Выбрать главу

“Па месцах, і дзейнічаем па плане!” — выкрыкнуў нам услед

Маркус.

У спрынтэрскім тэмпе мы выбеглі з зацені і заляглі ўзбоч дарогі, дзе крыху раней ужо зрабілі кожны сабе нешта кшталтам схованак з іржавай бляхі і пакарабачаных пластыкавых адыходаў; з-за таго хламу нас цяжка было выявіць нават зблізу, бо на ўсім працягу абапал звыкла цягнулася звалка.

Мойра ўжо напаўляжала на гравейцы, прыціскаючы адну руку да грудзей, а другую вяла падняла ў паветра, адназначна падаючы тым сігнал няшчасця. Нашу задуму магло збэсціць на нішто только адно — гэта калі да Мойры наблізіцца раней за аўтазак якая выпадковая машына з паліцыянтамі: тады яна спыніцца, ва ўсялякім разе тут была рызыка, але машын, як я ўжо паведамляў вышэй, на дарозе праязджала зусім няшмат.

Як і планавалася, мы павінны былі дзейнічаць па абставінах: усё будзе залежаць ад таго, ці выйдзе хто з аўтазака, каб дапамагчы, на іх погляд, параненай жанчыне. Інакш як дамаўлялася, давядзецца пакінуць Мойру на месцы і даганяць аўтазак на пікапе, каб блакіраваць яго яшчэ на бальшаку і адразу атакаваць, але апошні варыянт быў небяспечны і ўвогуле непрадказальны.

Зрок у мяне востры, і яшчэ здалёк я пабачыў жукападобную цёмную кропку на дарозе, якая павольна набліжалася да нас. Аўтазак. Я зірнуў на постаць жанчыны на дарозе: выгляд у Мойры быў даволі ўнушальны — крывавыя плямы на сукенцы, ногі аголеныя, я б на месцы любога вадзіцеля, нават спецмашыны, адразу б спыніўся, не гледзячы ні на якія, самыя жорсткія, інструкцыі.

Імкліва пабег час. Аўтазак няўмольна набліжаўся, але раптам з-за яго, быццам па якім зламыс-ным загадзе, вынырнуў хуткасны легкавік, лёгка абагнаў патрэбны нам грузавік і паімчаў проста на нас. Толькі гэтага не хапала — наш план адразу непрадказальна павіснуў у няўпэўненасці. Я заціснуў у руцэ “берэту” і ўвесь сцяўся: цяпер усё залежала ад таго, хто ехаў на легкавіку, а гэта, як я вызначыў, быў “лексус”, даволі старая мадэль, але якая сведчыла аб некаторым дастатку яго ўладальніка. Хто ж мог у ім знаходзіцца? — ліхаманкава меркаваў я. “Лексус” рос у памерах, ён быў ужо побач і замарудзіў хаду. Са сваёй схованкі я пабачыў, як легкавік павольна пачаў аб’язджаць жанчыну на дарозе: у кабіне сядзелі некалькі жаўтаскурых і цёмнавалосых, адносна маладых людзей, а за рулём — дэфармант-ахоўнік у цёмных акулярах, з-за якіх тырчэў яго выцягнуты ўгору і завостраны чэрап без адзінага воласа. Спыніцца, ці не? — пранеслася ў мяне ў галаве. На мой погляд, у легкавіку сядзелі чыноўнікі: магчыма з Эдэма, а можа, і з якога іншага сельскагаспадарчага кластэра, а вёў аўто іх службовы вадзіцель — звычайны гарбузагаловы. Цалкам верагодна, што яны скіроўвалі свой шлях у Мегаполіс.

Яны не спыніліся. Урэшце, што ім была якаясьці параненая белая жанчына на дарозе? Навошта лішнія клопаты? “Лексус” узвыў рухавіком, аб’ехаў па ўзбочыне “псеўдапараненую” і памчаў далей. Я ўздыхнуў з палёгкай, але раслабляцца было яшчэ зарана.

На дарозе ўрэшце ўзнік аўтазак. Дзесьці ў глыбіні яго пузатага чэрава, падумаў я, знемагаюць цяпер нашыя сябры. Усё пакуль складвалася ў масць: у аўтазаку вырашаць, што, магчыма, жанчыну збіў “лексус”. Толькі, ці спыняцца яны? Грузавік па сваіх памерах значна шырэйшы за “лексус”, і аб’ехаць ахвяру здарэння, якая ляжала пасярэдзіне гравійкі, яму было не так і проста, хоць, як я небеспадстаўна здагадваўся, па інструкцыі ім забаранялася спыняцца ў такіх і падобных выпадках.

Ён спыніўся. Рухавік, тым не менш, працаваў і ўзмоцненыя дзверцы кабіны доўга не адчыняліся: знутры ацэньвалі абстаноўку. Вядома, на іх пункт погляду, месца было не вельмі зручнае для прыпынку — агляд заміналі некалькі ялін, за якімі прыгадваўся адхон, а ў ім мог хавацца іх верагодны праціўнік, з бакоў смеццевыя завалы, а далей адразу дарога рабіла імклівы паварот. Але нікога з нас і пікап яны не бачылі, бо інакш рашуча скіравалі б далей. Я глядзеў у ліхаманкавым нецярпенні.

Дзверца кабіны з другога боку ад вадзіцеля адчынілася, і на зямлю, азіраючыся, скочыў узброены аўтаматам мурын у камуфляжнай форме. Трымаючы аўтамат напагатоў, ён падышоў да жанчыны і, зноў падазрона агледзеўшыся, нахіліўся на ёю. Я пачуў, як Мойра нешта сказала яму, але слоў не разабраў. Раптам ён паклаў зброю на зямлю і, апусціўшыся на адно калена, правёў рукой па яе бядру, так што ногі яе яшчэ больш агаліліся, і, памацаўшы далонню чырвоную пляму ад кетчупу, раптам паднёс руку да твару і прынюхаўся. Жэст яго, які спачатку меў яўную сексуальную скіраванасць, і не без садысцкага адцення, скончыўся раптоўным спалохам: пэўна, на ўзроўні падсвядомасці ён здагадаўся, што зведзены ў зман.