Выбрать главу

“Хвіліну, — перапыніў я яго, — мы ведаем, што ў труне, якую мы намерваемся ўскрыць, ляжыць цела Патрыка, мёртвае альбо ў коме. Ён пахаваны некалькі месяцаў таму, і калі сапраўды памёр, то гэта будзе бачна, а калі з ім нешта іншае, то разбяромся, а пакуль, на ўсялякі выпадак, надзенем рэспіратары і пальчаткі, калі пабачым цела,”.

Мы з Андрушам закапаліся амаль у поўны рост і працягвалі выкідваць наверх зямлю. Доктар Арвід ціснуўся побач, трымаючыся за сваю сумку, якая грувасцілася на краю ямы. Васка Петкавіч стаяў наверсе з лесвіцай напагатове. Урэшце, лязо маёй рыдлёўкі глуха сутыкнулася з перашкодай. Андруш спыніўся і праз секунду ціха прашаптаў: “Труна.”

Твар у яго быў бледны. Я таксама моцна захваляваўся, пільна ўглядаючыся ў абрысы каструба-вата збітай дамавіны. Над ёй я па-ранейшаму нічога не заўважаў: ні выпарэнняў, ні якога белага слупка, нічога. Моўчкі мы расчысцілі века, падкапалі з бакоў.

Труна была з пацямнелых, але моцных пластыкавых лістоў, якія выкарыстоўваліся на будаўнічых работах, — па сутнасці, адыходаў. Так хавалі ў апошні час шматлікіх памерлых не толькі ў паселішчах, а і ў ваколіцах сталіцы: дрэва з-за шматлікіх высечак лесу каштавала вялікіх грошай. Мы спыніліся.

“Адкрываць?” — усё так жа шэптам спытаў Андруш.

Я ўключыў камеру і зірнуў на доктара Арвіда. Той выцягнуў біклагу, глынуў з яе, схаваў у кішэню, апусціў сваю сумку да ног, расчыніў, вынуў разавыя гумавыя пальчаткі, даў нам і сам нацягнуў на пальцы рук. Мы з Андрушам тым часам лёзамі рыдлёвак зачапілі века і ссунулі ў бок.

Паўза.

Мяне скаланула.

Першае, што я ўбачыў, гэта напаўаголенае цела Патрыка з адкрытымі вачыма, позірк якіх быў, здаецца, скіраваны ва ўпор на мяне. Галава з адросшымі валасамі, якія ўздымаліся над ёй нібы шапка, ляжала не на падушцы, а плавала патыліцай у крыві. Знізу кроўю было заліта ўсё цела. Падушка, набітая раней пілавіннем, была распоратая, а каўнер пінжака адарваны напалову і падраны на дробныя замусоленыя кавалкі — быццам іх нехта жаваў. Тое ж назіралася і з кашу-ляй, дакладней, з яе рэшткамі. Адна рука пахаванага раскінулася па целе, а другая чаплялася за падраны каўнер. Пазногці былі адросшыя і вострыя, нібы ў звера, і больш нагадвалі кіпцюры. Трупных плямаў я не заўважыў. Цела мела выгляд здаровага і нават укормленага чалавека. Не адчувалася і характэрнага для нябожчыкаў саладкаватага паху гніення, але і паху крыві таксама. Я адкінуў рыдлёўку ўбок і пачаў здымаць. Я хваляваўся, бо перада мной было нешта невытлу-мачальнае. Рукі мае дрыжэлі.

“А-а, д’ябла!”

Доктар Арвід нахіліўся над целам, дакрануўся да ілба пахаванага, а потым памакнуў палец у кроў, быццам не даваў веры, што гэта яна. Палец афарбаваўся ў чырвонае. Я ўжо амаль не сумняваўся: упершыню кожны з нас бачыў упыра, ці, як казалі продкі, “п’яўку”.

“Пачынайце, доктар, — ціха прапанаваў я, — што вы, дарэчы, хочаце рабіць?”

Доктар Арвід выцягнуў з сумкі шпрыц, нахіліўся над целам і ўваткнуў іголку ў аголенае перадплечча. Мне раптам здалося, што нябожчык уздрыгнуў. Я здымаў. Цела засталося ляжаць у ранейшай позе — магчымы ўпыр не зрэагаваў, ва ўсякім разе праз аб’ектыў я не ўбачыў перад сабой аніякага руху. Можа, я памыляўся?

Але доктар Арвід не раздзяляў маёй думкі.

“Гэты чалавек не памерлы, — разгублена выціснуў ён з сябе, — але і не жывы. Я не ведаю, што і меркаваць. Калі мы маем справу з комай, то чаму ён у крыві? Адкуль яна ў труне, якую не ўскрывалі паўгода? І якім чынам у целе падтрымліваецца ціск? Гэтага ж не павінна быць”.

“Вы скончылі? — спытаў я яго. — Тады досыць пытанняў.” “Яго трэба выцягнуць наверх.” “Навошта? — запярэчыў я. — Хіба што толькі спаліць?”

“Каб канстатаваць смерць, тэарэтычна неабходна чатыраста васемнаццаць прыкмет таго, што жыццё пакінула цела. Але ў нас няма ні часу, ні неабходных апаратаў — мы не ў анатамічцы, — заявіў доктар Арвід, — так што выцягнем яго і выбярэм самыя вядомыя.”

“Можа павязём яго ў муніцыпалітэт? Альбо да вас дадому? Вы разумееце, чым гэта можа для нас усіх скончыцца?” “Але ж ён жывы.” “Вы толькі што заяўлялі, што не жывы.” “Але і не памерлы.”

“Тады, чаму ён не рэагуе на ўкол?” — з хваляваннем спытаў

Васка Петкавіч.

“Секунду”.

Доктар Арвід выцягнуў шпрыц з перадплечча і, нацэліўшы, увагнаў яго ў нервовае спляценне ніжняй часткі носа памерлага. Тое, што здарылася далей, прымусіла нас адхіснуцца і знерухомець: бялкі вачэй Патрыка ледзь бачна таргануліся, а рот з чвяканнем адкрыўся, нібы тхло, і зноў закрыўся. Мы пачулі, як пачвара застагнала.

“Жывы”, — збянтэжана прашаптаў Андруш. “Так”, — пацвердзіў доктар Арвід.