Выбрать главу

Я хацеў прылашчыць яе, але стрымаўся, бо яна задумалася пра нешта сваё і, што здзівіла, пэўна, прыемнае для яе. Упершыню я ўбачыў, што яна чамусьці рада.

“Што ты, Мойра?” — спытаў я.

“Значыць, я больш не буду хадзіць у цэх і выконваць, як жывёла, атупляючую працу?” “Выходзіць, што так”.

“Ты здолееш пракарміць мяне, я ведаю”.

“І не толькі цябе”, — сказаў я з намёкам.

Твар яе пасвятлеў.

“Заўтра ў нашым жыцці нешта зменіцца. І мы з’едзем адсюль.

Ты ж не маніш, быццам нам можна пажыць ля возера ці якой ракі і бачыць, як плаваюць рыбіны, пад нагамі растуць трава і кветкі, а ў паветры лётаюць птушкі?” “Так. Мы паселімся ў якім доміку ля вады, будзем любавацца прыродай і чытаць кнігі, якія зараз паўсюдна забаронены. У нас народзіцца дзіцё. А пакуль тое, мы завядзём сабаку”.

Дарэмна я сказаў апошняе, бо яна адразу спахмурнела. “Я не хачу іншага сабаку”.

“Такое жыццё, Мойра. Мне вельмі шкада, але мы ў ім будзем увесь час губляць блізкіх людзей і істот, пакуль не сыдзем з яго самі”.

Частка VIII СУТЫКНЕННЕ

31.

Маркус, як і дамаўляліся, забраў нас з Мойрай у вызначаным месцы. У “пікапу”, які належаў Людвіку, мы рушылі на бальшак, раз-пораз звяраючыся з мапай. Мы амаль не размаўлялі, зрэдку разглядаючы змрочныя краявіды, калі Людвік збаўляў хуткасць.

Кожны думаў пра нешта сваё. Нягледзячы на ранішні час, паветра, што абдавала нас праз расчыненае акно пахам адыходаў і паленага пластыка, было гарачае і задушлівае. Звалкі, якія не пераставалі дыміцца, то знікалі, то аднаўляліся зноў.

Часам мы назіралі сярод смецця постаці чалавекападобных істот, якія капаліся ў адыходах, там-сям грувасціліся іх самаробныя буданы, куды таропка, пабачыўшы машыну, тыя істоты і хаваліся.

Я ўглядаўся ў неба, каб выявіць там птушак, але іх не было, бо, хутчэй за ўсё, іх заманьвалі ў сілкі і адразу з’ядалі. Увогуле ў раёны, далёкія ад паселішча, як я разумеў, ніхто не наведваўся, і пра тое, што тут адбывалася на самай справе, можна было толькі гадаць. Мы праехалі па бальшаку кіламетраў дзесяць, як раптам

Маркус загадаў спыніцца.

“Зірніце, Берташ, — сказаў ён, звяртаючыся да мяне. — Памойму, гэта тое, што нам трэба”.

Мы выйшлі вонкі. Сапраўды, дарога пераходзіла тут на пад’ём, значыць, хуткасць машын павінна непазбежна знізіцца, да таго ж, паварочвала, і самае галоўнае — абапал яе, з таго боку, дзе бачнасць ледзь не гублялася, захаваліся рэшткі яловага лесу з высахлымі вершалінамі. Менавіта за дрэвамі можна было схаваць пікап, што мы, коратка параіўшыся, і зрабілі, замаскіраваўшы яго поліэтыленавымі адыходамі.

Маркус выцягнуў з кішэні надалоннік і паклаў перад сабой.

“Як толькі аўтазак выедзе, мне дадуць знаць максімум ад таго праз некалькі хвілін”, — сказаў ён.

“Яны не могуць рухацца ў аб’езд?” — спытаў Людвік.

“А ты бы стаў такое рабіць?” “Навошта, калі няма пагрозы”.

“Публій Рос, ён хто як асоба?” — пацікавіўся праз паўзу Маркус.

“Апантаны, — сказаў я. — “Вучоны дзяцел, як кажуць пра такіх блатары. Але ўпарты і наўрад ці зменіць свае перакананні”.

“А яго асістэнткі? Куды яны дзяваліся?” “Па чутках іх перахапіла да сябе кітайская дыяспара”. “А якія ў яго перакананні?” — пацікавіўся Андруш.

“Глупства. Ён лічыць, што на Месяцы база іншапланецян, і адзін з іх назіральнікаў праз палтэр-гейсты правакуе нас на рэакцыю ў адказ. Хіба не ідыятызм?” “Да любой думкі трэба адносіцца рацыянальна, — сказаў Маркус. — Нават да такой бязглуздай”.

“Стагоддзямі грукаць у сцены, кідацца каменнем, перакульваць у людзей каструлі з супам — гэта што такое? Навуковы эксперымент? Проба на інтэлект?” “А па вашаму? Напрыклад, тое, што адбываецца ў дваццаць першым бараку?” “Упыр. Вампірызм існуе. Як доказ. Гэта зусім іншае.”

Я між тым здагадваўся, што Маркус, як вопытны псіхолаг, знарок завёў цяпер сярод нас адхіляючую гутарку, каб мы не “згарэлі” яшчэ да пачатку акцыі. На мой погляд, усё было правільна.

“Учора мы яго прыціснулі, — пахваліўся Андруш. — Гэх і зароў ён, калі я працяў яго асінавым колам”.

“Дык вы, урэшце, злавілі ўпыра?” — спытаў Маркус.

“Давялося патрывожыць. Ён быў вельмі незадаволены”.

“Не запамятайце, што вы мне абяцалі паказаць стужку”.

“І мне, — страпянуўся Людвік. — Пакажаце?”

Са сваёй схованкі мы бачылі, як па бальшаку раз-пораз праязджалі рэдкія машыны. У многіх з іх былі пашкоджаныя панэлі, корпус ці ўвогуле не ставала шкла, альбо нават дзверак.

Пасля Непажаданых Падзей з любым транспартам узніклі праблемы, немалая частка яго была затоп-лена на ўзбярэжжах раптоўным павадкам, а заводы, якія выпускалі камплектуючыя дэталі, даўно спынілі сваю дзейнасць.