Выбрать главу

“Толькі што адбыўся замах на былога сакратара ідэалагічнага аддзела Партыі Бессмяротнасці Ёхана Цынка, які вяртаўся дамоў у квартал 240. Яго машына была абстраляна з аўтаматычнай зброі злачынцам, які знаходзіўся ў прыпаркаваным непадалёку пазадарожніку. Атакаваны чальцамі службы бяспекі нападаўшы быў забіты. Забіты два ахоўнікі. Ёхан Цынк не пацярпеў”.

“Так, — працягваў з экрана барадаты гаварун, — тысячы фанатыкаў-нацыяналістаў захочуць пасля смерці сваёй біямасы заставацца ў межах сваёй краіны і сваёй мовы, працягваючы слу-жыць нацыяналісцкай ідэі. Але, як мы ведаем, іх мала. Яшчэ менш тых, хто ўвогуле адвяргае бессмяротнасць, жадаючы жыць, як і раней, гаворачы пра нейкую ілжэнавуковую Сімуляцыю. Дык не, мы верым у новую тэхналогію. Бессмяротнасць патрэбна грамадству, каб тут і заўсёды жылі ўсе: вашы бацька, маці, бабуля, дзед, вашы дзеці. І менавіта новыя тэхналогіі дадуць нам усё гэта”.

“Выстава архідэй — таямнічых і загадкавых кветак, якія распаўсюдзіліся паўсюль, акрамя Ан-тарктыды, учора адкрылася ў Мегаполісе. Нягледзячы на катаклізмы, што прымусілі планету да разбуральных змен, — гэтыя кветкі незвычайна размножыліся, а іх здольнасць змяняць не столькі сябе, колькі свет, які іх акаляе, выклікае містычную вусціш”.

“Адказнасць за чарговы выбух на адным з заводаў Еўрабіі па вытворчасці вадкага паліва на ва-дародзе ўзяла на сябе экстрэмісцкая арганізацыя імя Міколы Тэслы”.

Пасля ўсялякіх слоўных ванітаў і працяглай рэкламы, мусіў транслявацца чарговы серыял, што і адбылося. Дарэчы, падобныя серыялы, бясконца паказваліся па ўсіх каналах і карысталіся, як ні дзіўна, вялікай папулярнасцю. Іх проста абажалі. Старыжытныя сур’ёзныя стужкі (за выняткам некаторых, таемна запампаваных у Сеціва) былі спаленыя, а новых фільмаў такога кшталту ствараць не было магчымасці з-за пераследу і адпаведнага пакарання. І калі па адзіночцы маг-чыма нехта і пісаў, як кажуць, у стол, то пачаць здымаць нешта — гэта значыць, адразу патрапіць на арышт, потым на ідэалагічную камісію і, як вынікам , у лагер. Збіраючыся з якой нагоды разам, асабліва па святах, “працаробы” спявалі песні з тых серыялаў. Героямі песняў былі ўплывовы крымінальнік, шлюха, валацуга, альбо дробны злодзей.

Адзіны старажытны шматсерыйны фільм, які часта дэманстраваўся па тэлеглядзе, быў “Горац”, у якім апявалася тэма бессмяротнасці. Праўда, стужка была абцяжараная бясконцымі ідэалагічнымі і прапагандысцкімі ўстаўкамі.

Я пагасіў экран, але прайшло яшчэ шмат часу, пакуль я здолеў заснуць.

Усё гэта прафанацыя і звыклая нахабная хлусня, меркаваў я. Без старасці і смерці жыццё губляе сэнс, і наўрад ці якія спробы, нават з самымі прасунутымі тэхналогіямі, здолеюць прадоўжыць жыццё асобнага індывіда да неакрэслена вялікага тэрміну. Шэраг тэхналагічных і экалагічных катастроф, які завяршыўся так званымі

Вялікімі Падзеямі, адрынуў чалавецтва назад, пад кан-чатковую ўладу “людзей-ценяў”, і калі я бачу на вуліцах псеўдалюдзей, якія рухаюцца каля па-мыйных скрыняў і ўжо на карачках, то пра якую будучыню можа ісці гаворка? Хіба не сведчыць сам за сябе старажытны прыклад з антыбіётыкамі, якія выратавалі мільёны хворых, а прыгаварылі да смерці мільярды, бо зрабілі нашу імунную сістэму няздольнай супрацьстаяць інфекцыям. Пакуль гэтая імунная сістэма адпачывала на падушцы з антыбіётыкаў, мікробы, бактэрыі і вірусы апантана ўдасканальваліся, ствараючы новыя штамы, якім было ўжо пляваць на тыя антыбіётыкі, якія мы вырасцілі ў лабараторыях. Яны іх спажывалі і “качалі” з іх энергію. Звычайна скураны грыбок пранікае зараз і ў лёгкія, і ў косці, і ў мозг, і нават ад яго мы не можам абараніцца. Між тым, у сродках масавай інфармацыі разглагольствуюць пра так званага “чалавека магутнага”, у якога ўсе нейроны галаўнога мозгу будуць паспяхова, спачатку часткова, а потым поўнасцю замяняцца мікрачыпамі, а тулава будзе стальным, і што гэты кібарг якраз прыме ў сябе фокус “Я” нашай свядомасці і стане бессмяротным. Яшчэ далей, сцвярджалі дзяржаўныя балбатуны, мы ўсе, верагодна, пяройдзем з часткова біялагічных форм у інтэлектуальныя, у своеасаблівыя хвалевыя субстанцыі.