Выбрать главу

“Ён і раней варухнуўся, гавару вам праўду, я бачыў рух яго ног, калі вы глядзелі толькі на яго твар”, — прагучаў зверху ўсхваляваны голас Васка Петкавіча.

Я перасіліў сябе, наблізіўся да труны ўсутыч і нахіліўся над тварам “п’яўкі”. Ніколі не забуду пачуццё, якое ахапіла мяне, калі позірк упыра сустрэўся з маім: адчуваў ён нешта сваёй, ужо не чалавечай, а, хутчэй, пазачалавечай свядомасцю, альбо знаходзіўся ў стане своеасаблівага сну? Спіну маю раптам працяла холадам, а ў горле перахапіла. Камера працавала. Я адступіў на паўкрок, упёрся ў край ямы і сказаў: “Перадай мне кол, Андруш”.

Доктар Арвід распраміўся і абярнуў да мяне свой твар.

Рэспіратар надаваў яму выгляд персанажа з фантастычнай стужкі мінулага стагоддзя.

“Што вы намераны рабіць?” — спытаў ён.

“Тое, што рабілі продкі ў такіх выпадках”, — адказаў я.

“Але чалавек непрытомны: у летаргіі ці коме, а вы хочаце...” “Гэта — не чалавек, доктар”, — перапыніў я яго.

“Але ж я не магу згадзіцца і дазволіць самасуд і забойства”.

“Гэта істота замарыла некалькі людзей, у тым ліку і дзяцей. А вы не пракурор. Андруш, дзе кол, пра які ты гаварыў?” “Вось ён”, — Андруш працягнцў мне завостраную з аднаго боку драўляную палку.

“А цяпер, — загадаў я доктару, — вылазьце наверх!” “Чакайце. Я павінен праверыць, хоць з прафесійнай цікавасці, ці ёсць у яго пульс, ціск жа быц-цам прысутнічае, але я не ўпэўнены, вось жа і кроў — адкуль яна?”

Доктар Арвід зрабіў прагны глыток з біклагі і зноў нахіліўся над целам. Ён без асаблівых намаганняў сагнуў руку пахаванага ў лак-

цявым суставе: рука была гнуткая, потым тое ж самае прарабіў з адной нагой, а пасля і з другой. Ногі згіналіся, кроў сцякала пад цела пахаванага, але характэрнага яе паху — паху жалеза, я паранейшаму не адчуваў.

Я моўчкі назіраў за неверагодным і жахлівым відовішчам, працягваючы здымаць усё на камеру. Напружанне сярод нас нарастала.

“Мы ўсе зараз рызыкуем, доктар, — урэшце прымірэнча сказаў я. — Ніхто не ведае, чым гэтыя адведкі могуць скончыцца для кожнага з нас, так што хутчэй дайце зрабіць нам нашу справу”.

Доктар Арвід спыніўся ў нерашучасці. “Мне варта глынуць”, — сказаў ён.

“Дайце і мне”, — папрасіў зверху Васка Петкавіч.

“Ціха! — раптам выгукнуў Андруш і схапіў мяне за плячо. — Ён адкрывае рот! Ён нешта гаво-рыць!”

Мы знерухомелі. Нябожчык павольна закаціў бялкі вачэй і быццам плямкнуў вуснамі . Ніхто не зразумеў, хоць усе і прыслухаліся.

“Момант, — сказаў я. — Пэўна вы, доктар, справакавалі яго тым, што мялі яму рукі і ногі. Ён нежывы. Дакладней не зусім жывы.

Ва ўсякім разе напэўна сцвярджаць нічога нельга. Дайце мне шпрыц!” “Годзе здзекавацца над целам. Я не дам!” “Што ж, тады я сам.”

Я ўзяў завостраны кол і націснуў вастрыём шыю нябожчыка. І тут рот яго скасіла ўбок, і мы пачулі нешта накшталт прамоўленага слова.

“Шэ-й-м-а-х-х-ц-ц-ц...”

Мы замерлі.

“Што ён сказаў? — захваляваўся Васка Петкавіч. — Вы чулі?”

“Ён сказаў: schmerz1. Боль. Быццам па-нямецку,” — разгублена патлумачыў доктар Арвід.

“Ды не, — аспрэчыў Андруш. — Вам надалося. Ён сказаў: бруд.

І гэта па-мясцоваму. Смецце.”

“А па-моему: “шмаль2”, — ліхаманкава выказаў сваю думку

Васка Петкавіч.

“Нічога такога ён не гаварыў, — працягваючы здымаць, абверг усіх я. — Гэта небяспечная істота, якая знаходзіцца ў стане агрэсіі.

Яна галодная. І яна не жыве — хоць і жывая. А калі і жыве — то не ў нашым вымярэнні. Гэта — “п’яўка”. Упыр. Ваўкалак. Нашыя продкі бачылі іх сапраўднае нашесце. Скончылі базар. Андруш, ты гатовы?”

Schmerz (ням.) — боль.

Шмаль (жарг.) — танны наркотык.

“Так”.

“Тады хутчэй. Нас могуць пабачыць і выклікаць эсбэшнікаў.” “Пачнём! — адразу згадзіўся Андруш. — Што мне рабіць?”

“Момант! — нервова выдыхнуў з сябе доктар Арвід. — Апошні тэст! Адзіная самая простая сапраўдная прыкмета, якая сведчыць аб захаванні жыцця ў целе, — гэта змена колеру пазногце-вага ложа, калі на яго націснуць, што я зараз і раблю. Вось так,” — ён рэзка адхіснуўся.

“Гаварыце! — загадаў я яму.

Але я мог бы і не прыспешваць яго, бо ўбачыў ужо сам: з рота “п’яўкі” марудна выпаўзла невялікая колькасць пены і сцякла ўніз.

“Пульс! Я чуў удар! У яго б’ецца сэрца, хоць і вельмі рэдка! — выкрыкнуў доктар Арвід.

“Што з таго?” — спытаў я.

“Гэты чалавек — жывы”.

“Вылазьце, доктар. Тут вы больш не патрэбны!”

Васка Петкавіч скінуў уніз канец лесвіцы, і доктар з лаянкай палез з ямы. Пасля кароткага роздуму я прыклаў кол завостраным канцом да грудзей упыра — там, дзе павінна быць яго сэрца, а другой трымаў у кадры камеру.