так бы мовіць, суб’ект, хутчэй за ўсё знаходзіцца ў стане вампірычнай комы, з якой дзіўным чынам уступае ў кантакт са знаёмымі і сваякамі, працягваючы сваё псеўдажыццё. Вось толькі, ці можна назваць падобнае неверагоднае існаванне жыццём? І што такое тады ўвогуле жыццё — можа, доктар Арвід мае на гэты кшталт адпаведнае тлумачэнне?

Доктар Арвід зморшчыў лоб, памарудзіў у роздуме, а потым сказаў: “Наколькі я ведаю, кома — своеасаблівы паталагічны сон, пры якім чалавека немагчыма разбудзіць, бо ў яго страчана свядомасць. Кома развіваецца ў выніку глыбокага тармажэння ў кары галаўнога мозга, якое ўплывае на падкорку і цэнтральную нервовую сістэму. Пры гэтым наступае кіслароднае галаданне.” “Так, — падбадзёрыў я, — працягвайце, калі ласка.”

“Іншым разам коме спадарожнічае шызафрэнія, і тады ўзнікае ступар — з трызненнем і галюцынацыямі. Я не так часта назіраў каматознікаў, але магу адрозніць апаплектычную кому ад гіпаксічнай, ныркавую ад пячоначнай, дыябетычную ад гіперглікемічнай ці гемарагічнай, толькі вось, што такое вампірычная кома — мне невядома. Вы, Берташ, можаце патлумачыць мне яе сутнасць?”

“Не, — адказаў я пасля паўзы. — Калі такія веды і існавалі пры эпідэміі вампірызму, то, пэўна, збівался ў бок дэманалогіі, а цяпер нават яны ўвогуле згублены”.

“Самае незразумелае — матэрыялізацыя вампіра. Я не даю гэтаму веры. Якім чынам, лежачы ў труне месяцамі і нават гадамі, можна выходзіць наверх, скачваць з кагосьці энергію і працягваць існаваць? Пра што гэта ўсё сведчыць?” — засумняваўся Арвід.

“Гэта можа сведчыць толькі пра адно: што мы ўсе і наш свет хаваем яшчэ адну неразгаданую таямніцу”.

“Цікава, вельмі цікава, — доктар Арвід зноў прыклаўся да біклагі. — А завостраны асінавы кол у нас ёсць?” “Ёсць”, — запэўніў яго Андруш.