Выбрать главу

Адзінае, за чым яны няўхісна сачылі — гэта ідэалагічная цнота і выкананне вытворчых планаў, якія ім скідвалі з Мегаполіса. Мясцовым “працаробам” (у асноўным, зацкаваным уплывовай набрыддзю аўтахтонам) ставілася ў абавязак штодня выходзіць на працу і пасля кароткай ідэалагічнай гутаркі, якую праводзілі так званыя “палітрукі”, займацца тым, што ім даручалі брыгадзіры і наглядчыкі. Тых, хто ленаваўся, альбо злосна парушаў рэжым ці ўвогуле збягаў — лавілі і скіроўвалі ў так званыя малыя выпраўленчыя ізалятары — “мавізы”, дзе вінаватых што дня збівалі гумовымі дубінкамі, пасля чаго акальцоўвалі электроннымі апазнавальнымі бранзалетамі і зноў адпраўлялі на палі, фермы і ў прамысловыя цэхі.

У той жа дзень Мойра пазнаёміла мяне з Васка Петкавічам, які, па яе словах, быў сваім чалавекам і павінен быў увесці мяне ў курс справы. Гэта быў сярэдняга росту, замкнёны ў сябе мужчына гадоў пяцідзесяці, таксама калісьці высланы сюды з горада за нейкую правіннасць. З чаго яна складалася, я даведаўся потым. Петкавіч, спецыяліст па квантавай механіцы, зарабляў сабе на хлеб работай у мясцовай механічнай майстэрні. Урэшце, само яго імя распавяло мне пра многае. Пра тое, напрыклад, што ён меў ліцвінскія карані, а тэндэнцыя называць дзяцей па імёнах продкаў, на пачатку стагоддзя, нечакана набыла своеасаблівы рэнесанс сярод нешматлікіх свядомых людзей. Урэшце, і маё імя — Берташ — таксама адтуль. У старыя часы прозвішчы сапраўды гучалі як музыка, думаў я, углядаючыся ў аскетычны, стрыманы твар суразмоўцы. Васка, Юцка, Юц, Стан, Мац, Рымко, Богуш, Грыц, Юры, Пац, Будр, Андруш...

Перадусім Мойра прынесла мне тое-сёе з ежы, але садзіцца са мной за стол не стала, патлумачыўшы, што мусіць мець неадкладныя справы ў сувязі са смерцю Платона.

Васка Петкавіч, павагаўшыся, заняў адзінае крэсла, і пасля таго, як нейкі час углядаўся ў мой твар, сказаў наступнае: “Калі сцісла, то тут у нас ёсць магчымасць задакументаваць, зняць на камеру і растлумачыць з’яву, што, на мой погляд, будзе адным з доказаў, а іх цяпер ледзь не істэрычна забараняюць улады. На жаль, нам не хапае неабходных ведаў, якія, як я разумею, назапасіў калісьці ваш бацька, і якія, мяркую, ён пакінуў вам”.

“Што за веды вы маеце на ўвазе?” — спытаў я.

”Збой. Я маю на ўвазе адзін з рэцыдываў з’яўлення прывіду, які можа пацвердзіць вядомы і так ненавісны ўладам аргумент аб

Сімуляцыі. Гэты рэцыдыў, мяркую, толькі што пачаўся ў паселішчы.

Вы тут новы чалавек і здолееце з нашай дапамогай адсачыць яго, пакуль мясцовыя службы нічога яшчэ не ведаюць. Мы ж даўно пад каўпаком.”

Я быў здзіўлены, бо чакаў шмат чаго, толькі не гэтага.

Вядома, бацька назапасіў вялікую коль-касць матэрыялаў па анамальшчыне, я калісьці з цікавасцю азнаёміўся з імі, але лічыў, што такія з’явы ў наш час хутчэй за ўсё малаверагодныя, бо асноўная эпідэмія іх пракацілася па гэтых месцах у шаснаццатым — васемнаццатым стагоддзях, ну, мажліва, да дваццатага.

“У вас аб’явіўся прывід?” — паставіў я пытанне рубам.

”Мы не ведаем дакладна — што гэта такое. Можа, прывід, можа, проста якая погань. Тут, мяр-кую, выпадае не толькі падкласці аглушальную свінню ўладам, запусціўшы ў Сеціва супердоказ, а і зарабіць неблагія грошы”.

“А вы, адкінуўшы ўбок улады, упэўнены, што жыццё ў Сімуляцыі, пра якую сведчаць доказы, горшае, чым у рэальнасці? — раптам спытаў я. — А калі наадварот? І што тады ўсе нашыя высілкі?” ”Жыццё па хлусні нельга назваць жыццём”.

“А як жа свабода выбару? Яна залежыць ад нас, хіба не так? Мы самі выбралі хлусню, як спосаб жыцця”.

Васка Петкавіч падумаў і праз паўзу сказаў, што, магчыма, і так, але справа цяпер менавіта ў тым, ці здольныя мы, як хутка і ў якой ступені аказаць супраціў, і растлумачыць сэнс з’явы, а гэта значыць адказаць і на выклік, зроблены нашаму інтэлекту чарговым збоем у Праграме. Я падумаў і згадзіўся з ім, нават цалкам адзначыўшы, што, безумоўна, не трэба паддавацца спакусе ўганяць свет у старую сетку паняццяў на чале з тупіковай ідэяй бессмяротнасці, тым больш, калі гэтыя паняцці не здольныя расшыфраваць яе пабудову, а прыняць той самы выклік, пра які ён нагадаў.

”Я чуў ад Мойры, — сказаў Васка Петкавіч, — што вы, магчыма, валодаеце часткай тых тайных ведаў, якія цікавілі вашага бацьку.

Калі гэта так, то вы нам вельмі дапаможаце. І пачынаць трэба неадкладна”.

“А што думаеце пра ўсё гэта вы?” — спытаў я.