Выбрать главу

“І тыя засмажаць цябе, так?” — пацікавіўся Андруш.

“Ты памыляешся, Гвіда, — сказаў я, — калі думаеш, што сустрэнешся з Касіусам. Ён, можа, цябе і пашкадуе, а я — не”.

Я зірнуў на дэфарманта. Некалькі раз ён спрабаваў забіць мяне.

Мойру. Забіў майго сабаку.

Кроў ударыла мне ў голаў. Твар Гвіда з мёртвым позіркам раптам нагадаў мне твар упыра. Я ўспомніў успораты жывот

Барбі.

“Schmerz, — сказаў я, нахіліўшыся ўсутыч да яго вачэй, — ты ведаеш, што такое боль? Не? Дык зараз адчуеш!”

Паўза.

“Вазьмі яго нож, Андруш!” “Вось, — той выцягнуў з кішэні нож і лязо, цьмяна бліснуўшы ў паветры, выскачыла вонкі. — А цяпер?” “Што вы робіце?” — з істэрычнай нянавісцю спытаў Гвіда і адразу сарваўся на крык. — Не кранайце мяне, сукі!”

Я падсёк яму ногі, і ён паваліўся на зямлю, у засмечаны бетонны друз.

“Выпусці яму кішкі, Андруш”.

Паўза.

Андруш нерашуча зірнуў на мяне.

“Можа, ты хочаш дачакацца, калі ўсё адбудзецца наадварот. І

ён зробіць гэта з табой? — спытаў я і прыспешыў. — Хутчэй! У нас няма часу!”

Андруш нагнуўся і адвёў для ўдару нож. Ён усё яшчэ марудзіў.

Між тым, Гвіда адхіліўся ад яго як мага далей і пачаў выгінацца, як чарвяк.

“Я не жартую!”

Нож лёгка рассёк кашулю і скуру на жываце гарбузагаловага.

Пырснула кроў, і Андруш распраміўся і стаў ў поўны рост. Твар яго пабляднеў.

Гвіда нешта крыкнуў і заторгаў нагамі. Я выцягнуў надалоннік і зняў дэфарманта ў такім вы-глядзе. Жыць таму заставалася нядоўга.

“Пашлю гэтую карцінку Касіусу, — сказаў я. — Толькі потым. А зараз трэба спяшацца”.

Я завёў рухавік, і мы ад’ехалі. Гвіда яшчэ слаба ўскрыкваў.

Андруш моўчкі сядзеў побач.

“Такое жыццё, — сказаў я ў пустэчу. — Хіба мы яго прыдумалі і ці мы ў гэтым вінаватыя? Але ж я павінен рабіць і так, бо не хачу быць асуджаным на страту, як жывёла. Мяркую, што і ты таксама”.

Праз некалькі хвілін я развітаўся з Андрушам. Нешта ў падсвядомасці падказвала мне, што на гэты раз — назаўсёды.

“Будзеш і далей з Маркусам?” — спытаў я яго напаследак.

“Так, — адказаў ён мне, — Маркус паўсюдна мае аднадумцаў.

Скажу вам тое, што ведаю. Гэта розныя людзі, але ў іх мэта — адрадзіць сваю дзяржаву, і дзеля гэтага яны пойдуць на ўсё”.

“Ты, вядома, з імі?” “Так”.

“На ўсё — гэта на што?” — удакладніў я, вярнуўшыся да яго слоў. “Ён лічыць, што дзевяць дзесятых адсоткаў тутэйшых людзей — чалавечы хлам, які немагчыма выцягнуць з цемры і яго проста варта пакінуць на волю лёсу, а свядомае адгалінаванне выдзеліць і згрупаваць у адзіны кулак. Гэта будзе няхай і нешматлікі, але мэтанакіраваны народ, кожны асобнік якога будзе ведаць, навошта яму жыць”.

“Магчыма, гэта і вартая ідэя, — згадзіўся я. — Але ўсё гэта трэба было рабіць паўстагоддзя назад. Ці так ужо і важна, хто тут цяпер будзе весці рэй, а хто вылізваць талеркі? Я ўжо даўно не даю веры чалавеку”.

empty* * *empty

Мойра чакала мяне. Яна даўно сабралася. Усё, што было можна, я занёс у машыну. Урэшце, у флігелі мала чаго засталося. Ключы я пакінуў Беніце, хоць і ведаў, што яна імі распарадзіцца не на карысць. Урэшце, мне ўжо было напляваць.

Ужо на выездзе з паселішча фары майго джыпа на імгненне выхапілі белы аркушык налепкі на сцяне цёмнага, нежылога будынка з разбітымі праваламі акон. Пэўна, — падумаў я, — такія ж самыя налепкі з чарговай серыі былі расклеены і ў цэнтры.

Я спыніў машыну, адарваў налепку і паклаў яе ў кішэню, каб прачытаць пасля.

Ноч адыходзіла. Неба на ўсходзе пакрысе пачало ружавець, і я пераключыўся на бліжняе святло. Мой пазадарожнік даволі лёгка накатваў кіламетр за кіламетрам у бок поўначы. Не ведаю, як Мойра, а я не адчуваў ні стомы, ні жадання спаць, бо стан нервовай узбуджанасці апошніх дзён гнаў цяпер мяне наперад.

Там, на поўначы, дзе, як я ведаў, яшчэ захаваліся некаторыя з азёраў і нават рэчак, і казалі, што ля іх берагоў часам шчыльна растуць дрэвы, там мы ўрэшце спынімся і, так бы мовіць, скінем абароты: паселімся ў якой хаце і пастараемся запамятаваць усё, што адбылося з намі раней, — будзем, разважаў я ў думках, жыць дзеля самога жыцця, як натуральнага працэсу, працаваць па неабходнасці, есці, спаць уначы і прачынацца з сонцам, не бегчы некуды раніцай з вырачанымі вачыма, каб урэшце апынуцца ў якой канторы, запоўненай людзьмі, патыхаючымі таннымі дэзадарантамі, з патухлымі позіркамі, якія да таго ж ненавідзяць адзін аднаго, баяцца сказаць нешта не тое, што адразу будзе занатавана стукачамі ці праслухоўваючымі прыстасаваннямі, альбо праводзіць лепшыя гадзіны дня ў грукочучым тлуме якога-небудзь прамысловага цэха з азвярэлымі ад недаядання і п’янства “працаробамі”. Не шкадаваць пра Мегаполіс з яго знясільваючым рытмам, бяздомнымі ў падвалах, кватэраміклеткамі з тараканамі і пацукамі, бясконцымі святкаваннямі нейкіх перамог і чыноўнікамі, што суткамі балбочуць з экранаў пра маючую вось-вось спраўдзіцца бессмяротнасць.