Выбрать главу

“Ну-жа, Беніта!” — прыспешыў я яе.

“Так. Толькі я вам нічога не казала, інакш яны пагражалі адрэзаць мне грудзі, падсмажыць і з’есці на маіх вачах”.

На мой погляд, яна і не падазравала, як гэтая пагроза ў любы час магла спраўдзіцца. Значыць, зноў Гвіда. Спачатку ён забівае майго сабаку, а потым прыходзіць, каб забіць мяне самога, і неаднойчы, бо ранейшая сутычка ў начы, як я цяпер не сумняваўся, таксама была з яго ўдзелам. Яго, ні на чым не заснаваная, жывёльная нянавісць да мяне нават уражвала: пэўна, як своеасаблівы сэнсітыў, што часам уласціва прыматам, ён нешта прадчуваў. Хутчэй за ўсё, як я раней і меркаваў, высвятлялася тое, што нам двум тут не жыць побач, бо камусьці трэба будзе, так бы мовіць, сысці ў нябыт.

Я таропка падзякаваў Беніце і мусіў заспяшацца назад, але з-за яе спіны раптам вырасла муж-чынская постаць, і я па характэрным тхарыным тварыку пазнаў Жана. Быццам паддобрваючыся да мяне, ён пачаў паведамляць апошнія навіны. Дваццаць першы барак сёння блакавалі ўзброеныя бабы, — расказваў ён, — і іх прыбывае ўсё больш. Яны нікога не пускаюць у той ра-ён, але я ўсё-такі хацеў пабачыць Тодара.

“Што з таго?” — ахалодзіў я апавядальніка, але апошнія яго словы прымусілі мяне спыніцца і даслухаць.

“Ноч была хмарная, без адзінай зоркі на небе, не бачыў я на ім і месяца, — расказваў Жан, — а мне закарцела схадзіць да Тодара, бо той быў мне вінен грошы. Але не ў іх, урэшце, справа, так, дробязь, хутчэй за ўсё мне хацелася пагаварыць пра тое-сёе: у іх жа там, у бараку, пачалося”.

“Пачалося што?” — перапыніў я.

“Допыты. Кажуць, іх праводзіць нейкі палкоўнік. Многія яго пазналі, бо на свяце той стаяў на трыбуне. Такі, у бліскучых шнурах і пагонах.” “Аксельбантах?”

“Вось-вось. Спачатку ён прыйшоў у барак адзін, так-так, не здзіўляйцеся. І апрануты проста. Такі гаваркі, размаўляў то з адным, то з другім. А потым усе яны знікалі. Ноччу прыходзілі людзі і іх забіралі.” “Так. І што?” “Дык вось, Тодара не было. Я пагрукаў яму ў акно, але мне доўга ніхто не адчыняў. Толькі, калі я стаў гаварыць, што гэта я, Жан, акно ўрэшце адчыніла старая і сказала, каб я ішоў адсюль, і хутчэй. Яна пазнала мяне. Я, вядома, спытаў, што здарылася з Тодарам, і яна расказала.” “Цікава, цікава, — падахвоціў я Жана. — Ну і далей.” “Тодар усяго баяўся, як і астатнія. Пасля таго, як да іх пачаў прыходзіць прывід — у іх усіх паз’язджаў дах. Ледзь што —

усчыналі крык, уцякалі, зачыняліся ў пакоях. Дык вось, якраз перад тым, як з’явіліся гэтыя сучкі з аўтаматамі, Тодар выйшаў увечары на падворак: можа па ваду, а можа проста так, ці па патрэбе, і ўбачыў, як за ім крадзецца нейкая постаць. Ён і кінуў у яе самаробную бомбу. Тая выбухнула і прывід пачаў гарэць.” “Вось як? — здзівіўся я. — І што далей?” “Аказалася, што гэта быў не прывід, а жывы чалавек. А дакладней — віжун. Ён цікаваў той ноччу за баракам.” “А потым?” “Потым была разборка. Прыехалі людзі палкоўніка, схапілі

Тодара і некуды павезлі. Так я яго і не пабачыў. А ўсіх мужчын скіравалі ў “мавіз”.”

Вось яно што, падумаў я. Значыць Тодар усё-такі выкарыстаў “кактэйль Молатава”, хоць і не па прызначэнні. А тое, як з ім абышліся — дык няма тут нічога дзіўнага. Фрэйліна Арнгейм магла б занатаваць у нашых краях і не такое.

“Паслухай Жан, — спытаў я, — ты ведаеш Гвіда?” “Не пытайце, ён вельмі небяспечны, яго баяцца. Я не скажу.” “А дзе ён жыве? Можа, успомніш?” “Не ўспомню”.

Я выцягнуў з кішэні грашовы жэтон.

“А цяпер?”

Вочы яго сквапна бліснулі.

“Дзе зараз яго лежка — дакладна не ведаю, ён цёмны і непрадказальны, часта начуе ў розных баб, але, куды ён загнаў ваш джып — магу падказаць”.

“І куды?” “У стары танкавы бокс за звалкай”.

Я падрабязна распытаў яго, дзе менавіта знаходзіцца былы танкавы бокс, а ў гэтых месцах калісьці, з паўстагоддзя назад, існаваў вайсковы гарнізон, і аддаў абяцаныя грошы. Жан таропка схапіў іх і адразу зачыніў акно.

Што ж, варта было ставіць, як кажуць, апошнюю кропку. Я сабраў сумкі, куды мы разам з Мой-рай паклалі ўсё неабходнае, пакінуў ёй аўтамат і папрасіў дачакацца мяне, а сам, захапіўшы “берэту” і нож, рушыў з флігеля вонкі. Мойра спрабавала пайсці са мной, але я не захацеў: “Адчуеш небяспеку — страляй”.

Частка IX ДУХ ЦЕМРЫ

32.

Ноч была звычайная, але нешта ў наваколлі змянілася. Не чувалася віску малалетак і крумкаючых галасоў “працаробаў”, крыкаў аб дапамозе, на вуліцы было нязвыкла сцішана, толькі ў небе мільгацела зарава ад далёкіх вогнішчаў. Я вызначыў накірунак, куды мне трэба было ісці, але акрэсленага плана дзеянняў у мяне пакуль не існавала: хіба што дабрацца да танкавых боксаў і паспрабаваць адбіць сілай ці зноў скрасці свой пазадарожнік у тых, хто яго ўгнаў. У Гвіда шмат памагатых, —