“Маркус займаецца іх вызваленнем. Нам жа, кажа ён, лепш з’ехаць, бо арыштуюць і нас”.
“А ты з ім размаўляў?” “Так”.
“І што?” “У яго дастаткова людзей. Ён плануе напад на этапе”.
“Мы не станем з’язджаць цяпер. Праўда, Берташ?”
Я маўчаў. Туга зноў нахлынула на мяне. Ідылія з жытлом на беразе якой рэчкі, мае спадзяванні пра душэўны спакой — усё зноў марна адыходзіла ў няўпэўненасць. Я праглынуў камяк у горле і праз паўзу адказаў: “Не станем, Мойра”.
На падворку і ў небе над ім згусцілася ноч. Ледзь бачныя пасмы дыму са звалак праплылі ў святле ад майго ліхтарыка, але я загасіў яго, памятаючы пра небяспеку. Россып зорак адразу ярка зазіхацеў нада мной і я нейкі час углядаўся ў іх, быццам спадзяваўся заўважыць нешта новае і непаўторнае. Раптам мне ўспомнілася казань пастара Себасцьяна і яго апеляцыя да Начальніка Сусвету. Няўжо ўсё гэта нада мной — сапраўды ўсяго толькі “люстэркавая зала, поўная ілюзій?” І што тады ўвесь наш свет? Сапраўды, хто мы, адкуль і куды рушым, як пытаецца ў сябе Юліус Гармата, а да яго пыталіся іншыя? Дакуль мы будзем задаваць сабе такія і падобныя пытанні: датуль, пакуль мы думаем? Але што такое нашыя думкі, увогуле розум? Гэта наш унутраны працэс, альбо знешні? Доказы няўмольна сведчаць, што наш мозг — звычайны камп’ютар, які атрымлівае загады звонку. Ад чаго, ці ад каго? — узнікае чарговае пытанне. Палічым — ну, прыкладам, ад Сонца. Ці з Месяца, як мяркуе апантаны Публій Рос. І калі нам раптам апынуцца за межамі Сонечнай сістэмы, мы ператворымся ў нішто, выключымся? Але, хіба ёсць рацыя ў тым, каб задаваць пытанні, на якія пакуль што няма адказу, і, цалкам верагодна, ніколі не будзе? Можа, якраз Маркус са сваёй мэтай, узор таго, як варта паводзіць сябе ў нашых варунках, а не забіваць сабе голаў недарэчнымі пытаннямі. А мая мэта таксама ўзор?
Я знайшоў на падворку вядро з вадой і вярнуўся ў дом.
“Я звязалася з Маркусам, — сказала мне Мойра, — ён будзе рады ўбачыць нас для размовы”.
Замест адказу я абняў яе. Дарэмна было кантраляваць далей падзеі з майго боку, і тым больш, уплываць на іх. Усё вырашыцца ў гэтыя два-тры дні. Што ж, няхай будзе, як будзе, падумаў я.
Маркус, папярэдне патэлефанаваўшы, прыйшоў да нас з
Мойрай позна ўвечары. З ім былі Анд-руш і незнаёмы мне малады метыс, высокі, моцны на выгляд, са шчарбатымі спераду зубамі, што было бачна, калі ён усміхаўся. Маркус сказаў, што гэта брат жанчыны па імені Вікторыя, якая з ім, Маркусам, жыве, і што яго завуць Людвік. Я спытаў, дзе зараз Васка Петкавіч, і Маркус патлумачыў: для акцыі той стараваты, і яму не варта рызыкаваць, а пяць чалавек — калі палічыць усіх нас — нават занадта для справы, на якую мы пойдзем праз суткі.
Маркус выклаў свой план, які, на маю думку, цалкам адпавядаў усім, акрамя аднаго: пункта, які тычыўся Мойры. Я ўвогуле быў супраць таго, каб жанчына брала ўдзел у акцыі, але — дарэмна: яна ўпарта настойвала на сваім, да таго ж, з ёй згадзіўся і Маркус.
Яго намер заключаўся ў на-ступным: на аддаленым участку мы робім засаду. Ёсць некалькі такіх месцаў, якія якраз пады-ходзяць для нечаканага нападу. Галоўнае, чаго мы павінны будзем адразу дасягнуць, — гэта, каб аўтазак спыніўся. Сама машына, хоць і састарэлай канструкцыі, але яе, тым не менш, нам не спыніць з нашымі аўтаматамі і пісталетамі: шкло куленепрабіваемае, а шыны — з гутаперчывага пластыка. Тут, тлумачыў Маркус, патрэбна хітрасць: жанчына, якую яны нечакана ўбачаць на дарозе, папросіць іх спыніцца і неяк ёй дапамагчы. Яна будзе ляжаць адна і ў межах бачнасці, так што яны павінны спыніцца. Тут я паспрабаваў пераканаць Маркуса: лепш я лягу на дарогу замест Мойры, але той і сама Мойра не згадзіліся, бо ахоўнікі маюць адпаведныя інструкцыі і толькі нейкі важкі псіхалагічны фактар можа прымусіць іх перагледзець. Такім фактарам якраз і будзе бездапаможная жанчына на дарозе. Аўтазак спыніцца, хтосьці з іх выйдзе, і тут ужо пачнём дзейнічаць мы. Далей Маркус паставіў асабістую задачу перад кожным, і, урэшце, перайшоў да пытання зброі. Я павінен быў памяняцца з Мойрай: забраць у яе “берэту”, а ёй аддаць сваю, гвалтам набытую раней у стажораэсбэшніка, страляючую трубку, якую можна прымацаваць на далонь, каб зброя не была заўважанай і выкарыстаць пры раптоўнай небяспецы. Пісталетам быў узброены і Андруш, а сам Маркус і Людвік, на якіх ляжала асноўная частка акцыі, будуць мець з сабой аўтаматы — іх яны і мяркуюць выкарыстаць напоўніцу. На мапе мы пазначылі некалькі месцаў, дзе можна было, з-за іх своеасаблівага ландшафту, зрабіць засаду. Яшчэ нейкі час заняло абмеркаванне асобных дэталей, пасля чаго нашыя наведвальнікі сышлі ў ноч, а мы з Мойрай зноў засталіся ўдваіх.