Выбрать главу

Нейкі час я раздумваў пра Мойру, пра невядомага мне мастака, які, па яе словах, быў яе сябрам, і пра тое, што варта б схадзіць у ангар, які ён распісваў. Для каго і дзеля чаго, дарэчы, ён будзе прадвызначаны — той храм?

Затым я лёг і зноў адразу моцна заснуў.

Частка II. ДАЗНАННЕ

4.

З раніцы Мойра зайшла да мяне ў пакойчык, і я абудзіўся, бо сплю вельмі чуйна і маю даволі лабільную нервовую сістэму, што, вядома, зусім не сведчыць пра бездакорна здаровы стан майго арганізма.

Я падхапіўся з канапы. Ужо даўно развіднела. Здалёк раз-пораз чуўся зазыўны крык муэдзіна.

“Ал-ла-ху Эк-бар, ал-ла-а!”

Мойра паставіла на стол талерку з ежай, але прысесці разам са мной адмовілася. Я таропка спаласнуў твар з бачка каля ўваходу, вады там амаль не заставалася, і сеў у крэсла. Жанчына апусцілася на канапу. Было ўжо даволі душна. Мне захацелася абняць яе, але я стрымаўся і, як аказалася, меў рацыю “Паслухай, Берташ, — спытала яна. — Ты ўчора нікуды не выходзіў?” “Не,” — сказаў я.

“Я хачу цябе папярэдзіць, каб ты быў асцярожны. Ты — белы і цябе тут ніхто не ведае, а зна-чыць, ты — удвая чужынец”.

“Я наняўся на адпаведную працу, а не сядзець у гэтым флігельку і аб’ядаць жанчыну, — аспрэчыў я з набітым ротам. — Дарэчы, вельмі смачна”.

Жанчыны, як я даўно заўважыў, заўсёды растаюць, калі хваліш прыгатаваную імі ежу. Але Мойра не звярнула на мой камплімент аніякай увагі.

“Па-другое, — працягвала яна з рашучасцю, — ты не павінен прыдаваць значэння таму эпізоду паміж намі — там, у тваёй мансардзе ў Мегаполісе. Пэўна, я была ў шокавым стане. Я

разбяруся з гэтым, а пакуль што свае сексуальныя праблемы вырашай сам”.

“А па-трэцяе?” — спытаў я.

“Не крыўдуй”.

Я падзякаваў за ежу і сказаў ёй, што не намераны губляць час дарэмна, і што павінен неадкладна заняцца тым, дзеля чаго мяне сюды запрасілі.

“Згода. Зараз за табой зойдуць”.

Мойра пайшла да дзвярэй. Адкрытая парклёвая сукенка не хавала яе шырокіх, загарэлых плеч з ружовымі плямамі месцамі аблупіўшайся скуры і стройныя ногі. Я ўспомніў тое, што адбылося паміж намі суткі назад: наўрад ці мне сустракалася калі-небудзь такая жанчына, — падумаў я, — нават мая былая каханка Эрыка з яе неардынарнай прыгажосцю тут пасавала. Чорт бы ўзяў таго мастака разам з ягоным храмам. Сябра ён гэтай жанчыне, ці нехта большы? А нябожчык Платон?

Але мае думкі ў гэтым рызыкоўым напрамку былі неўзабаве спынены. У дзверы пагрукалі, і на парозе з’явіўся Васка Петкавіч. Ён быў не адзін. З-за яго спіны высоўвалася хударлявая юнацкая постаць. Я запрасіў абодвух зайсці. Юнаку на выгляд можна было даць гадоў дваццаць–дваццаць два. Урэшце, потым я даведаўся, што не памыліўся. Белы. Высокі, каля ста васьмідзесяці пяці па метрычнай сістэме, падстрыжаны пад машынку, з прыкметамі ранняга аб-лысення, што яго зусім не псавала. Звалі яго Андруш, а прозвішча — Бейнарт.

Васка Петкавіч прадставіў Андруша як свайго цяперашняга памочніка і вучня і спытаў у мяне, ці гатовы я ісці з імі. Я адказаў станоўча, хутка сабраўся, захапіўшы відэакамеру — менавіта яе зменшаны варыянт для ўтоеных здымкаў, і мы выйшлі.

Спёка ўжо набірала моц. Вецер быў слабы, але дзьмуў з боку звалак, якія там-сям гарэлі, і сму-родны дым адтуль часам непрыемна казытаў мае лёгкія.

Там-сям людзі ўжо выходзілі з засмечаных баракаў, некаторыя з іх мачыліся проста ля дзвярэй. Рытмічна грукалі барабаны. Наперадзе я заўважыў некалькі постацей на самаробных самакатах. Яны даволі хутка рухаліся па дарозе, спрытна адштурхоўваючыся адной нагой ад зямлі. Самакат уяўляў сабой два жалезныя ці пластыкавыя колцы, прымацаваныя да дошкі і высокі, пад рост чалавека, рулявы слупок.

“Мы маглі б, калі ўдасца, самі засняць тое, што адбываецца ў тым бараку, — парушыў маўчанне Васка Петкавіч, — але мы, з-за недахопу ведаў, не можам патлумачыць такія з’явы, да таго ж, нас тут часта бачаць, а вы свежы чалавек, так бы мовіць, чыноўнік, які інспектуе паселішча ў сувязі са смеццезабруджваннем. Вядома, гэта мана, але інакш мы не здолеем нічога зрабіць”.

“А як жа тады “жыць не па хлусні”?” — пакпіў я. Ён падумаў, уздыхнуў і прапанаваў: “Што ж, скажам ім праўду”.

“Але яны спалохаюцца агалоскі”.

“Тады вырашым на месцы”.

“Дарэчы, — сказаў я, — тут у вас, па чутках, будуецца храм. Да якой канфесіі належаць парафіяне, што будуць яго наведваць?” “Новых храмаў тут ніхто не будуе. У наваколлях яшчэ захавалася шмат напаўразбураных ста-ражытных, заснаваных паўсюдна ў гэтых месцах некалькі дзесяцігоддзяў таму. Усходняя імперыя імкнулася такім чынам пашыраць сваю прастору, але сама пад націскам мігрантаў пераўтварылася ў сімбіёз розных веравучэнняў — вы гэта ведаеце. Наш храм аднаўляецца на базе старога ангара, але ён наўрад ці будзе набліжаны да якой з канфесій. Ён будзе... Месцам для агучвання Ісціны — так мы бачым яго прызначэнне”.