“Давай жа, Андруш”, — сказаў я.
Той пабляднеў і, узяўшыся за канец палкі, рашуча налёг на яе ўсім сваім цяжарам. Кол мякка пайшоў у цела ўпыра, і ў тую ж хвіліну з адкрытага рота “п’яўкі” выразна пачуўся стогн, цела яго заторгалася ў канвульсіях, ён гучна захроп, а потым зароў, але не надоўга, і раптам усё заціхла. З грудзей упыра паказалася даволі густая вадкасць белага колеру, змешаная з крывёю. Тое ж выцякала і з яго рота.
Я аддаў камеру Васка Петкавічу і папрасіў яго здымаць замест сябе.
“Я ў гэтым больш не ўдзельнічаю, — сказаў зверху доктар
Арвід. — Вы забілі жывога”.
“А вы калі-небудзь назіралі, як такіх жывых “п’явак” заліваюць бетонам? — спытаў я ўжо са злосцю, змешанай з ліхаманкавым хваляваннем. Рукі мае дрыжэлі, у горле перасохла. — Вы ж, пэўна, бачылі дзяцей, якіх ён замарыў? Можа, вы б хацелі забраць яго сабе дадому і лячыць?”
“Ідзіце вы ўсе да д’ябла!” — доктар Арвід закінуўся ўгору з біклагай.
“Андруш! — прапанаваў я, — вылазь адсюль, бо я намераны скончыць гэтую справу!” “Не, — адказаў той. — Я вам дапамагу”.
“Тады адхініся. І сцеражыся, каб на цябе не пырскнула з трупа”.
У некалькі ўзмахаў я адсек упыру галаву востра заточанай з усіх бакоў рыдлёўкай. З шыі і тулава адразу лінула і расцяклася тая самая, белага колеру, неаднаразова апісаная ў старажытных хроніках, вадкасць з крывёю. Пасля гэтага я выкінуў наверх рыдлёўку і вылез сам. Следам за мной выбраўся з ямы Андруш, адбегся ў бок і пачаў ванітаваць.
“Закопваем, і хутка”, — сказаў я.
Мы пакідалі ў яму пальчаткі, рэспіратары і праз некалькі хвілін магіла “п’яўкі” зраўнялася з зямлёй. Я збольшага праверыў запіс на камеры і з немалым хваляваннем упершыню застаўся задаволены: доказ ва ўсіх фазах, ад пачатку і да канца, урэшце, быў у маіх руках.
empty 30.
Калі на чалавека находзіць туга, і жыццё падаецца не маючым аніякага сэнсу, то стан гэты не вылечыць ні алкаголем, ні набытымі грашыма, ні нават каханнем.
Менавіта ў такім стане я вярнуўся ў свой часовы прытулак.
Мне нават прыйшло ў галаву, што ўпыр, кантактуючы са мной, перад сваім сконам паспеў нейкім чынам “скачаць” з мяне частку жыццёвай энергіі. Таму, першае, што я зрабіў, — дык гэта прыняў цёплы душ. Мойра, якой я расказаў пра тое, як прайшла эксгумацыя, дапамагла мне пераапрануцца: у мяне небеспадстаўна закралася падазрэнне, што я мог запэцкацца ці ў кроў “п’яўкі” ці ў яго выдзяленні. Я адчуваў стомленасць, але заснуць хоць хвілін на дваццаць не мог з-за нервовага ўзбуджэння. Каб не губляць дарэмна часу, я заняўся мантажом набытага матэрыялу: не парушаючы храналагічага парадку, пачаў стыкаваць стужку аднаго з самых, як спадзяваўся, істотных доказаў, так бы мовіць, рэальнасці нашага не рэальнага існавання.
Мойра калі-нікалі раіла мне, як зрабіць най-лепш. Пад канец справы я, увесь час памятаючы пра апошнія падзеі, папрасіў яе не адыходзіць ад мяне далёка і хутка рыхтавацца да ад’езду.
“Бачыш, — сказаў я ёй, — наша праца завершана, і далей заста-
вацца тут, у Эдэме, небяспечна. Дні праз два, максімум праз тры, мы адсюль знікнем, і ніхто нас не будзе шукаць у гэтым гное-
адстойніку, бо караюць цяпер тых, каго маюць перад вачыма, хто базабаронны і не паспеў “зашыфравацца”. На першы час грошы ў нас ёсць, а потым мы прададзім стужку пра ўпыра праз Сеціва.” “Ёй могуць не даць веры. Падумаюць, што гэта фальсіфікацыя: хіба такое магчыма?” “Ты ж бачыш, бездань зірнула на нас у адказ, і мне самому вусцішна.” “Але ж, калі ўпыр — усё-такі жывая істота, то чаму яго нельга было абудзіць?”
Раздумваў я нядоўга.
“Ва ўсёй вампіралогіі не адзначалася ні аднаго выпадку, каб упыр зноў станавіўся дзеяздольнай асобай, хіба што старажытная практыка зомбі на Гаіці сцвярджала нешта падобнае. Яго сон —
асаблівы від комы. Дарэчы, летаргічныя сны такога кшталту, якія працягваліся нават да дзесяці альбо дваццаці год, мелі ў нашых краях характар эпідэмій з інтэрвалам у паўстагоддзе. Як бачыш, у
Праграме здараюцца збоі.” “Не варта было яго забіваць.” “Забраць з сабой?” — спытаў я з іроніяй.
“Ну, можа яго стан варта было даследаваць навукоўцам.” “Успомні пра Публія Роса, — заўважыў я. — Цяпер ён у сутарэннях службы бяспекі і, калі вы-жыве, то не мінуе лагера.
Залішняя цікавасць можа каштаваць яму жыцця”.
Але мне лепш было не нагадваць пра акадэміка, пра якога я расказаў Мойры раней, бо яна адразу пераключылася на нядаўні арышт мастака Юліуса Гарматы і пастара Себасцьяна.
“Паслухай, Берташ, — спытала яна, — мы ж не кінем у бядзе нашых сяброў?”
Я знерухомеў, хоць і даўно чакаў гэтага пытання.