Выбрать главу

ідыёцку радуюцца і ганарацца — гэта працэсы, што няўмольна разбура-юць тыя грамадствы, у якіх яны адбываюцца. У наш час матрычны распад рэальнасці разарваў адзіную мапу свету на мноства альтэрнатыўных і змяшаў шматлікія этнасы і культуры, што фа-тальным чынам адбілася на ўсёй былой тэхналагічнай магутнасці Еўра-атлантычнай цывілізацыі. Па меры набліжэння сістэмы да катастрафічнай мяжы няўмольна павялічваліся як спантанныя гайданні ўнутры яе, так і сама хуткасць руху, і прыйдзе час, меркаваў я, калі ўсё пяройдзе ў стан хаосу, хоць сітуацыя можа на кароткі перыяд і стабілізавацца, што і адбылося цяпер. Стабілізацыя раздзяліла мегаполісы і стварыла побач з імі прымітыўныя прамысловыя сельскагаспадарчыя кластэры: кампактныя месцы пражывання, адным з якіх і быў Новы Эдэм.

Паселішча, якое размяшчалася ва ўзгорыстай (што рэдкасць для гэтага рэгіёна), амаль абязвод-жанай, акружанай звалкамі мясцовасці, налічвала каля дзесяці тысяч чалавек. Акрамя некалькіх дзесяткаў высланых — накшталт мяне альбо Мойры, нябожчыка Платона і яшчэ невядомых мне асоб, за якімі вялася пастаянная адсочка, тут пражывалі, займаючыся разбоем, папрашайніцтвам, альбо прымітыўнай працай на лічаных невялічкіх фабрыках і фермах, а таксама на сельскагаспадарчых угоддзях, як нешматлікія аўтахтоны, так і самыя розныя экзэмпляры чалавечай пароды, дасканаласць якой апынулася ў апошні час, насуперак афіцыйнай прапа-гандзе, пад вялікім пытаннем.

Дык вось — Новы Эдэм — так калісьці назвалі паселішча, якое я, можа, і не адразу, але з часам залічыў у апошнія месцы на

Зямлі. Назва, што з аднаго боку сведчыць аб штучным намеры пэўнай міталізацыі, а з другога — аб межава зніжаным поглядзе на рэальнасць, і ўсё разам на-гадвае звыклае са старажытных часоў: жыць па хлусні. Бадай, кожная чалавечая супольнасць, аб’яднаная ў адным месцы пражывання, вызначае твар гэтага месца. Які ён, твар Новага Эдэма? Пра гэта я даведаўся крыху пазней, калі асэнсаваў, што тут адбылося за тыя дні, хроніку якіх я і прапаную таму чытачу, які, у рэшце-рэшт, натрапіць на гэтыя сціплыя нататкі.

Новы Эдэм меў пры сабе ўсе неабходныя атрыбуты, якія яму спадарожнічалі: цэнтральную плошчу з традыцыйным бронзавым помнікам, мясцовы муніцыпалітэт, лякарню, занальны адд-зел упраўлення службы бяспекі, грамадскую лазню, крамы і крамкі, шэраг раскіданых на даволі вялікай адлегласці аднастайных, у асноўным аднапавярховых будынкаў-баракаў, Палац сходаў, два напаўразбураныя малельныя храмы, прытоны, нават нейкае падабенства ракі, якая стагоддзе таму, пэўна, была адносна чыстай і глыбокай, а цяпер пераўтварылася ў брудны, смуродны ручай, напаўзасыпаны смеццем і гніючымі трупамі дробных жывёл: пацукоў і бадзячых сабак, якіх, не паспеўшы з’есці, часам проста знішчалі на навакольных звалках.

Я пасяліўся ў невялічкім флігелі, які ляпіўся з тыльнага боку дома. У ім і жыла Мойра. Яна адразу папярэдзіла мяне пра небяспеку пражывання ў паселішчы, згадаўшы, што мясцовае жыццё тут складаецца ў асноўным з двух пластоў: кіруючых “ценявікоў” і крыміналу, згуртаванаму па этнічных альбо карпаратыўных прынцыпах.

Я адказаў на гэта, што асноўны з іх знаёмы мне з мінулага і гучыць ён прыкладна так: “памры ты сёння, а я — заўтра.” “Увогуле, — дадаў я, — усе паселішчы аднолькавыя ў гэтым сэнсе, ну, хіба з нязначнымі адрозненнямі. Застаецца толькі даведацца, які збой ты мела на ўвазе”.

“Пасля таго як ты вызначыш з дапамогай нашых сяброў прыроду таго збою, і, калі ўдасца, зды-меш на камеру доказ, то можаш адразу з’язджаць. Заўсёды нескладана падрабіць неабходныя дакументы. Мы дапаможам.” “З’язджаць, куды?” “Вызначыш сам.”

Так быццам вырашыла яна, але я з гэтым згадзіўся, нават унутрана быў незадаволены тым, што буду пражываць тут, бо ўсётакі спадзяваўся, што пажыву нейкі час на прыродзе і ў душэўным спакоі, а калі-небудзь зноў вярнуся ў Мегаполіс.

Мойра расказала мне, што раней, калі яна толькі тут з’явілася, было яшчэ горш, бо амаль усе этнічныя групоўкі аб’ядноўваліся, хоць і часова, па адной прыкмеце — варожасці да ўсіх белых, асабліва аўтахтонаў. У іх жытло нахабна заходзілі і не толькі днём, а і ноччу, грукалі ў дзверы, забіралі тое, на што клалі вока, асабліва ежу, падцікоўвалі ў вокны, гвалцілі жанчын, білі і зневажалі дзяцей. І як не дзіўна, асабліва вызначаліся ў гэтым выхадцы з Чайнаросі, у генах якіх, магчыма, дагэтуль тлела паталагічная нянавісць да ліцвінскіх плямён. Усё цягнулася да той пары, гаварыла Мойра, пакуль яны, сасланыя сюды, не згрупаваліся і не стварылі самаабарону, бо нам, высланым, ужо не было чаго губляць. Мясцовыя ўлады амаль не звярталі ўвагі на сутычкі і крымінал, бо іх непакоіла іншае — страх перад наступствамі Непажаданых Падзей, а таксама перад магчымым бунтам знізу, бо нешта не склейвалася з іх доўгачаканай бессмяротнасцю. А яшчэ больш яны баяліся і ненавідзелі праўду.