Урэшце, я зноў выйшаў да крамы. Чарга амаль знікла, у слабым святле ліхтара я падлічыў, колькі грошай заставалася на маёй крэдытнай картцы і стаў у канец. Перада мной нервова пераступалі з нагі на нагу некалькі цёмнаскурых, паволі рухаючыся наперад, няйнакш па дозу алкаголю, без якой кожнаму з іх, як я меркаваў, будзе цяжка сустрэць ноч. Збоку прагна пілі з бляшанак дэгенератыўнага выгляду мужчыны сярэдняга веку, адзін з якіх ужо звыкла апусціўся на карачкі, сярод іх белая жанчына, якая бяззуба хіхікала, раз-пораз зацягваючыся цыгарэтай. Ад яе яўна несла пахам мачы. Дарэчы, натуральныя патрэбы тут спраўлялі побач, надта не саромеючыся адзін аднаго. Ужо наблізіўшыся да вузкай шчыліны ў закратаваным акенцы, я раптам адчуў пэўны дыскамфорт і, калі павярнуў голаў у бок, зразумеў, што інтуіцыя зноў не дарэмна перасцерагае мяне, сігналізуючы аб небяспецы. Дэфарманты. Утаропіўшыся ў мяне цяжкім позіркам, двое гарбузагаловых мурынаў па-звярынаму мякка рухаліся да мяне, адсякаючы шлях назад. Як я збольшага ведаў, штучная мадыфікацыя чэрапаў мела старажытныя карані, беручы свой пачатак аж з пятага тысячагоддзя да нашай эры. З пэўнага ўзросту дзецям сціскалі галовы ў патрэбным напрамку з дапамогай адмысловых павязак, дошчачак, каўпакоў і шапак, стымулюючы рост касцей так, каб прыродная форма галавы была парушана ў штучна зададзеную прапорцыю. З Бліжняга Усходу гэты звычай калісьці перакінуўся ў іншыя рэгіёны, дайшоўшы да аланаў, генідаў, сарматаў, якія яшчэ ў чац-вёртым стагоддзі нашай эры накінуліся на саслабелы Рым. Рымскія воіны, сутыкнуўшыся з яйкаі гарбузагаловымі праціўнікамі, здаралася, страчвалі баявы дух, узрушаныя іх злавесным выглядам. Да таго ж, як я ведаў, дэфарманты ў сваёй большасці пакутавалі на так званы сіндром
Марэля — гэта, калі парушаны гарманальны профіль правакаваў агрэсію, даводзячы яе да цалкам паталагічных працэсаў: галюцынацый ці нават эпілепсіі.
Я купіў пітной вады і нават бутэльку штучнага чырвонага віна, якая каштавала мне апошніх грошай. Краем вока я сачыў за гарбузагаловымі. На вайне я навучыўся адхіляцца ад залішніх нервовых нагрузак: у складаных сітуацыях ува мне быццам бы нешта пераключалася і з’яўлялася ўпэўненасць, што ўсё гэта адбываецца не са мной, а сам я гляджу на нейкага падобнага на сябе збоку і зверху.
Я адышоў ад акенца, і яны адразу наблізілся да мяне.
“Дай!”— уладна і з непрыхаванай пагрозай сказаў адзін з іх, крыху вышэйшы і, не марудзячы, паспрабаваў вырваць у мяне з рук пластыкавую сумку, куды я перадусім сунуў набытае ў крамцы.
Гэта была іх першая памылка. Я ахвотна выпусціў сумку, якую трымаў у правай руцэ, а левой спрактыкавана кароткім бакавым ударыў гарбузагаловага ў сківіцу. Вядома, ён не чакаў такога, бо, пэўна, звык адчуваць сябе беспакараным. Яго вестыбулярны апарат адразу даў збой і ён, нібы п’яны, мякка асеў на зямлю, даючы мне каля трыццаці секунд форы.
Другі мурын, пасля кароткай паўзы, з лютасцю кінуўся на мяне і памкнуўся схапіць абедзвюма рукамі за горла, што было іх другой памылкай. Я паспеў ударыць яго каленам у жывот, але, тым не менш, ён не адпусціў мяне, і мы ўпалі на зямлю. Твар яго з выскаленымі зубамі навіс нада мной — гарбузагаловы хоць і быў ніжэй за мяне, але важыў больш, і ўвесь нібы складаўся з пругкіх мышцаў, сілу якіх я адразу адчуў. Я зразумеў, што яны абодва праз паўхвіліны мяне заб’юць, калі я прамаруджу, і апрытомнее першы гарбузагаловы.
Я плюнуў у гэты твар. Я спадзяваўся, што адпаведны інстынкт спрацуе і дэфармант на нейкі, так патрэбны мне момант, адхінецца і аслабіць захоп. Урэшце, так калісьці вучылі мяне на вайне.
Што і адбылося. Плявок заўсёды і для ўсіх — знявага. Гарбузагаловы мацак рэзка адхіліў твар, рукі яго аслаблі, я адарваў іх ад сябе, злаўчыўся і, лежачы, нанёс яму неблагі “мавашы” нагой у галаву. Пасля чаго я адразу ўскочыў і на ўсякі выпадак дабавіў нагой у голаў першаму гарбуза-галоваму — той ужо, нешта мыкаючы, соўгаў рукой у кішэню, пэўна па нож.
Мне заставалася падняць з зямлі сваю сумку і адступіць у ноч, што я і зрабіў.
У сваім флігяльку я расчыніў акно і адразу прылёг на канапу, бо адчуў, што за мінулыя суткі адчувальна стаміўся. Нейкі час я разглядаў разбітыя касцяшкі пальцаў на руцэ, а потым прымусіў сябе думаць пра іншае.
На якія доказы разлічваюць тутэйшыя дэсідэнты? — думаў я. — І шары ў небе, і палтэргейст — пра гэта чалавецтва ведае з самога свайго існавання. Вось толькі, калі ён адбыўся — пачатак той з’явы? Хоць, добра засняты на камеру палтэргейст — з тэлепартацыяй, фізічным уздзеяннем, левітацыяй, з’яўленняў ніадкуль матэрыяльных рэчаў і знікненне іх у нішто — на мой погляд, будзе каштаваць неблагіх грошай, і да таго ж, дабавіць чарговую кроплю праўды на каменне маны, а кропля да кроплі могуць, урэшце, стачыць і самы трывалы граніт — хіба не так?